Віртуальная рэчаіснасць VR-праекты, створаныя ў Германіі

Пагружэнне ў віртуальную рэчаіснасць
Пагружэнне ў віртуальную рэчаіснасць | Фота (фрагмент): © Adobe

Дзесяць нямецкіх панарамных і VR-праектаў, аб якіх Вам трэба ведаць.
 

Пагружэнне ў іншую, штучна створаную рэчаіснасць: у музеі альбо школе, у рэкламе альбо маркетынгу, у журналістыцы альбо псіхатэрапіі – паўсюль эксперыментуюць з гэтай тэхналогіяй і стала шукаюць новых магчымасцей яе выкарыстання. Узгаданыя дзесяць фірмаў, установаў і даследчыкаў пасоўваюць наперад развіццё віртуальнай рэчаіснасці (Virtual Reality, VR) у Германіі.

VR-Nerds

Камп’ютарная гульня і від спорту адначасова – гэта мара для сапраўдных фанатаў гульняў. У VR-гульні-стралялцы «Tower Tag» гамбургскай фірмы «VR-Nerds» гульцы змагаюцца адзін з адным у віртуальных сусветах, карыстаючыся лазернымі пісталетамі. Наваколле пры гэтым настолькі аптымальна дапасавана да рэальнай сцэны гульні, што гульцы нават могуць адчуваць рэчы, якія яны бачаць праз акуляры віртуальнай рэчаіснасці: напрыклад, калі яны хаваюцца за якой-небудзь калонай. «VR-Nerds» ладзіць у свеце змяшанай рэчаіснасці падзеі віртуальнага спорту - «Tower Tag Tournaments». Хаця VR-Nerds спецыялізуецца на вытворчасці VR-гульняў, яна таксама мае і падтрымлівае папулярны навіновы партал, прысвечаны тэмам віртуальнай рэчаіснасці і панарамным праектам.

gamelab.berlin

Як танцуецца ў віртуальным наваколлі? Разам з кампаніяй «gamelab.berlin» харэограф Айнан Катан-Шмід распрацавала VR-перформанс, у межах якога танцоры рухаюцца ў сваім уласным свеце. На папярэднім сімпозіуме па танцавальных рухах у віртуальнай рэчаіснасці яны да таго ж вывучалі тэхнікі валодання целам танцораў-прафесіяналаў. «gamelab.berlin» – гэта праект міжпрадметнай лабараторыі «Bild Wissen Gestaltung», эксцэленц-кластэра Універсітэта імя Гумбальта ў Берліне. Заснаваны ў 2013 г. театразнаўцам і філосафам Томасам Лільге, гэты праект займаецца ў першую чаргу віртуальнай рэчаіснасцю і геймінгам – у дыяпазоне ад трансмедыйнага расповяду гісторый і сур’ёзных гульняў да гейміфікацыі.

SEHSUCHT Berlin

Берлінскі гурт «Moderat» хацеў стварыць у сваім відэакліпе фантастычны, антыутапічны свет, таму рэжысёр і творчы дырэктар Мэйт Штайнфорт зняў у 2016 г. у Берліне разам са студыяй «Produktionsstudio Sehnsucht» забяспечваючую эфект пагружэння панарамную анімацыю пад назвай «Reminder». Замест звычайнага экшэна ўжывую відэа пабудавана на выкарыстанні эстэтыкі відэагульняў, якая праяўляецца ў віртуальнай рэчаіснасці надзвычай выразна. Студыя «Sehnsucht» таксама спецыялізуецца на вытворчасці камерцыйных панарамных ролікаў для аўтамабільнай індустрыі.

Vragments

Разам з фірмай «Fader» стартап з Берліну «Vragments» распрацаваў пры ўдзеле партнёраў «Нямецкая Хваля» і «Еўраньюз» угрунтаваны на браўзеры інструмент, з дапамогай якога журналісты вельмі проста могуць ствараць супольныя панарамныя праекты. Гэты крок мае важнае значэнне для журналістаў, якія ўпершыню змогуць ствараць такі від кантэнту без дапамогі вытворчых фірмаў. «Vragments» таксама стварае ўласныя дакументацыі і рэпартажы. Так, разам з радыё «Deutschlandradio Kultur» фірма стварыла віртуальную рэканструкцыю пакою для допытаў Штазі - тая наглядна знаёміць карыстальнікаў з метадамі допытаў, якія былі ва ўжытку ў ГДР.

WDR & ARTE

Грамадска-прававыя тэлерадыёкампаніі WDR і ARTE – гэта тыя, каму дзякуючы VR-журналістыцы выдатна ўдаецца пазнаёміць карыстальнікаў з чужымі альбо гістарычнымі наваколлямі. Так, тэлерадыёкампанія «Вестдойчэр Рундфунк» (WDR) прымусіла гаварыць аб сабе дзякуючы ўражваючым панарамным сусветам: панарамнай дакументацыі, прысвечанай канцэнтрацыйнаму лагеру Асвенцым, што была намінавана на прэмію «Grimme-Online-Award» і VR-дакументацыі аб тэрактах у Парыжы. Нямецка-французская тэлерадыёкампанія ARTE таксама дазваляе сваім карыстальнікам пагрузіцца ў віртуальныя сусветы, але прапануе зусім іншы досвед: яны могуць апусціцца ў глыбіні мораў разам з вадалазамі альбо пазнаёміцца ўжывую з VR-перформансам мастака Джонатана Мезэ і яго маці Брыгіты.

Юля Лэеб

Мюнхенская журналістка Юля Лэеб робіць рэпартажы з гарчых кропак: яна знімала дакументацыі ў Сірыі, Афганістане і Паўночнай Карэі. Лэеб адпраўляе карыстальнікаў з іх зоны камфорту наўпрост у цэнтр падзей: яе панарамны рэпартаж 2016 г. пераносіць іх у вір жыцця ў паўстанцкай вёсцы ў Конга.

INVR.SPACE GmbH

Берлінская фірма «INVR.SPACE» стварае інтэрактыўныя відэаролікі, розныя панарамныя і VR-матэрыялы: у дыяпазоне ад VR-рэпартажу з хэві-мэтал-фестывалю ў Вакэне і VR-інсталяцыі энтэртэйнера Фрыдрыха Ліхтэнштэйна да панарамнага мастацкага праекта «Eating Refugees» Цэнтра палітычнай прыгажосці. Як VR-журналісты кшталту Юлі Лэеб, так і рэдакцыі СМІ і вытворцы фільмаў ажыццяўляюць у супрацы з INVR.SPACE свае VR-праекты. За свае праекты, у якіх выкарыстоўваліся тэхналогіі панарамных здымак і дроны, вытворчая кампанія была ўзнагароджана Нямецкай прэміяй у галіне дызайну ў 2018 г.

Франк Штайніке

Калі Франк Штайніке на цэлыя суткі поўнасцю пагрузіўся ў віртуальны свет ў 2014 г., то гэта сталася сусветным рэкордам выпрабавання ўласных магчымасцей. Потым яму давялося змагацца з млоснасцю: ён пачуваўся дарэшты стомленым – як пасля доўгага падарожжа на самалёце. Так распавёў пра гэта выкладчык узаемадзеяння «чалавек-камп’ютар» ва Універсітэце ў Гамбургу газеце «Зюддойчэ цайтунг». Франк Штайніке – адзін з вядучых VR-навукоўцаў у Германіі. Ён даследуе ўспрыняццё чалавекам рэчаіснасці, якая перадаецца праз камп’ютар. Штайніке ўпэўнены, што праз дзесяць гадоў мяжа паміж фізічнай рэальнасцю і віртуальным светам знікне.

Эгберт ван Вінгаардэн

Без кантэнту, які яна перадае, тэхналогія – нішто. Выкладчык сцэнарыстыкі і творчага пісьма з Універсітэту «Мікрамедыя» ў Мюнхене і заснавальнік міждысціплінарнай сеткі «Transmedia Bayern» Эгберт ван Вінгаардэн разважае аб віртуальных наратывах. Ван Вінгаардэн вывучае магчымасці расповяду гісторый, забяспечваючых эфект пагружэння, і віртуальнай рэчаіснасці ды даследуе, як могуць ператварыцца ў адзінае цэлае гульні і кіно.

Цэнтр рашэнняў у сферы віртуальнай рэчаіснасці Інстытута Фраўнхофера

Калі гаворка заходзіць пра змадэляваныя сусветы, то нельга не ўзгадаць Цэнтр рашэнняў у сферы віртуальнай рэчаіснасці Інстытута Фраўнхофера: ён распрацоўвае метады візуалізацыі і тэхнікі «Rapid-Prototyping» – пераважна для вытворчых працэсаў у прамысловасці, а таксама для стварэння 3D-інструментаў – напрыклад у галіне машынабудавання. Пры гэтым ён працуе над рашэннем «адна будаўнічая скрыня», паводле якога станкі праектуюцца і вырабляюцца ў віртуальнай рэчаіснасці.