Салон коміксаў у Эрлангене Акно часу ў рэчаіснасць

Kazoom!
© Colourbox / Ania Velichkovsky

Салон коміксаў у Эрлангене прысвяціў сябе графічнаму рэпартажу. Раздзяляльная лінія ў гэтым жанры, які крысталізуецца, праходзіць паміж актыўнай журналістыкай і інвентарызацыяй, якая мае этнаграфічны характар. Варта было адкрыць для сябе працы Даратэі дэ Монфрайд, Паола Бацільеры і Джэфа Ляміра. І перадусім салон коміксаў навучае павазе да краслюнкаў, накідаў і першых чыставых малюнкаў.
 

Вялікія фестывалі коміксаў праходзяць у малых гарадах. Гэта тычыцца прынамсі фестываляў у Ангулеме, Луцы, Луцэрне і Эрлангене. Амаль усе гэтыя еўрапейскія гарады вылучаюцца тым, што ў іх ёсць старыя гарады і шмат гістарычнай забудовы.

«Фан» Паала Бацільеры © Avant-Verlag Тое, што малыя формы лепш за ўсё захоўваюцца ў невялікіх арэалах, падаецца зразумелым. Для сяброў малой формы гэта сцверджанне з’яўляецца слушным, бо сцэна малявальшчыкаў коміксаў жыве ў космасе, дзе, можа, не кожны ведае кожнага, але амаль кожны так шмат іншых, што палацавы сад у Эрлангене выглядае ў гэту нядзелю ў чэрвені так, нібыта яго занялі аб’яднанні выміраючых адмыслоўцаў. Ёсць таксама некалькі наведвальнікаў у касцюмах герояў коміксаў: яны не абавязкова належаць да гэтага свету і не адсталі ад часу так, як ветэраны дзявятага мастацтва: калекцыянеры, гандляры, мастакі, якія рухаюцца ў шлейках і цішотках з карцінкамі паміж клумбамі кветак. (Спробы пасяліць фестывалі коміксаў у метраполіях: у Берліне ў 2002 і 2003 гг., у Мюнхене з 2007 г., наадварот, ніколі не былі паспяховымі. Не хапае замкнёнай сістэмы, дыстанцыі, рэпрадукцыі малога свету ва ўмовах, калі ён можа разглядаць сябе сам.)

Тое, што фестывалі коміксаў шукаюць гістарычнага наваколля – цікава, паколькі паўстае анахранізм, у выніку якога выйграюць абодва бакі. Белыя кірмашовыя намёты перад палацавым садам, вельмі стракатыя банэры салонаў коміксаў перад палацам і гарадскім музеем, шматлікія плакаты і стойкі – гэта ў пэўным сэнсе найлепшае мастацтва ў публічнай прасторы. Бо праз кароткі час яны зноў знікаюць з гарадскога пейзажу. Бо яны ствараюць на працягу пары дзён сістэму станцый і ўказальнікаў, якія акружае аўра таемных ведаў. І наадварот, гістарычнае наваколле дадае коміксам штосьці, што не мае нічога агульнага з «глыбінёй» і «гісторыяй», але ўяўляе сабой аркуш, на якім яшчэ раз выразна праступаюць контуры дзявятага мастацтва. (Тое, што салон коміксаў знаходзіцца далёка ўнутры цэнтра горада, застаецца выключэннем. Кангрэсавы цэнтр, месца правядзення фестываля з 1984 па 2016 гг., закрыты на рамонт і адкрыецца толькі праз два гады.)

Салон коміксаў з’яўляецца гетэрагенным. І менш, чым бальшыня фестываляў, ён прывязаны да фікцыі тэматычнага акцэнту. Ёсць цэнтральная выстава, на гэты раз па тэме рэпартажаў ў выглядзе коміксаў, і ёсць іншыя: рэтраспектыўнага, манаграфічнага, ідэасінкразічнага накірункаў. Часам гаворка ідзе пра серыі, напрыклад, пра «Die Unheimlichen» («Вусцішныя») – пяць тамоў, выдадзеных Ізабель Крайц у выдавецтве «Карлзэн» – створаных ёй ды іншымі малявальшчыкамі коміксаў як адаптацыя гісторый пра духаў. Гэта не мае дачынення да апазіцыі «высокае – нізкае», бо гісторыі пра духаў ніколі не лічыліся высокім мастацтвам. А прыгожыя апрацоўкі твораў «Der Fremde» («Чужаніца» Эльфрыды Ялінэк і Ніколаса Малера), «Berenice» («Берэніцэ» Эдгара А. По і Лукаса Юлігера), «Das Wassergespenst von Harrowby Hall» («Вадзяны прывід Хароўбі Хола» Джона К. Бэнгса і Барбары Елін) ды інш. дазваляюць зразумець, што вусцішнае разглядаеца тут як тое, што павінна быць: праект для аматараў, якім важна стараннае выкананне.

«Світ тус» Джэфа Лемайра © Vertigo Асобныя адкрыцці: у Таварыстве мастакоў Эрлангена – вясёлыя і камунікабельныя чацвераногія, якіх намалявала Даратэя дэ Манфрайд – у першую чаргу для дзіцячых кніжак. (Кракадзіл крыўдзіцца, але тут нічога не зробіш.) У зале «А»: прывабныя коміксы, паштоўкі, друкаваныя вырабы і флаеры Ратаполя, чыя фаўна ў кожным выпадку знаходзіцца ў сваяцкіх адносінах да манфрайдавай. У пабочным памяшканні танцзалы – разнастайнасць канадскіх коміксаў, якая збівае з тропу (у Таронта таксама праводзіцца Фестываль коміксаў). А ў самой зале – вельмі цёмны вельмі багаты свет Джэфа Лемайра, які ў сваёй творчасці перакрочвае межы многіх жанраў. Ён стварыў вусцішны «Sweet Tooth» («Салодкі зуб», «Вертыго», з 2010 па 2013 г.) – папярэдняе рэзюмэ ягонай апрацоўкі «Канадыяны». У зале С: вельмі малады мастак, чые малюнкі і друкаваныя вырабы з’яўляюцца данінай павагі памерламу ў 2017 г. Джыра Танігучы. А на стэндзе выдавецтва «Авант-Ферлаг» – загадкавы, чаруючы комікс «Fun» («Асалода») Паола Бацільеры, які зусім нядаўна быў перакладзены на нямецкую мову.

Калі салон коміксаў скончыўся, адкрыцці разляцеліся ва ўсе бакі. Галоўная выстава «Zeich(n)en der Zeit: Comic-Reporter unterwegs» доўжыцца цэлае лета (з 27мая да 26 жніўня 2018 г.). Яе могуць наведваць як школьныя класы, якія выпраўляюцца на экскурсіі, так і ўдзельнікі праграм, якія праводзяцца падчас вакацый. У якасці прадстаўнікоў журналістыкі ў выглядзе коміксаў тут фігуруюць, як і паўсюль, Джоэ Сако ды Гай Дэлайзл. А яшчэ Алівер Куглер, Бо Сарэмскі, Патрык Хапатэ, Сара Глідэн, Вікторыя Ламашка, Улі Луст, міні-рэпартажы якога, прысвечаныя берлінскай штодзённасці, з’яўляюцца вокнамі часу ў рэчаіснасць, якая праз дзесяць год ужо будзе знікаць. (Фаварыт: мініятуры з гандлёвага цэнтру Гезундбрунэн у берлінскім Ведынгу: эскалатары і вітрыны, колавыя дзверы і спецыяльныя прапновы, а між імі стомленыя пакупнікі і парачка персанажаў, якія надоўга ўладкаваліся паміж кветкамі ў гаршчках і фудкортамі.)

Спадары Зако і Дэлайзл вядомыя больш. У выбары сваіх лакацый яны заарыентаваны інакш. Яны ўвогуле цікавяцца матэрыяльнасцю будняў. Аднак у гэтым выпадку ідзецца паводле добрай традыцыі вобразнай журналістыкі пра будні ў даволі далёкіх краінах (Дэлайзл) альбо месцах крызісаў (Зако) – ён малюе мапу і каментуе, праводзіць даследаванні на працягу доўгага часу і ілюструе, вытрымліваючы большую (Дэлайзл) альбо меншую (Зако) дыстанцыю. Калі б трэба было правесці раздзяляльную лінію ўнутры гэтай «рэпарцёрскай» выставы, то яна б праходзіла не паміж малявальшчыкамі і малявальшчыцамі альбо паміж чужым і вельмі блізкім месцам дзеяння. Тое, што паўстае ад «Палестыны» (Джоэ Зако, з 1993 г.) да «Ілакакі» (Бо Сарэмскі, 2013 г.), гэта – розніца паміж актыўнай журналістыкай, якая можа прымаць формы суперажывання і ўмяшальніцтва, і інвентарызацыяй, якая мае этнаграфічны характар і побач з матэрыяльным жыццём распавядае ў першую чаргу пра пазіцыю аўтара.

«Закладнік» Гая Дэлайзла © Reprodukt Назіранне: канадзец Дэлайзл пачаў займацца ім у 1990-х гадах, калі працаваў у анімацыйных студыях у Кітаі («Шэньжэнь») і Паўночнай Карэі («Пхеньян»). Коміксы, тэмай якіх з’яўляюцца гэтыя сцэнары, распавядаюць не пра будні ў пэўным месце, а хутчэй пра будні часовага наведвальніка, які цікавіца тым, чаго не ведае, і ахвотна малюе тое, што не разумее: перспектыву, якая працягваецца ў «Малюнках з Бірмы» і «Малюнках з Ерусаліма» – яна даўно стала візітнай карткай Дэлайзла. Інтраспектыўна-аўтабіяграфічныя творы таксама ёсць: напрыклад, вельмі прышпільны «Guide du mauvais père» («Кіраўніцтва для благога бацькі»), які з 2013 г. выходзіў свабоднымі серыямі ў выдавецтве «Даргауд». І кніга-выключэнне: «S'enfuir. Récit d'un otage» («Закладнік»), якая распавядае пра тое, як супрацоўнік «Лекараў без межаў» быў закладнікам у Чачні і правёў у палоне 111 дзён.

Не ведаць дакладна, што адбываецца. Ці ў чым палягае канфлікт. Ці як паводзіць сябе ў яго выпадку. У Дэлізла падобная пазіцыя – стандартная, таму ён мае добрую рэпутацыю ў акадэмічных колах і больш блізкі да твораў Глідэна, Куглера, Сарэмскага, чым Джоэ Зако, які ніяк не можа пазбавіцца славы абуранага карэспандэнта. Сара Глідэн, якая стала вядомай дзякуючы твору «Israel verstehen - In 60 Tagen oder weniger» («Зразумець Ізраіль: за 60 дзён альбо менш») – ён распавядае пра поўную канфліктаў стажыроўку: у 2016 г. яна суправаджала каманду журналістаў у іх падарожжы праз Турцыю, Сірыю і Ірак і стварыла на гэтым матэрыяле комікс «Im Schatten des Krieges» («У ценю вайны»). Аліўе Куглер малюе для «МСФ», «Зюддойчэ Цайтунг», «Гардыян» і «Нью-Йоркера»: падобна да Глідэн з пазіцыі пабочнага назіральніка, які ідзе за падарожнікамі, што находзяцца ў фокусе ўвагі. Твор Бо Сарэмскага «Ілакака» паўстаў як частка кросмедыйнага рэпартажа для «arte». Падобна да серыя Патрыка Хапатэ «The Last Phone Call», зробленай для сайта «Нью-Йорк Таймз», ён вобразна распавядае пра журналіста-мастака, не робячы пры гэтым многа шуму.

«Як я спрабаваў быць добрым чалавекам» Улі Луста © Suhrkamp Выстава распавядае пра тое, што рэпартажы ўжо даўно сталіся кросмедыйнымі (вэб-сайты, фільмы, коміксы, супрацоўніцтва з газетамі і телерадыёкампаніямі), і адначасова імкнецца адлюстраваць тое, што паказвае, не толькі як медыйны прадукт: яна дэманструе этапы яго стварэння. Павага да краслюнкаў, накідаў, першых чыставых малюнкаў належыць да аспектаў, якія амаль заўсёды робяць выставы коміксаў прывабнымі. Шмат увагі нададзена працоўнаму працэсу, некалькі сценак прысвечаны прамежкавым вынікам, якіх магло б быць больш. І ўсё-ткі «Zeich(n)en der Zeit» перадае тую працягласць, якая вызначае журналістыку коміксаў як супрацоўніцтва, праект, падарожжа, рамясло і той, які вызначае яе растучы поспех больш, чым пытанні збору матэрыялу альбо яго адлюстравання.

Узнагароды? У Эрлангене яны маюць меншае значэнне, чым у Ангулеме. Аднак комікс Улі Луста «Wie ich versuchte, ein guter Mensch zu sein» («Як я імкнуўся быць добрым чалавекам» – найлепшы нямецкамоўны комікс) не менш цікавы, чым яго дэбютны твор, прысвечаны поўнаму непрыемнасцяў падарожжу па Ііталіі. «Esthers Tagebücher» («Дзённікі Эстэр» – найлепшы міжнарожны комікс), які працягвае выходзіць да 18-годдзя з дня нараджэння галоўнай гераіні – гэта прыгожы экмперымент доўгатэрміновага назірання. А Райнхард Кляйст, які ўжо атрымаў у Эрлангене некалькі ўзнагарод, з вечара пятніцы з’яўляецца найлепшым нямецкім стваральнікам коміксаў. Той, хто прачытаў дзве яго кнігі пра Ніка Кэйва, пэўна пойдзе на канцэрт у Берліне, які адбудзецца 14 ліпеня.

 

Гэты тэкст упершыню быў апублікаваны 7 чэрвеня 2018 года ў блогу «Der Perlentaucher».