Даркнэт Пяць прыкладаў таго, што дрэнная слава несправядлівая

Даркнэт – гэта абароненыя вобласці інтэрнэта. Карыстальнікі самі вырашаюць, для чаго іх выкарыстоўваць.
Даркнэт – гэта абароненыя вобласці інтэрнэта. Карыстальнікі самі вырашаюць, для чаго іх выкарыстоўваць. | Фота (фрагмент): © Adobe

Даркнэт лічыцца дрэнным братам інтэрнэта, месцам абароту зброі і наркотыкаў, раем для педафілаў і тэрарыстаў. На самой справе гэта не такое ўжо і змрочнае месца.
 

Паняцце «даркнет» выклікае ва ўсіх асацыяцыі з цёмнымі справамі. Перадусім таму, што такія нелегальныя платформы даркнета, як «Silk Road» альбо «AlphaBay», на якіх прадаваліся наркотыкі, зброя альбо чалавечыя органы, прыцягвалі да сябе вялікую ўвагу СМІ. Хутка гэта частка сеціва ператварылася ў месца з дрэннай рэпутацыяй – палітыкі нават казалі пра «востраў беззаконня». І гэта доказ таго, што многія людзі не ведаюць, пра што, уласна кажучы, ідзе гаворка.

Даркнэт: цёмная частка інтэрнэту?

Паняцце «даркнэт» азначае камунікацыю ў інтэрнэце, якая ажыццяўляецца ананімізавана і, напрыклад, забяспечваецца браўзэрам «Тор». Даркнэт выкарыстоўвае тэхналогіі кадзіравання, каб ствараць сувязі паміж двума карыстальнікамі не адвольна, але мануальна і мэтаскіравана. Карыстальнік уступае ў кантакт з іншай асобай праз свой камп’ютар альбо мабільнае прыстасаванне, пры гэтым абодва IP-адрасы злучаюцца міжсобку напрамую. Такім чынам вы можаце дачыняцца між сабой альбо абменьвацца дадзенымі – іншыя не змогуць прачытаць гэта. Асаблівасць: асабістую сетку сувязей можна пашырыць, дадаўшы новыя кантакты. Кожнае з гэтых прыватных сеціваў застаецца аддзеленым ад класічнага інтэрнэта; карыстальнікі знаходзяцца сам насам з сабой. У сеціве існуе шмат малых і вялікіх даркнэтаў.
 
Магчымасці абароненай камунікацыі ў часы сачэння, аб’ём якога стала павялічваецца, прынцыпова важныя для многіх людзей. Вось толькі некалькі прыкладаў эфектыўнага выкарыстання закрытых сетак і тэхналогіі «Тор»:

Выкрывальніцтва

Калі гаворка заходзіць пра выкрыццё цёмных спраў дзяржаў, то адразу прыгадваюцца імёны Эдварда Сноўдэна і Чэлсі Манінга. Былы супрацоўнік ЦРУ Сноўдэн выкрыў бязмежнае сачэнне, якое ажыццяўляла амерыканская спецслужба NSA (Агенцтва нацыянальнай бяспекі). Былы амерыканскі вайсковец Брэдлі Манінг – пасля аперацыі па змене полу вядомы як Чэлсі Манінг – перадаў на апублікаванне платформе «Вікілікс» агулам паўмільёна дакументаў арміі ЗША, якія датычыліся Ірака і Афганістана. Нягледзячы на тое, што ні Сноўдэн, ні Манінг не карысталіся тэхнічнымі магчымасцямі даркнэту, ім удалося натхніць на выкрыццё злоўжыванняў праўдашукальнікаў па ўсім свеце. Гэта рабіць лепш з дапамогай метадаў, якія дазваляюць зацерці ўласныя сляды. Такая праграма як «Тор» можа дапамагчы ў гэтым, таму яе выкарыстоўваюць праўдашукальнікі ўсяго свету.

Ананімныя паштовыя скрыні рэдакцый

Перадачы навін і газеты атрымліваюць пэўныя звесткі ад інфарматараў, якія не хочуць раскрываць сваю асобу, і якіх яны мусяць пэўным чынам бараніць. Таму амаль кожная вялікая рэдакцыя прапануе магчымасці канфідэнцыйнай дасылкі матэрыялаў альбо ананімнага звароту да рэдактараў. Такія СМІ, як брытанская «Гардыян», «Нью Йорк Таймс» і нямецкая «Дзі Тагесцайтунг» стварылі паштовыя скрыні з пашырэннем «Тора» «.onion» – праз якія карыстальнікі могуць заладаваць дакументы, не прадастаўляючы свой IP-адрас. Буйныя НДА, напрыклад, «Грынпіс» таксама карыстаюцца гэтай тэхналогіяй.

systemli.org/Riseup.net

Многія групы актывістаў па ўсім свеце хочуць, каб іх камунікацыя міжсобку была абароненай. Так, рэгіянальныя групы «Chaos Computer Club» карыстаюцца старонкамі з пашырэннем «.onion» для нутраной камунікацыі. «systemli.org» з’яўляецца «некамерцыйным правайдэрам камунікацыі, пры якой дадзеныя абароненыя». Нямецкая кампанія прапануе паштовыя і воблачныя сервісы, а таксама хостынг для грамадзянаў і арганізацый – між іншым, праз адрасы з «onion». Такім чынам «systemli» прапануе абарону актывістам. Яе амерыканскі аналаг «Riseup.net» прапануе падобны сервіс.

FireChat

Існуючы з 2014 года месэнджэр кампаніі «Open Garden» «FireChat» стаў зоркай «ананімнага асяродку» ўжо нават у год свайго заснавання. Падчас парасонавай рэвалюцыі ў Ганконгу кітайскі ўрад адключыў сетку мабільнай сувязі ў многіх раёнах горада, каб заблакаваць камунікацыю паміж актывістамі. Пры такім сцэнары ў гульню ўступае «FireChat»: кожны смартфон, на якім ён усталяваны; хутка ператвараецца ў камунікацыйны вузел дэцэнтралізаванай сеткі. Тысячы дэманстрантаў у Ганконгу змаглі такім чынам падтрымліваць кантакт міжсобку і каардынаваць свае дзеянні.

Facebookcorewwwi.onion

Фэйсбук даступны па ўсім свеце? Не зусім так, бо ў некаторых яго частках доступу да старонкі альбо няма, альбо ён ёсць толькі ў цэнзураванай форме. Каб можна было абысці цэнзуру і блакіроўкі, Фейсбук прапануе з 2014 году адмысловую «Тор»-старонку.
 

«Deep Web»

«Deep Web» – гэта паняцце, якое часта асацыюецца з даркнэтам і памылкова ўжываецца як яго сінонім. Яно азначае частку інтэрнэта, якая не можа быць ахоплена звычайнымі пашукавікамі, бо тыя з тэхнічных прычынаў не ў стане дастаткова глыбока праіндэксаваць вэб-сайты. Пабочны фенамен? Ні ў якім разе, бо аб’ём дадзеных «Deep Web» быў паводле аднаго даследавання 2001 года ў 400-500 разоў большы за той, які, як мяркуецца, мае класічная частка інтэрнэта («Surface Web»). Вялікая частка інтэрнэта проста скрытая ад карыстальнікаў – нават улады маюць цяжкасці з кантролем гэтай сферы. Тое, чаго не ведаюць многія: у штодзённым жыцці мы рэгулярна карыстаемся «Deep Web». Той, хто напрыклад, карыстаецца анлайн-каталогамі бібліятэк, рухаецца ў «Deep Web». Робаты пошукавікоў не могуць ахапіць кніжныя фонды, яны даступны толькі чытачам бібліятэк, якія заходзяць у сістэму, уводзячы свае ўласныя дадзеныя – і тым самым уваходзяць у «Deep Web».

  

Як зайсці ў даркнет: праграмнае забеспячэнне «Тор»

«Тор» – першапачаткова акронім ад «The Onion Router» - найвядомейшае праграмнае забеспячэнне для ананімізацыі дадзеных у інтэрнэце. Першапачаткова «Тор» не выкарыстоўваўся для абароны журналістаў, праўдашукальнікаў альбо сістэмных крытыкаў, ён павінен быў абараніць амерыканскіх агентаў і армію ад спробаў праслухоўвання. Праект, распачаты Кембрыджскім універсітэтам у 2000 г., спачатку падтрымлівалі ўзброеныя сілы ЗША. У канцы 2006 года тады яшчэ новую тэхналогію пераняла некамерцыйная арганізацыя. Сёння «Тор» і падобнае да яго праграмнае забеспячэнне выкарыстоўваюць актывісты ва ўсіх краінах, каб змагацца і выкрываць абуральны стан рэчаў. Аднак у такіх краінах, як Кітай, дзе карыстанне інтэрнэтам строга рэгламентавана, улады ўжо распрацавалі метады, каб кантраляваць «Тор».