Хуткі ўваход:
Перайсці наўпрост да кантэнту (Alt 1)Перайсці наўпрост да другога ўзроўню навігацыі (Alt 3)Перайсці наўпрост да першага ўзроўню навігацыі (Alt 2)

Баўхаус-хайп у год юбілею
«Баўхаус трэба зразумець, а не захапляцца ім некрытычна»

Наведвальніца Музею Баўхауса ў Тэль-Авіве, Ізраіль.
Наведвальніца Музею Баўхауса ў Тэль-Авіве, Ізраіль. | Фота (фрагмент): © picture-alliance/dpa/Sara Lemel

Эксперт у галіне архітэктуры з Франкфурту-на-Майне Арнэ Вінкельман выступае за інтэнсіўнае вывучэнне зместу мастацкага кірунку Баўхаус. Інтэрв’ю.
 

Von Ромі Кёніг

Спадар Вікельман, Вы – архітэктар паводле адукацыі, даследуеце Баўхаус, праводзіце семінары і чытаеце лекцыі, прысвечаныя гэтаму мастацкаму накірунку часоў Ваймарскай Рэспублікі. Ці патрэбныя Германіі ўсе гэтыя святкаванні ў год юбілею, каб нагадаць аб Баўхаусе?
 

Вядома, Германіі не трэба нагадваць: заўсёды існавала шмат прапаноў, праводзіліся шматлікія даследаванні, бібліятэкі маюць шмат матэрыялаў. Баўхаус сёння амаль нікому не трэба тлумацыць, гэта дадзенасць. І ўсё ж на сваіх семінарах я бачу па сваіх вучнях, што зноў патрэбна папулярызацыя. Верагодна, яны ведаюць лямпу Вагенфельда і будынак Баўхаусу, некаторыя нават фатэль «Wassily-Chair». Але яны лічаць стыль пазбаўленым упрыгожанняў, нудным і «непрыгожым». Гэткім я тлумачу, што Баўхаус актуальны і сёння – нават калі яму і споўнілася сто гадоў.


Гісторык архітэктуры Арнэ Вінкельман. Гісторык архітэктуры Арнэ Вінкельман. | Фота: © Arne Winkelmann З дапамогай якіх аргументаў Вы тлумачыце гэта моладзі?
 

Часта на прыкладзе мэблі для сядзення. Калі я распрацоўваю крэсла, то мне трэба падумаць аб тым, якім патрабаванням яно павінна адпавядаць: якой павінна быць вышыня паверхні для сядзення, якога памеру яно павінна быць, і які вугал нахілу павінна мець спінка? Тры параметры, якія ахопліваюць асноўную функцыю крэсла. Гаворка пра выгляд і матэрыял ідзе пазней. Дзейнічаць такім чынам адпавядае дзейснай, нават сучаснай стратэгіі дызайну: заўсёды трэба крытычна падыходзіць да пастаноўкі задачы, пакуль не прыйдзеш да яе зыходнага пункту, замест таго, каб пачынаць з фармальнай ідэі мадэлявання.

Вы таксама выкладаеце тэму Баўхауса выкладчыкам мастацтва. Яны таксама могуць даведацца штосьці новае?
 

Вядома, і самае цікавае – гэта тое, што многае ў мастацкай педагогіцы грунтуецца на Баўхаусе. Элементарны разгляд фарбаў і формаў, кола колераў Ёханэса Ітэна, даследаванні матэрыялу, мастацкая тэхніка націрання, якую часта ўзгадваюць на занятках мастацтва – усё гэта было распрацавана Баўхаусам. Многія мастакі гэтага не ўсведамляюць.
 
Нягледзячы на Вашае захапленне гэтым стылем мастацтва, можна сцвердзіць, што некаторыя рэчы яму не ўдаліся. Варта толькі ўзгадаць архітэктуру шасцідзясятых і сямідзясятых гадоў.
 

Вы гаворыце пра пабудову сацыяльнага жытла ў гэтыя дзесяцігоддзі – пра тое, што не ёсць архітэктурай: вялікія паселішчы, высотныя жылыя дамы. На самой справе гэта было лагічнае далейшае развіццё сацыяльнага будавання жытла 1920-х гг.: імкнуліся стварыць святло, паветра і сонца для людзей, ландшафт горада, які б адпавядаў сацыяльным, функцыянальным і гігіенічным патрабаванням. Гэта былі добра задуманыя прынцыпы.
 
Якія, аднак, не былі паспяховымі.
 

Перабольшылі з скасаваннем гарадскіх сувязей – і гэта было памылкай. У такіх праектах, як горад Гропіуса ў Берліне альбо Новы Вар у Брэмене месца для пражывання і працоўнай дзейнасці былі аддзелены адно ад аднога. Жылыя раёны і суседзкія сувязі, якія паўставалі цягам стагоддзяў, былі, так бы мовіць, скасаваныя за ноч. Дзеля справядлівасці трэба зацеміць, што за гэта трэба папракнуць не баўхаўсаўцаў, але іх паслядоўнікаў.
 
Але яны ў значнай ступені падарвалі давер да Баўхаусу.
 

Не да Баўхауса, а да архітэктуры мадэрну. Гэтыя вялікія паселішчы стала псавалі імідж архітэктуры. На працягу дзесяцігоддзяў высотныя жылыя дамы былі амаль табу ў будаванні гарадоў, бо адразу ж асацыіраваліся з сацыяльнымі праблемамі. Сёння гэта паціху змяняецца.


Крэсла «Wassily-Chair»  ў фае Баўхауса ў Дэсау. Крэсла «Wassily-Chair» ў фае Баўхауса ў Дэсау. | Фота: © picture alliance/Bildarchiv Monheim Што можна залічыць да найвялікшых дасягненняў Баўхауса?
 

Тры асноўных пункты: ён стварыў новую прадметную мову формаў, якая ідзе за функцыянальнымі пунктамі гледжання. Акрамя таго, Баўхаус вызначыў новую педагогіку: падчас падрыхтоўчых курсаў студэнтаў прыводзілі да нуля, яны былі павінны забыцца на ўсё тое, што раней бачылі і вывучалі з мастацтва і стыля. Гэта прапедэўтычная фаза і рамесніцкая адукацыя былі вялікай моцай Баўхауса. Акрамя таго, навучанне было адкрытае для жанчын, людзей розных веравызнанняў і нацыянальнасцяў. Так Баўхаўс стаў плавільным катлом для творчых галоў з усёй Еўропы, усяго свету. Гэта тыя пункты, якія, спадзяюся, не згубяцца на фоне хайпа юбілейнага года.

Цяперашні хайп мусіць быць для Вас, прыхільніка Баўхауса, нагодай для радасці.
 

Я скептычна гляджу на яго. Сёння яму надаецца столькі ўвагі, спадзяюся, што ўвыніку гэта не прывядзе да перасычэння. Першыя семінары і выставы ўжо адбываюцца. Як можна зрабіць яшчэ больш у 2019 годзе, годзе Баўхауса? Думаю, людзі будуць гаварыць: «Баўхаус? Не магу больш чуць пра яго!»
 
Тады дазвольце задаць пытанне Вам як куратару, якім Вы з’яўляецеся, нават калі і ў іншай сферы. Уявім сабе, што Вы можаце курыраваць альбо змяняць праграму юбілейнага года: што б Вы прапанавалі? На што Вам хацелася б скіраваць погляд публікі?
 

Для мяне было б важна, каб людзі разумелі Баўхаус у змястоўным плане, яго падыходы і рашэнні, а не захапляліся ім некрытычна, як класічным канонам. Мне былі б цікавыя пабуджальныя прычыны: чаму людзі ішлі ў Баўхаус? Адкуль і чаму маладыя людзі прыходзілі ў Баўхаус, як яны неслі гэтыя ідэі далей, пасля сканчэння навучання?

Так бы мовіць, зрабіць апісанне дыяспары Баўхауса?
 

Гэта было б для мяне цікавым, так. Сусветная гісторыя ўздзеяння Баўхауса: пра Тэль-Авіў, «белы горад», ужо штосьці ёсць, але добра было б, каб людзі даведаліся болей таксама і пра Баўхаус у Японіі альбо Кітаі, ЗША, Турцыі. Таксама і агляд такіх непасрэдных яго спадкаемцаў, як Новы Баўхаус у Чыкага альбо Вышэйшая школа мастацкага мадэлявання ў Ульме быў бы цікавым.

Карціна «Гельмерода ІХ» майстара Баўхауса Лайанэла Файнінгера. На ёй выяўлена царква ў Гельмеродзе, вёсцы ў Ваймарскай зямлі. Карціна «Гельмерода ІХ» майстара Баўхауса Лайанэла Файнінгера. На ёй выяўлена царква ў Гельмеродзе, вёсцы ў Ваймарскай зямлі. | Фота: © picture alliance/artcolor Ваш прагноз: ці ўбачым мы калі-небудзь зноў у мастацтве альбо архітэктуры плыню маштабу Баўхаусу?
 

Архітэктура, мастацкае мадэляванне, мастацтва і дызайн, а таксама спосабы навучання ў ВНУ вельмі свабодныя і недагматычныя, таму іх не трэба вызваляць рэвалюцыйным чынам ад акадэмізма. Уласна кажучы, я не магу ўявіць падобную рэфарматарскую школу без такой карэннай змены палітычнай эпохі, якой быў пераход ад Кайзераўскай Германіі да дэмакратычнай рэспублікі ў 1919 годзе.

 

Арнэ Вікельман, гісторык архітэктуры з Франкфурту-на- Майне. Архітэктар-доктар навук навучаўся ва Універсітэце Баўхаўса ў Ваймары і ў Кракаве; сёння ён курыруе выставы і піша на тэмы архітэктуры, фатаграфіі і мастацтва.