Тэрэзія Мора Пазбегнуць адчужанасці

Аўтарка і перакладчыца Тэрэзія Мора атрымае ў 2018 г. Прэмію імя Георга Бюхнера.
Аўтарка і перакладчыца Тэрэзія Мора атрымае ў 2018 г. Прэмію імя Георга Бюхнера. | Фота (фрагмент): © picture alliance / Gregor Fischer / dpa

Яна пакінула цукровапудравыя вятры венгерскай правінцыі і стала знакамітай пісьменніцай у Берліне: Тэрэзія Мора піша пра тых, ад каго адмежаваліся, хто шукае і кахае. І вось яе ўзнагародзілі Прэміяй імя Георга Бюхнера.
 

Для некаторых людзей іх радзіма – не радзіма. Яны накіроўваюцца ў падарожжа, шукаючы месца, дзе яны могуць спыніцца і пазбегнуць адчужанасці. Яны ўцякаюць ад таго, што немагчыма трываць. Тэрэзія Мора разбіраецца ў такіх уцёках.
 
Мора, якая нарадзілася ў Венгрыі, з’яўляецца адной з найбольш значных аўтарак у нямецкай літаратуры сучаснасці. Яна піша бязлітасна, спешна, не губляючы пры гэтым спачування. Нямецкая акадэмія мовы і літаратуры разглядае творчасць Моры паміж «выбітнай сучаснасцю і жывым мастацтвам абыходжання з мовай», увосень яна ўзнагароджвае пісьменніцу Прэміяй імя Георга Бюхнера – паводле свайго памеру (50.000 еўра) яна з’яўляецца найбольш датаванай літаратурнай узнагародай у Германіі.
 
Цяпер, у 2018 годзе, Тэрэзіі Моры 47 гадоў, яна замужам, мае дачку. Яе шлях пачаўся ў Шопране – шасцідзесяцітысячным горадзе ў адным з рэгіёнаў Венгрыі пад назвай Заходняя Трансданубія. Шопран знаходзіцца на паўночным захадзе Венгрыі, яго акружае Аўстрыя, адлегласць да Будапешта ў тры разы большая за адлегласць да Вены. Аднак паміж Аўстрыяй і радзімай Моры прайшла Жалезная Заслона.
 
Сям’я Моры – частка нямецкамоўнай меншасці. Яна расце двухмоўнай і яшчэ будучы дзіцём вырашае не заставацца ў гэтай вёсцы ні на дзень больш, чым гэтага патрабуе закон. Калі ў 1990 годзе Еўропа раптам становіцца інакшай, Мора пераязджае ў Берлін і там, будучы венгеркай па паходжанні, таксама застаецца часткай меншасці. Яна вывучае венгерскую мову і культуру ды тэатразнаўства, наведвае Нямецкую акадэмію кіно і тэлебачання. Перакладае з венгерскай. І пачынае пісаць.

«Цукровапудравыя вятры і дарожная смала, якая плавіцца»

Праз дзевяць гадоў яна апублікавала сваю першую кнігу: збор апавяданняў «Дзіўная матэрыя» («Seltsame Materie»). Адно з апавяданняў, якое ўваходзіць у яго – «Выпадак з Афеліяй» («Der Fall Ophelia») – узнагароджваюць Прэміяй імя Інгеборг Бахман: Мора стала прафесійнай літаратаркай. У апавяданні, адзначаным прэміяй, яна апісвае дзяцінства, якое прайшло на Усходзе: «Цягам дзесяці месяцаў працяглыя дажджы, вецер і пах патакі, сажа з фабрык, якая асядае на бялізну. Рэшта – белае лета, цукровапудравыя вятры і дарожная смала, якая плавіцца». Яна таксама распавядае пра цяжкасці, выкліканыя прыналежнасцю да іншамоўнай групы: «Настаўніца толькі што патлумачыла: тыя, хто размаўляе так, як у маёй сям’і – фашысты». Гэты стан «нейдзе спаміж», што падаваўся малой дзяўчынцы грузам, які цяжка несці, сфармаваў Мору і даў ёй яе мову. Аднойчы яна сказала, што Усходняя Еўропа ўвайшла ў яе інстынкты.
 
Вобразы з дзяцінства ў венгерскай правінцыі праходзяць скрозь яе творчасць нібыта блуканне ды хаджэнне па загадкавым горадзе, якім Мора прысвяціла свой першы раман. У 2004 годзе выходзіць у свет «Усе дні» (Alle Tage) – гісторыя пра Абеля Нэма, які ўцякае з усходу Еўропы ў адзін з вялікіх гарадоў Германіі. Ад яго зыходзіць пах інакшасці – так лічыць яго нявеста. І гэта інакшасць перашкаджае герою сапраўды дабрацца да мэты: як у адносінах, так яшчэ ў меншай ступені ў горадзе, краіне і грамадстве. А Моры, наадварот, спадарожнічае літаратурны поспех: дэбютны раман прыносіць аўтарцы Прэмію Лейпцыгскага кніжнага кірмашу. 
 
У 2009 годзе выходзіць яе наступная кніга: у «Адзіным чалавеку на кантыненце» чытачы знаёмяцца з Дарыюсам Копам. Герой, які мала падобны на героя, вырас у ГДР, з’яўляецца прадстаўніком амерыканскай IT-кампаніі, мае лішнюю вагу, жанаты і, як любы іншы, шукае шчасця. Мора разглядае ў гэтым рамане самазакаханасць ды няўпэўненасць мужчыны ў сярэднім узросце, а пачуцці чытачоў змяняюцца ў дыяпазоне ад сораму да спачування – і перад імі знаходзіцца Дарыюс Коп, які заўсёды пацее.

Кніжная прэмія за «віртуозны некралог»

У «Пачвары» («Das Ungeheuer»), трэцім рамане Моры, ён сустракаецца зноў. За прамінулы час жонка Копа здзейсніла самагубства, ён сам згубіў працу і выправіўся ў адысею праз Усходнюю і Паўднёва-Усходнюю Еўропу. Старонкі кнігі падзяляе чорная лінія – у верхняй частцы знаходзіцца апісанне вар’яцкай паездкі Дарыюса Копа праз жыццё, у ніжняй – нататкі яго памерлай жонкі, якая змушана была змагацца з пачварай на імя дэпрэсія. З дапамогай гэтай хітрасці – яна называе яе «перашкаджаючым манёўрам» – Мора вобразна аддзяляе падземны свет ад зямнога існавання. Можна назваць гэта штучнай з’явай, але крытыкам адразу спадабалася другая частка запланаванай трылогіі, у 2013 годзе яны ўзнагародзілі Мору за гэты «стылістычна віртуозны некралог» – так яго называе журы – Нямецкай кніжнай прэміяй.
 
Героі Моры зазнаюць няўдачы зноў і зноў. Яны знаходзяцца ў адзіноце і адмяжоўваюцца ад іншых падчас спробаў пазбавіцца ад інакшасці. Выкарыстоўваючы бліскучыя вобразы і рафінаваную мову, Мора суправаджае адчайнае імкненне сваіх герояў інтэгравацца. У яе апошняй кнізе, зборніку апавяданняў «Каханне паміж прышэльцамі», гэтая барацьба працягваецца. Мора заявіла аб ёй ужо ў сваім першым рамане, напісаўшы праграмны тэзіс «Паніка – гэта не стан чалавека, паніка – гэта стан гэтага свету». І жаданнне пазбегнуць гэтага стану з’яўляецца ўніверсальным.