Дыгітальныя фарматы чытання як ніколі папулярныя таксама і сярод самых маленькіх чытачоў. Аднак пераход да вытворчасці мабільных дадаткаў, гульняў альбо VR-фарматаў з’яўляецца вялікім фінансавым выклікам асабліва для малых выдавецтваў.
Пэпі Даўгая Панчоха, Петэрсан і Фіндус, тыгр і мядзведзік, малы белы мядзьведзік, Рапунцэль, Папялушка – спіс казачных герояў, персанажаў дзіцячых кніжак і коміксаў, якіх можна сустрэць не толькі ў кніжках, фільмах ды радыёпастаноўках, але і ў прадуктах дыгітальных фарматаў, можна лёгка падоўжыць. Навучальныя праграмы, гульні для камп’ютараў альбо гульнявыя прыстаўкі, мабільныя дадаткі для смартфонаў ды планшэтаў а таксама кросмедыйныя прадукты, якія паядноўваюць аналагавыя і дыгітальныя фарматы ужо даўно належаць да сталага рэпертуару медыйнага аб’яднання «Кнігі для дзяцей і моладзі». Выдавецтвы і медыя-кампаніі імкнуцца тым самым адрэагаваць на магчымасці і выклікі дыгіталізацыі.
З маленькімі тыграм і мядзведзікам вакол свету: дык дзе ўрэшце знаходзіцца Панама? | Фота (фрагмент): © Mixtvision
Навучанне ў форме гульні
Такія выдавецтвы, як «Бельц & Гельберг», «Карлзен», «Капенрат», «Кнэзэбек», «мікствіжн», «Ёцінгер», «Равэнсбургер» альбо «Туліпан» хочуць прапанаваць сваім чытачам і пакупнікам больш, чым толькі стаўшыя сёння ўжо абавязковымі электронныя версіі сваіх кніжак. Гульні для прыставак, камп’ютараў альбо ў выглядзе мабільных дадаткаў выкарыстоўваюць ўлюбёных персанажаў дзіцячых кніжак і іх гісторыі ў якасці зыходнага пункту для захапляльных і мудрагелістых прыгодаў: герой ілюстраванай кнігі Свена Нурдквіста педант Петэрсан апякуецца мудрагелістымі загадкамі са сферы логікі, вусень Німерсат Эрыка Карла, каўбой Клаўс Эвы Мушынскіс ды Карстэна Тайха, Косма і Клакс Аляксандры Хельмінгс і Ціма Бекера становяцца героямі ў міні-гульнях, якія, напрыклад, збіраюць пэўныя прадметы. Гэта спрыяе навучанню ў форме гульні, бо развівае ўяўленне, маторныя здольнасці ды ўменне канцэнтравацца.
Сучасныя варыянты казак: Папялушка існуе сёння таксама і ў гульнявым дыгітальным варыянце. | Фота: © Marlene Zöhrer
Улюбёнцы з ілюстраваных і дзіцячых кніжак часта знаходзяць сваё месца ў навучальных гульнях, якія маюць на мэце навучыць лічыць і чытаць альбо даць першыя веды замежных моў. Сярод іх, напрыклад, леў, прынцэса Ліліфея, Ольхісы і Коні Марціна Бальчайса. Напрыклад, існуюць адаптаваныя версіі казак братоў Грым ды іншых аўтараў, кніг «Вялікая фабрыка слоў», «Эма», «О, якая прыгожая Панама!» альбо «Пэпі-Доўгая Панчоха», якія імкнуцца прывесці расказаную ў кнізе ў словах і карцінках гісторыю ў форму, адэкватную новаму медыя-сродку. Гэтыя мабільныя дадаткі часта адыходзяць на некалькі крокаў ад аўтэнтычнага тэксту ды паядноўваюць гульнявыя элементы, міні-гульні альбо інтэракцыю.
А яшчэ для дзяцей і моладзі існуюць інтэрактыўныя гісторыі, якія выдаюцца толькі ў дыгітальным фармаце, а таксама кросмедыйныя прадукты, якія аб’ядноўваюць кнігі і мабільныя дадаткі. Выдавецтва «Карзэн ферлаг» – на сённяшні дзень у супрацоўніцве з «Карзэн Клевэр» – выкарыстала ў сваёй серыі «ЛеЙо» дапоўненую і віртуальную рэчаіснасць у ілюстраваных і навукова-папулярных кнігах. У гэтым выпадку мабільны дадатак узбагачае друкаваную кнігу дадатковым кантэнтам, які прадастаўляецца праз смартфон альбо планшэт. Гісторыі для мабільных дадаткаў, якія выходзяць у выдавецтве «Кнэзэбек», а таксама аб’яднаныя пад маркай «SuperBuch» ілюстраваныя выданні розных выдавецтваў грунтуюцца на гэтай ідэі. Іначай выглядае ў выпадку з кнігай «Што тут здарылася?» Юлі Нойхаўс і Ціля Пензэка (выдавецтва «Туліпан ферлаг»). Тут побач з дванаццаццю загадкава-забаўна выглядаючымі карцінкамі ілюстраванай кнігі надрукаваны QR-код, які вядзе тых, хто яе разглядае, да анімацыйных фільмаў. Яны распавядаюць пра тое, што папярэднічала выяўленай на карцінцы сітуацыі. Такім чынам камбінацыя з рэальнага і дыгітальнага мае яўна выражаны забаўляльны характар.
Калі мабільны дадатак замяняе друкаваную кнігу: выкарыстанне дапоўненай рэчаіснасці ў прадуктах выдавецтва «Кнэзэбек ферлаг». | Фота (фрагмент): © Marlene Zöhrer
Якасныя мабільныя дадаткі маюць свой кошт
Нават калі прапанова прадуктаў у першую чаргу для маленькіх дзяцей і вучняў пачатковай школы і з’яўляецца вялікай і разнастайнай, не ўсе выдавецтвы літаратуры для дзяцей і моладзі ўдзельнічаюць у дыгітальным карагодзе. Некаторыя з пераканання, іншыя з той простай прычыны, што дыгітальныя прадукты – рэч вельмі дарагая. Менавіта невялікім і мініяцюрным выдавецтвам не хапае фінансаў, каб, напрыклад, распрацаваць мабільны дадатак да якой-небудзь сваёй ілюстраванай кнігі. І нават калі нехта робіць сціслую калькуляцыю – калі мае жаданне прапанаваць на рынку функцыянуючы высокаэстэтычны і добра канцэптаваны прадукт – то хутка атрымлівае пяцізначныя сумы, якія неабходна выдаткаваць. Гэта высокая фінансавая рызыка, калі ўлічыць, што гатовы прадукт не павінен каштаваць у «App-Store» больш чым 3,49 еўра. Трэба, каб мабільны дадатак які, напрыклад, каштуе 50.000 еўра (сюды ўваходзяць каля дваццаці працоўных пакетаў – пачынаючы ад распрацоўкі ідэі праекта, сюжэтнай лініі, анімацыі, запісаў гуку і мовы і сканчаючы дызайнам гульні, уласна праграмаваннем, а таксама тэставаннем і размяшчэннем у адпаведных крамах) спампавалі па цане 1,99 еўра як мінімум 25.126 разоў, перш чым вытворцы і выдавецтвы пачнуць на ім зарабляць.
Выдавецтва «Туліпан ферлаг» размяшчае ў сваіх ілюстраваных кнігах QR-коды. | Фота: © Tulipan Verlag
Дыгітальныя гульні, навучальныя прапановы і інтэрактыўныя гісторыі для дзяцей ператвараюцца ў рызыкоўную рэч з-за дрэнных магчымасцей для іх прэзентацыі і збыту. Пакуль што не існуе платформы, на якой бацькі і настаўнікі маглі б хутка і гарантавана знайсці добрыя ды падыходзячыя мабільныя дадаткі для дзяцей. Таму таксама і выдавецтвам няпроста прэзентаваць свае дарагія распрацоўкі так, каб дасягнуць поспеху.