Хуткі ўваход:
Перайсці наўпрост да кантэнту (Alt 1)Перайсці наўпрост да другога ўзроўню навігацыі (Alt 3)Перайсці наўпрост да першага ўзроўню навігацыі (Alt 2)

«Casa de la lectura», Буэнас-Айрэс
«Месца сустрэч»

Мірта праглядае фонд сучаснай літаратуры бібліятэкі «Casa de la lectura»
Мірта праглядае фонд сучаснай літаратуры бібліятэкі «Casa de la lectura» | Фота: © Natalia Laube

Мірта Э. – былая настаўніца, цяпер пенсіянерка. Мае вялікую прыватную бібліятэку. «Casa de la lectura» яна наведвае перадусім з-за магчымасці дачыняцца з аднадумцамі і знаёміцца з новым.
 

У 2011 годзе мая знаёмая запрасіла мяне схадзіць разам з ёй у бібліятэку «Casa de la lectura». Спачатку я брала ўдзел у літаратурнай майстэрні, потым знайшла сваё месца ў чытацкім клубе. Мне вельмі падабалася размаўляць пра ўражанні ад прачытаных кніжак з іншымі чытачамі. З таго часу я рэгулярна наведваю клуб. Мы чытаем па адным рамане ў месяц. Гэта класіка, лацінаамерыканская і аргентынская літаратура. Пры гэтым мы адкрытыя для ўсіх жанраў і накірункаў, бо нам падабаецца ведаць шмат розных твораў і літаратур ды знаёміцца з імі.
 
Часткова пад уплывам захаплення, але цалкам у выніку сур’ёзнай матывацыі я пачала дасылаць пасля кожнай сустрэчы мэйл усім яе ўдзельнікам. У ім я паведамляла адсутным, на якія тэмы мы размаўлялі ў апошні раз. Акрамя таго, часам я дадавала да расповяду нашага кіраўніка і ўласны матэрыял. Напрыклад, я дадавала звесткі пра аўтара, аб якім мы гаварылі, альбо спісы кніг, знаёмства з якімі забяспечвала б паглыбленае вывучэнне тэмы. Гэты штотыднёвы мэйл хутка стаў рэгулярным і ўжо даўно ператварыўся, так бы мовіць, у маю задачу. Сёння, калі штотыдзень праходзяць сустрэчы чатырох клубаў чытачоў, я наведваю кожную і затым пішу мэйлы, у якіх падсумоўваю апошнюю імпрэзу ды імкнуся такім чынам узбагаціць веды ўсіх удзельнікаў. Светлае і адкрытае фае бібліятэкі «Casa de la lectura» Светлае і адкрытае фае бібліятэкі «Casa de la lectura» | Фота: © Natalia Laube Мая сяброўка з Германіі, якая жыла ў Буэнас-Айрэсе і нядаўна вярнулася ў Кёльн, па-ранейшаму штотыдзень атрымлівае мае мэйлы. Для яе гэта магчымасць заставацца з намі ў кантакце. Адначасова яна перасылае мае мэйлы сваёй сяброўцы ў Куала-Лумпур. Я цешуся з таго, што мае справаздачы падарожнічаюць па зямной кулі і ствараюць шчыльныя сувязі паміж чытачамі, якія раскіданыя па ўсім свеце.
 
Я маю вялікую прыватную бібліятэку, таму не бяру на дом кніжкі ў «Casa de la lectura». Аднак я натхнёна ўдзельнічаю ва ўсіх імпрэзах, якія там адбываюцца. Акрамя сустрэчаў клубаў чытачоў я наведваю таксама паказы фільмаў па пятніцах і клуб апавядальнікаў, які ладзіць група «Mujeres de palabra». Я – іх вялікая прыхільніца і шаную іх так сама, як іншыя шануюць рок-гурты, бо мне падабаецца слухаць іх гісторыі – яны цудоўна распавядаюць іх.
 
Летась у маі бібліятэка зачынілася не некалькі месяцаў. Нас папярэдзілі, што гаворка нібыта ідзе аб буйнамаштабных працах і што структура ўстановы цалкам зменіцца. Нягледзячы на тое, што мы былі падрыхтаваныя, закрыццё бібліятэкі стала для нас шокам. Вядома, будынак быў крыху змрочны, але гэта было наша месца! Як ён будзе выглядаць у будучыні?
У адрамантаваную «Casa de la lectura» прыходзіць шмат наведвальнікаў У адрамантаваную «Casa de la lectura» прыходзіць шмат наведвальнікаў | Фота: © Natalia Laube Потым, праз некалькі тыдняў, мы наведалі будоўлю і калі пабачылі, што пасля заканчэння будаўнічых працаў нас будзе чакаць прыгожае месца, то адчулі палёгку. У пачатку рамонта нас як частых наведвальнікаў апытвалі пра тое, якія патрэбы мы маем у звязку з гэтым і якім мы ўяўляем новы будынак. Мы не стрымлівалі сваёй фантазіі. Напрыклад адна жанчына зацеміла: «Мне б спадабаўся гульнявы пакой, дзе мог бы бавіцца мой унук». Гэта было файнае пачуццё – бачыць усё новае на будоўлі. А некаторыя нашы ўяўленні сапраўды сталі рэчаіснасцю! 
 
Так, у выніку перабудовы бібліятэка вельмі змянілася. Яна складаецца пераважна з шкла, напоўнена дзённым святлом, усе памяшканні больш адкрытыя. Цяпер людзі, якія ідуць міма шыбаў звонку і кідаюць свае позіркі ўнутр, могуць адразу пабачыць, што там шмат чаго адбываецца. Яны будуць адчуваць, што іх там рады будуць бачыць, калі яны туды завітаюць і далучацца. Раней частка людзей з наваколля нават не ведала пра існаванне бібліятэкі. З моманту новага адкрыцця бібліятэкі я бачу багата незнаёмых твараў, прыходзіць шмат новых чытачоў, якія камфортна адчуваюць сябе тут. Гэта робіць мяне шчаслівай. Штораз, калі я рэкамендую бібліятэку каму-небудзь і гэты чалавек пачынае захапляцца ёй, я адчуваю сябе шчаслівай.
Мірта знаходзіць у «Casa de la lectura» шмат цікавага матэрыялу для сваіх чытацкіх гурткоў Мірта знаходзіць у «Casa de la lectura» шмат цікавага матэрыялу для сваіх чытацкіх гурткоў | Фота: © Natalia Laube  

Casa de la lectura – гэта адна з 30 гарадскіх бібліятэк Буэнас-Айрэса. Хаця ў яе буйныя фонды ўваходзяць кнігі жанраў фікшан і нон-фікшан усіх эпох, яна вядомая перадусім дзякуючы надзвычайнаму фонду аргентынскай сучаснай літаратуры. Знаходзіцца ў раёне Віла Крэспа ў цэнтры аргентынскай сталіцы, адчынілася для чытачоў у 2007 годзе. У 2017 годзе бібліятэка зачынілася на некалькі месяцаў для капітальнага рамонту і мадэрнізацыі. Адкрыўшыся пасля рамонту, «Casa de la lectura» набыла шмат новых чытачоў і ператварылася ў культурную прастору для сустрэч, без якой сёння немагчыма ўявіць сабе горад.