Хуткі ўваход:
Перайсці наўпрост да кантэнту (Alt 1)Перайсці наўпрост да другога ўзроўню навігацыі (Alt 3)Перайсці наўпрост да першага ўзроўню навігацыі (Alt 2)

Баўхаус у вышэйшай школе
Раскіданая па ўсім свеце спадчына

Новае навучанне паводле старых прынцыпаў: ва Універсітэце Баўхаўса ў Ваймары дасёння навучаюць паводле вучэбных прынцыпаў Баўхауса.
Новае навучанне паводле старых прынцыпаў: ва Універсітэце Баўхаўса ў Ваймары дасёння навучаюць паводле вучэбных прынцыпаў Баўхауса. | Фота (фрагмент): © picture alliance / dpa / Jens Wolf

Ідэалы школы Баўхауса не толькі вызначылі дызайн і архітэктуру ва ўсім свеце, але і змянілі прынцыпы навучання.  У месцы яго нараджэння ў Ваймары ўніверсітэт дагэтуль навучае паводле прынцыпаў яго заснавальнікаў. Іншыя інстытуты з духам Баўхауса, наадварот, змушаныя былі зачыніцца.
 

Von Вольфганг Мульке

На плошчы паміж будынкамі Універсітэту Баўхауса ў Ваймары студэнты карыстаюцца апошнім цёплым восеньскім сонцам для таго, каб пабалбатаць, тымчасам Хаген Хёлерынг ідзе на працу. Архітэктар, будучы навуковым супрацоўнікам, ажыццяўляе даследаванні ў Інстытуце методыкі выяўлення. ВНУ да сёння навучае паводле апраўдаўшай сябе традыцыі Баўхауса – той школы дызайну, якая ў 1920-х гадах наноў вызначыла прынцыпы мастацтва і архітэктуры. «Па-ранейшаму карыстаецца попытам шырокі і міжпрадметны погляд на свет і пошук адпаведнай рэакцыі на ўбачанае ў мастацтве, архітэктуры, урбаністыцы і медыя-сродках», – кажа Хёлерынг, які і сам навучаўся ў ваймарскай ВНУ. Гэта не канкрэтныя тэмы першага пакалення Баўхауса, але дух групы, якая пераадолела час. «Разгляд актуальных на сённяшні дзень выклікаў часу знаходзіцца на першым плане», – кажа навуковец.
 
Спачатку гэта гучыць як трохі размыта сфармуляваная банальнасць. Але ж хутка знаходзіцца канкрэтны прыклад практычнай рэалізацыі. Енс Рыхтэр натхнёна распавядае пра супрацоўніцтва сваёй фірмы «Полі Кэр» з Універсітэтам Баўхауса. Заснавальнікі цюрынгскай фірмы распрацавалі свой найважнейшы прадукт разам са спецыялістамі ўніверсітэта. Гаворка ідзе пра дом з камянёў, які проста пабудаваць – яго робяць з пяску пустыняў. Тое, што на першы погляд выглядае як вялікія часткі канструктара Лега, з’яўляецца інавацыяй, бо гэты матэрыял лічыцца, уласна кажучы, непрыдатным для будавання.
 
«Такім чынам мы можам хутка пасадзейнічаць адбудове ў абласцях, што знаходзяцца ў надзвычайным становішчы, альбо палепшыць сітуацыю ў трушчобах», – тлумачыць Рыхтэр. У Намібіі ўрад мае намер пабудаваць 25.000 дамоў для бедных. Дасканала ў тэхнічным плане, эстэтычна і функцыянальна, танна і пажадана з сацыяльнага пункту гледжання – дом з пяску пустыні ўразіў бы нават заснавальніка Баўхауса і архітэктара Вальтэра Гропіуса.

Чатыры прынцыпы навучання

Гропіус, пакліканы на пасаду дырэктара Баўхауса у 1919 годзе, сфармуляваў менавіта гэтыя прынцыпы. Ён прапаведаваў абмежаванне асноўнымі формамі і колерамі, прастату ў множнасці, ашчаднае выкарыстанне прасторы, матэрыялу, часу і грошай. Да рэалізацыі гэтых прынцыпаў імкнуцца сёння падчас распрацоўкі амаль усіх прадуктаў – пачынаючы ад смартфона і сканчаючы офісным будынкам.

Пасля таго як заснавальнік Баўхауса Вальтэр Гропіус змушаны быў эміграваць у ЗША, ён быў адказным за ўзвядзенне будынку «MetLife Building», раней вядомага як «Pan Am Building» у Манхэтэне. Пасля таго як заснавальнік Баўхауса Вальтэр Гропіус змушаны быў эміграваць у ЗША, ён быў адказным за ўзвядзенне будынку «MetLife Building», раней вядомага як «Pan Am Building» у Манхэтэне. | Фота: © picture alliance / Arcaid Навуковец Райнер Вік з Універсітэта ў Вупэрталі лічыць, што Баўхаус адыгрываў ролю ўказальніка накірунку. «Ад заснавальнікаў Баўхауса зыходзілі вырашальныя імпульсы», – кажа гісторык мастацтва і мастацкі педагог, які інтэнсіўна займаўся навучальнымі метадамі Баўхаўса. Навучанне вызначалася чатырма прынцыпамі. «Пачаць з нуля» – падыходзіць да задачаў, не абцяжараным акадэмічным балансам – так гучыць першая максіма, «learning by doing» – другая, «trial and error» – трэцяя. Урэшце, вучні навучыліся развіваць свае здольнасці і навыкі, ствараючы канкрэтныя прадукты. «Падзел на рамесніцкую і акадэмічную адукацыю ліквідаваўся», – тлумачыць Вік чацвёртую максіму. Істотным пры гэтым было тое, што Баўхаус зыходзіў з цэласнага вобразу чалавека, у выпадку якога ў роўнай ступені ўлічваліся кагнітыўныя, афектыўныя і маторныя здольнасці. 
 
Цягам дзесяцігоддзяў ВНУ часта спасылаліся на прынцыпы Баўхаўса, аднак не ўсе з іх выжылі. Ужо ў 1953 г. былы вучань Баўхауса Макс Біл разам з іншымі дызайнерамі і мастакамі заснаваў Універсітэт дызайну ў Ульме, які прыцягваў студэнтаў з усяго свету, аднак які змушаны быў зачыніцца ў 1968 г. з-за фінансавых цяжкасцяў. У 1970 г. Універсітэт дызайну ў Офэнбаху-на-Майнгросэ часткова пераняў навучальную канцэпцыю Універсітэта дызайну ў Ульме.

Спадчыннікі ў Паўночнай Амерыцы

Па словах Віка, неверагодны поспех Баўхауса паўстаў дзякуючы тым, хто там выкладаў: «Гропіус здолеў сабраць вакол сябе найвядомейшых мастакоў таго часу». Калі многія майстры і мастакі пачалі зазнаваць пераслед з боку нацыянал-сацыялістаў і падаліся на выгнанне, навучальныя прынцыпы Баўхауса пачалі распаўсюджвацца па ўсім свеце. Эміграцыя прывезла вучэнне ў Швецыю, Паўднёвую Амерыку і, перш за ўсё, у ЗША. Гропіус, які пакінуў Баўхаус у 1928 г., спачатку – у 1934 г. – эміграваў у Вялікабрытанію, потым – у ЗША. Там ён, між іншым, разам з некалькімі архітэктарамі быў адказны за пабудову «MetLife Building» раней «Pan Am Building» у Нью-Ёркскім раёне Манхэтэн. Венгр Ласла Махой-Надзь, адзін з найвыбітнейшых фатографаў і паліграфістаў у Баўхаусе, у той самы год пакінуў Германію, выехаўшы ў кірунку Паўночнай Амерыкі. У 1937 г. у Чыкага ён стаў дырэктарам-заснавальнікам школы для асоб з вышэйшай адукацыяй «Нью Баўхаус», якая працягвае існаваць і сёння ў якасці Інстытута дызайну пры Ілінойскім тэхналагічным інстытуце.

Былы майстар архітэктуры ў Блэк Маўнцін каледжы Ёзэф Альберс (на фота справа). Былы майстар архітэктуры ў Блэк Маўнцін каледжы Ёзэф Альберс (на фота справа). | Фота: © State Archives of North Carolina Raleigh, NC Мастацкі калектыў Блэк Маўнцін каледжа быў галоўным спадкаемцам ваймарцаў у ЗША. Мастак Ёзэф Альберс памяняў у 1933 г. Баўхаус на каледж у Паўночнай Караліне. За ім пацягнуліся іншыя мастакі, музыканты і навукоўцы. Выкладчыкі каледжу распрацоўвалі заняткі нестандартна, замест фактаў галоўная ўвага пры навучанні надавалася метадам. У 1940-х гг. школа ператварылася ў адну з вядучых міжпрадметных ВНУ, якая спецыялізавалася на розных накірунках мастацтва, а таксама на эканоміцы і фізіцы. Такія майстры Баўхауса, як Гропіус, музыканты, як Джон Кэйдж, матэматыкі як Макс Дэн, выкладалі ў інстытуце, там нават працаваў у якасці запрошанага прафесара Альберт Энштэйн. Аднак у 1957 г. школу зачынілі, бо падчас халоднай вайны частка супрацоўнікаў трапіла пад падазрэнне ў сімпатыях да камунізму і таму фундатары адвярнуліся ад яе.

 

«Традыцыя Баўхауса навучае мужнасці і адказнасці»

Інтэрв’ю з праф. д-рам Вінфрыдам Шпайткампам, прэзідэнтам Універсітэту Баўхауса ў Ваймары.

Спадар Шпайткамп, чым адрозніваецца Ваш універсітэт ад іншых ВНУ?

Мы – верагодна, адзіны ўніверсітэт у Германіі, які названы ў гонар ідэі і стылістычнага накірунку. Мы ставімся да гэтага вельмі сур’ёзна. Не ў сэнсе простага захавання традыцый, але ў сэнсе ўзнаўлення пытанняў, якія звязаныя з гэтым: Як нам паяднаць сёння тэхніку, навуку і дызайн, як нам уладкаваць навакольны свет, дзе хочацца жыць? Ці існуюць новыя выклікі, напрыклад, штучны інтэлект, які патрабуе ад нас новых адказаў?

Ці існуюць іншыя ВНУ, у Германіі і ў свеце, якія адчуваюць сябе сёння абавязанымі традыцыі Баўхауса і якія былі заснаваны з гэтай традыцыі?

Зразумела, існуюць многія мастацкія школы, уключаючы нашых міжнародных партнёраў – такіх як Інстытут «Школа мастацтва» ў Чыкага альбо Інстытут Прата ў Нью-Ёрку, якія актыўна працуюць з традыцыяй Баўхауса, нават калі яны адчуваюць сябе абавязанымі не толькі гэтай спадчыне. Менавіта разнастайнасць засваення і тлумачэння спадчыны Баўхауса ўяўяляе сабой асаблівую цікавасць.

Якія канкрэтныя навуковыя высновы заснавальнікаў Баўхауса можна знайсці сёння ў агульным навучанні?

Навучанне, змест і метады развіваліся далей. Але ідэя, паводле якой трэба разважаць пра тэхніку, рамесніцтва, навуку і дызайн у сукупнасці, паядноўваць іх, застаецца прыцягальнай і актуальнай у навучанні. Гэта як з многімі ідэямі вялікага часу рэформаў 1900 году, дзе мае свае карані і Баўхаус: прынцыпы моладзевага руху, рэфармаванай педагогікі, руху лячэння прыроднымі сродкамі, вегетарыянства, гораду-саду і шматлікіх іншых рэфарматарскіх ініцыятыў дзейнічаюць да сёння, нават калі многае з гэтага больш не ўсведамляецца.

Якую ролю можа адыгрываць традыцыя Баўхауса ў сённяшнім свеце, які стала змяняецца, і як могуць адбыцца інаватыўныя і рэвалюцыйныя ператварэнні?

Традыцыя Баўхауса навучае мужнасці і адказнасці ў фармаванні сучаснасці. Працягнуць гэта можна менавіта ў свеце, які імкліва змяняецца. Баўхаус не хацеў вяртацца назад у ідэялізаванае мінулае, як напрыклад, рух абароны радзімы і гістарызм, ён хутчэй хацеў прыдумаць у мадэрнасці новую мадэрнасць і зрабіць яе магчымай. Менавіта гэта і з’яўляецца сёння задачай: як нам вызначыць умовы пераменаў у мадэрнасці так, каб мы забяспечылі навкольны свет, у якім хочацца жыць, і адзінства грамадства. Універсітэт Баўхауса можа стаць у гэтым выпадку першапраходнікам – у якасці месца для неканвенцыйных ідэй і рашэнняў.