Хуткі ўваход:
Перайсці наўпрост да кантэнту (Alt 1)Перайсці наўпрост да другога ўзроўню навігацыі (Alt 3)Перайсці наўпрост да першага ўзроўню навігацыі (Alt 2)

Роберт Фойстэль
Бог – гэта гігабайт

Ці сапраўды машыны навучацца думаць? У сваёй кнізе Роберт Фойстэль паказвае, як мы ператвараем дыгіталізацыю ў рэлігію.
 

Von Якаб Рандталер

Фойстэль: «У пачатку была інфармацыя». © Verbrecher Verlag „«У пачатку было слова, і слова было ў Бога, і слова было Богам», – так напісана ў Бібліі, у першым раздзеле Евангелля паводле Яна. «У пачатку была інфармацыя» – так называецца навукова-папулярная кніга Роберта Фойстэля, якая выйшла ў выдавецтве «Фербрэхер ферлаг». Вельмі ўдалая назва. Бо з аднаго боку Фойстэль далучаецца да дэбатаў, якія пазней разглядае ў сваёй кнізе: гэта дэбаты аб тым, як звязаны міжсобку інфармацыя і семантыка, у пэўнай ступені інфармацыя і значэнне слова. І гаворка ідзе аб тым, ці мае значэнне інфармацыя сама па сабе, ці яна атрымлівае яго, калі ўспрымаецца чалавекам. З іншага боку, аўтар намякае цытатай, прыведзенай у назве, на тое, пра што ён распавядае ў кнізе: у дыгітальную эпоху – калі ўвогуле можна лічыць, што мы жывем у ёй – мы ўзнімаем інфарматыку да ўзроўню рэлігіі.

Паняцце «інфармацыя»: бліскучая кар’ера

Ён дэтальна паказвае, як інфарматыка як навука магла зрабіць падобную кар’еру. І гэта пры тым, што адзіная дэфініцыя паняцця дагэтуль не існуе. «Пасля бязмежных дыскусій, якія доўжыліся дзесяцігоддзі, […] не праглядаецца нават хаця б напалову зразумелае паняцце інфармацыі», – піша Фойстэль.
 
Аўтар паказаў доўгую гісторыю ідэй і паняццяў з сферы інфармацыі: пачынаючы ад індустрыялізацыі, вынаходства паравых машын і тэрмадынамікі і сканчаючы дыгіталізацыяй, з’яўленнем тэхналогіі «біг дата» і выкакрыстаннем алгарытмаў. Чытанне не заўсёды ідзе так лёгка, як у пачатку кнігі: Фойстэль хапаецца за тэму, пераказваючы адну з серыяў коміксу Нэтфлікса «Блэк мірар» вельмі наглядна, у выніку чытачу падаецца, што яму ўжо не трэба праглядаць яе. Вельмі добра, што далей у кнізе Фойстэль стала робіць адсылкі да поп-культуры («Star Trek») і нашай штодзённасці («Siri») – перадусім там, дзе сярод шматлікіх цытатаў самых розных навукоўцаў чытаць вось-вось згубіць сюжэтную лінію.

Пытанні, якія забяспечваюць разуменне

Як раз гэтыя шматлікія цытаты не заўсёды палягчаюць чытанне кнігі. Але тыя часткі, дзе Фойстэль падсумоўвае чужыя думкі і тлумачыць іх уласнымі словамі, чытаюцца добра. Аўтару стала ўдаюцца надзіва наглядныя тлумачэнні: мадэль навукоўца Клода Шанона, што адлюстроўвае сувязі энтропіі ды інфармацыі, Фойстэль тлумачыць на прыкладзе чалавека, які знаходзіцца ў бары і мае перад сабой 16 розных гатункаў джыну. Вось калі б мой выкладчык статыстыкі ва ўніверсітэце выкарыстоўваў такія прыклады!
 
Аднак кнігу «У пачатку была інфармацыя» не варта чытаць на пляжы альбо ў вагоне цягніка гарадской чыгункі – тыя, хто не вывучаў інфармазнаўства, павінны будуць часта шукаць тлумачэнні паняццяў. Заўсёды цікавыя пытанні, дыскусію па якіх вядзе Фойстэль. Напрыклад, пытанне аб тым, ці азначае мысленне магчымасць вельмі добра рабіць вылічэнні, і ці гэта не пытанне часу, што машыны навучацца мысленню (Фойстэль лічыць, што не). І гэта вельмі добра, што аўтар падвяргае сумневу тэзісы, з якімі іншыя проста пагаджаюцца: пра тое, што камп’ютар змяніў грамадства ў той жа ступені, як калісці гэта зрабілі сістэматычная сельская гаспадарка і затым індустрыялізацыя. Усё гэта робіць кнігу «У пачатку была інфармацыя» цікавым, інфарматыўным і – хто бы мог падумаць пра гэту тэму? – асвяжаючым чытвом.
 
Rosinenpicker © Goethe-Institut / Ілюстрацыя: Tobias Schrank Фойстэль, Роберт: «У пачатку была інфармацыя». Дыгіталізацыя як рэлігія (Feustel, Robert: „Am Anfang war die Information“. Digitalisierung als Religion),
Берлін: выдавецтва «Фербрэхер Ферлаг», 2019 г. (Berlin: Verbrecher Verlag, 2019). 200 стар. ISBN: 978-3-95732-369-9