Хуткі ўваход:
Перайсці наўпрост да кантэнту (Alt 1)Перайсці наўпрост да другога ўзроўню навігацыі (Alt 3)Перайсці наўпрост да першага ўзроўню навігацыі (Alt 2)

Нямецкі літаратурны архіў у Марбаху
«Узмацніць літаратурныя даследаванні з архіваў»

Фотаспадчына Эрыха Кеснера таксама ўваходзіць у фонды Нямецкага літаратурнага архіву ў Марбаху.
Фотаспадчына Эрыха Кеснера таксама ўваходзіць у фонды Нямецкага літаратурнага архіву ў Марбаху. | Фота (фрагмент): © picture alliance/dpa

Як можа выглядаць літаратурны архіў будучыні? Калі паслухаць Сандру Рыхтар – дырэктарку найвялікшага і найважнейшага літаратурнага архіва Германіі – то неўзабаве Нямецкі літаратурны архіў у Марбаху стане ў большай ступені дыгітальным і такім чынам створыць новыя магчымасці для даследаванняў літаратуры.
 

Нямецкі літаратурны архіў у Марбаху (НЛА) – гэта нібыта памяць новай нямецкай літаратуры, ён лічыцца найвялікшым і найважнейшым архівам у гэтай сферы. Тут знаходзіцца спадчына такіх пісьменнікаў, як Кафка, Шылер альбо Тухольскі. Выкладчыца літаратуры і дырэктарка НЛА Сандра Рыхтар хоча ўзяцца за грандыёзную задачу дыгіталізацыі фондаў НЛА і тым самым даць новыя імпульсы даследаванням літаратуры.
 
Спадарыня Рыхтар, амаль кожны студэнт, які вывучае германістыку альбо літаратуразнаўства, у працэсе ажыццяўлення сваёй даследчай працы сутыкаецца з Нямецкім літаратурным архівам у Марбаху. Вы па адукацыі германістка, займаецеся выкладаннем і даследаваннем літаратуры ў Штутгарце. Ці памятаеце Вы, як першы раз наведалі НЛА?
 
Ну так, тады я адчувала сябе як слон у краме посуду.
 
Чаму так?
 
Я даследавала дзейнасць аднаго пісьменніка і філосафа 19 стагоддзя – Фрыдрыха Тэадора Вішара. Яго спадчына знаходзіцца ў Марбаху, я хацела з ёй азнаёміцца – па магчымасці цалкам, таму ўзяла шматдзённы водпуск. Аднак затым мне прадаставілі ўсяго толькі дзесяць дакументаў з фонду, бо выдача матэрыялаў была абмежавана. Гэта мяне проста шакавала. Потым супрацоўнікі змяніліся і на мой стол трапіла шмат зялёных архіўных скрыняў; пазней я ўжо была навучана, што падобнае тут не прынята. Мне было няёмка, я думала, што мне больш нельга вяртацца сюды.

Аднак усё выйшла іначай: Вы засталіся вернай архіву, на працягу многіх гадоў ажыццяўлялі супрацоўніцтва паміж Універсітэтам у Штутгарце і НЛА: напрыклад з удзелам Даследчага каледжу Зуркапфа і Летняй школы Марбаха, а таксама ў якасці чальца працоўнай групы «Гісторыя германістыкі» і навуковага дарадцы НЛА. Ад пачатку гэтага года Вы кіруеце гэтай установай. Ці ўсе гэтыя гады ў Вас часам не ўзнікала думка кшталту: калі б я была кіраўніцай архіва, я б сёе-тое змяніла?
 
Не, пра гэта не было мовы. Я не задавалася пытаннем пра кіраванне архівам у Марбаху. Усё адбылося вельмі хутка: незадоўга да абвяшчэння вакансіі мне патэлефанавалі і запыталіся. Толькі тады я падумала аб тым, якім уяўляю сабе літаратурны архіў будучыні, як бы я магла зрабіць яго лепшым для карыстальнікаў ды наведвальнікаў, якім тэмам варта было б даць больш месца.
Дырэктарка Нямецкага літаратурнага архіву ў Марбаху Сандра Рыхтар. Дырэктарка Нямецкага літаратурнага архіву ў Марбаху Сандра Рыхтар. | Фота: © picture alliance/Fabian Sommer/dpa Да якіх вынікаў Вы прыйшлі і што плануеце рабіць далей?
 
Да маіх галоўных мэтаў належаць дыгіталізацыя фондаў, а таксама больш інтэнсіўная праца паводле дыгітальных прынцыпаў. На маю думку, гэта дзве розныя рэчы: у выпадку першай гаворка ідзе пра прадастаўленне тэкстаў – гэта значыць пра дыгітальнае захаванне таго, што раней мы размяшчалі на мікрафільмах. Другая – гэта навуковая праца з алічбованымі матэрыяламі.
 
Ці можаце Вы патлумачыць гэта падрабязней?
 
Дыгітальныя копіі дазваляюць не толькі захаваць дадзеныя. Я бачу ў гэтым вялікія шанцы: можна апрацаваць дыгітальныя копіі так, каб весці ў іх пошукі з дапамогай камп’ютараў паводле паняццяў альбо розных тэкставых структур. Акрамя таго, іх можна паядноўваць з іншымі тэкстамі. Можна стварыць платформу, размясціць на ёй розныя тэксты і высвятляць рэчы, якія раней былі нябачныя ці выясняліся толькі коштам вялікіх высілкаў. Напрыклад, лёгка можна было б даведацца, колькі разоў Фаўст з’яўляецца ў «Фаўсце». Альбо якія спецыфічныя структуры выкарыстоўвае Шылер у сваіх драмах. Каталогі таксама можна было б інтэграваць у сеткі, патэнцыйна забяспечваць іх дадзенымі даследаванняў, даваць спасылкі на іншыя крыніцы. У будучыні можна было б дыгітальна паядноўваць асобныя архівы, якія захоўваюцца ў розных месцах, узгадайце хаця б архіў Кафкі. Акрамя таго, мы хацелі б больш увагі надаваць лічбавым матэрыялам, якія былі створаны не ад рукі на паперы, а ў камп’ютары. Фактам з’яўляецца тое, што камп’ютар – гэта больш, чым проста дапаможны сродак. Гэта прылада, якая дазваляе распрацоўваць пытанні, задваць іх больш дакладней, дакладней адказваць на іх.
 
Ці могуць гэтыя новыя падыходы змяніць даследаванне літаратуры?
 
Абавязкова! Абодва аспекты: як дыгіталізацыя, так і праца з вынікамі, усё больш збліжаюць сферы даследавання і распрацоўкі. Раней бібліятэкар альбо архівіст намагаўся зрабіць апісанне тэкста, прыняць яго, надаць катэгорыю, вызначыць, адкуль ён паходзіць і як ён паўстаў. Сёння мяжа пераходу да даследавання размытая. Гэта вельмі спакусліва, бо з дапамогай архіваў інтэнсівіруюцца даследаванні і навука, паўстае большая карысць для карыстальнікаў.
 
Вы, канечне ж, распачынаеце ўсе гэтыя праекты не ў адзіноце…
 
Не, я адшукала партнёраў, вартых калегаў, з часткай якіх ужо пэўны час супрацоўнічаю. Да іх ліку належаць камп’ютарныя лінгвісты, разам з якімі я працую ў межах праекта «Center for Reflected Text Analytics» («Creta»). Разам з гэтымі спецыялістамі і шэрагам іншых я абдумвала, як мы тут у Марбургу маглі б зрабіць карыснымі прынцыпы глыбокага тэкставага аналізу. Іншы супольны праект прысвечаны эмпірычнай псіхалогіі: мы хацелі б назіраць за наведвальнікамі, якія чытаюць дыгіталізаваныя матэрыялы і працуюць з тэкстамі рознага кшталту. Гэта адбываецца ў межах нядаўна створанай сеткі літаратурнага досведу – сумесна з Інстытутам навуковых медый імя Лейбніца ў Цюбінгене ды Інстытутам эмпірычнай эстэтыкі імя Макса Планка ў Франкфурце.
 
Як Вы лічыце: НЛА добра падрыхтаваны да дыгіталізацыі?
 
На самой справе архіў хутка будзе поўны, яго тэрмінова трэба рэструктураваць. У звязку з дыгіталізацыяй мы маем патрэбу ў памяшканнях для сервераў, для алічбоўнай апаратуры, мультымедыйных працоўных месцах і семінарскіх памяшканнях з адпаведным абсталяваннем. Калі мы не створым тут гэтых структур, напрыклад, не пабудуем новы будынак, то хутка Марбах больш не зможа папаўняць фонды і расці. Таму я часта ў дарозе, каб заклікаць рабіць інвестыцыі.
 
Наколькі Вы ўпэўнены ў поспеху?
 
Значэнне НЛА вядома грамадскасці, мой папярэднік шмат зрабіў для гэтага. Большасці палітыкаў зразумела, што дзякуючы дыгіталізацыі ў архівах можна змяніць шмат, а Марбах, функцыя якога збіраць матэрыялы, звязаныя з літаратурай, і захоўваць важныя крыніцы, адыгрывае ролю першапраходніка і павінен захаваць яе. Нас чакае напружанне ўсіх сілаў, якое павінна прынесці плён. Бо калі не мы, то хто?