Хуткі ўваход:
Перайсці наўпрост да кантэнту (Alt 1)Перайсці наўпрост да другога ўзроўню навігацыі (Alt 3)Перайсці наўпрост да першага ўзроўню навігацыі (Alt 2)

Літаратура для дзяцей і моладзі
Адрозныя ад іншых

Нямецкамоўны рынак ілюстраваных кніг па-ранейшаму мае цяжкасці з героямі з цёмным колерам скуры. Шлях да большай разнастайнасці – гэта публікацыя перакладаў.
Нямецкамоўны рынак ілюстраваных кніг па-ранейшаму мае цяжкасці з героямі з цёмным колерам скуры. Шлях да большай разнастайнасці – гэта публікацыя перакладаў. | Фота (фрагмент): © Baobab Books

Дзіцячыя кнігі вызначаюць карціну свету, з якой мы расцём. Таму ў апошнія гады ад выдавецтваў настойліва патрабавалі адлюстроўваць у дзіцячых кніжках грамадскую і культурную разнастайнасць. Аднак гэта ўдаецца толькі ў адзінкавых выпадках.
 

Von Соня Матэсан

Такія словы як «міграцыя», «інтэграцыя», «тоеснасць» і «разнастайнасць» запаланілі сёння грамадска-палітычныя дэбаты. Пры гэтым ў фокус увагі грамадскасці трапіла дзіцячая літаратура: калі гаворка заходзіць пра культурную разнастайнасць, дзіцячыя кніжкі выступаюць у якасці люстэрка і месца, на якое праецыруецца грамадства. Напрыклад, у 2013 г. у Германіі разгарэлася публічная дыскусія аб тым, ці трэба перапісваць у новых выданнях класікі дзіцячай літаратуры словы з расісцкай і сексісцкай канатацыяй. Напрыклад, у новым выданні «Пепі-Доўгая Панчоха ў краіне Така-Тука» кароль неграў ператварыўся ў караля Паўднёвага мора. «Расізм!», – казалі адныя. – «Цэнзура!», – адказвалі іншыя.
 
Дыскусія не новая: яшчэ ў 1970-х гг. задаваліся пытаннем, з якой перспектывы належыць паказваць людзей розных культураў; колькі і якое месца павінны атрымаць іншыя, іншае. Для тых, хто рос у 1960-х – 1970-х гг., чужое прадстаўлялася ў выглядзе тоўстых каралёў неграў, якіх перамагалі, белых шукальнікаў прыгодаў, якія сустракалі ў Афрыцы людзей ніжэй сярэдняга ўзроўню развіцця, чорных дзецяй-сіратаў, якіх дасылалі ў Еўропу ў пасылках.
 
Цягам гадоў гэта змянілася: разглядаліся сацыяльныя канфлікты і ўмовы жыцця меншасцяў. А вось тое, што не мянялася: нягледзячы на некалькі выключэнняў, па-ранейшаму пра дзяцей-сірот з Індыі, гісторыю Афрыкі і жыццё ў рэзервацыях індзейцаў у ЗША пісалі белыя еўрапейцы альбо амерыканцы.

Разнастайнасць і далікатнасць

Праз 30 гадоў такія тэмы, як «тоеснасць» і «разнастайнасць» актуальныя як ніколі раней. У 2015 годзе сотні тысяч мігрантаў прыбылі ў Еўропу. Дзіцячая літаратура хутка стварыла першыя кніжкі з гісторыямі ўцекачоў – у танальнасці пацярпелых. Некаторыя творы сведчаць аб высокім узроўні дзіцячай літаратуры і глыбокім пранікненні ў тэму. У выпадку многіх твораў выявілася, як гэта цяжка – пісаць пра іншых, не паддаючыся ўплыву стэрэатыпаў, перабольшванняў і спрашчэнняў.
 
З таго часу слова «разнастайнасць» стала ходкім на рынку дзіцячай літаратуры. Расце ціск на выдавецтвы адлюстроўваць у выдавецкай праграме гэту разнастайнасць, падрабязнага тлумачэння якой не даецца. Да яе імкнуцца т. зв. «адчувальныя» чытачы, якія кантралююць тэксты на прадмет наяўнасці расісцкіх, каланіялісцкіх, дыскрымінуючых і маргіналізуючых выразаў і значэнняў. Ці гэтага аднаго будзе дастакова застаецца пад пытаннем.
Даследаванне Брытанскага савета мастацтваў, апублікаванае ў 2018 г. паказала, што грамадская разнастайнасць амаль не адлюстроўваецца на англа-саксонскім рынку дзіцячай літаратуры. Падобных статыстычных дадзеных аб нямецкамоўным абшары няма, але відавочна, што дэфіцыт маецца і тут. Па-ранейшаму на рынку ілюстраваных кніг існуе недахоп герояў з цёмным колерам скуры. У вялікіх выдавецтвах і сёння вельмі рэдка знойдзеш аўтэнтычныя галасы і вобразы з іншых культурных абшараў.

Галасы з іншых сфер культуры

Трэба лічыць станоўчым фактам высокі працэнт перакладаў на нямецкім кніжным рынку, у 2017 годзе яны складалі 20 працэнтаў навінак у галіне кніг для дзяцей. Самі па сабе пераклады не гарантуюць разнастайнасць, аднак літаратура з іншага моўнага і культурнага абшару гарантавана нясе ў сабе «іншае».
 
Акрамя таго, ужо некалькі гадоў некаторыя невялікія выдавецтвы клапоцяцца аб культурнай разнастайнасці: напрыклад, «Баабаб букс», «Эдыцьён арыент» ды «Эдыцьён бракла». Швейцарскае выдавецтва «Баабаб букс» выдае ў нямецкім перакладзе кнігі для дзяцей і моладзі з усяго свету. «Эдыцьён арыент» пастаўляе на нямецкі кніжны рынак сучасную ўсходнюю літаратуру, а «Эдыцьён бракла» спецыялізуецца на мультыкультурных дзіцячых кніжках. У сферы графічнай навелы найважнейшымі актарамі з’яўляюцца выдавецтвы «Рэпрадукт» і «Авант».
 
Для таго, каб дзеці і моладзь сустракаліся ў кнігах з разнастайным і вартым жыцця светам, недастаткова адных патрабаванняў да выдавецтваў. Трэба, каб былі аўтары, перакладчыкі, гандляры кнігамі, педагогі, рэцэзенты і чытачы, гатовыя ісці нязведанымі шляхамі. Выдатна, што існуюць ініцыятывы, якія імкнуцца прыцягнуць больш увагі да тых кніжак, якія адлюстроўваюць разнастайнасць ды «іншыя» пункты погляду. Прыкладам можа служыць знак для дзіцячых кніжак «KIMI», які з 2019 г. пазначае навінкі, дзе няма клішэ і дыскрымінуючай мовы. Альбо праект «Welcome to my library – Vielfalt und Mehrsprachigkeit in Bibo und Kita» («Шчыра запрашаю у сваю бібліятэку – Разнастайнасць і шматмоўе ў бібліятэках і дзіцячых садках»), у межах якога пастаюць партнёрскія сувязі з арганізацыямі мігрантаў, каб зрабіць бібліятэкі ў Саксоніі-Анхальт адкрытымі ў міжкультурным плане.