Кангрэс і выстава
Агляд бібліятэчнай галіны Германіі ў 2019 г.

Нямецкая нацыянальная бібліятэка
Урачыста адкрыты ў 1997 г. новы будынак Нямецкай нацыянальнай бібліятэкі ў Франкфурце-на-Майне (Гесен) мае карысную плошчу 77.000 кв. м., ён змяшчае 18 мільёнаў публікацый. У распараджэнні наведвальнікаў знаходзяцца 350 працоўных месцаў на плошчы чытальных залаў памерам 3.200 кв.м. | Фота: © S. Jockel, Deutsche Nationalbibliothek Frankfurt/Main

Прадастаўляць вольны доступ да ведаў і інфармацыі – найгалоўнейшая мэта публічных і навуковых бібліятэк у Германіі. Якую структуру мае бібліятэчная галіна Германіі і якія выклікі перад ёй?
 

У Германіі інфармацыя лічыцца ключавым фактарам навуковага і грамадскага прагрэсу. Прадастаўляючыя інфармацыю ўстановы, да якіх належаць і бібліятэкі, адыгрываюць пры гэтым галоўную ролю. Той, хто гляне звонку на бібліятэчную галіну, хутка зразумее, што існуюць – і гэта абумоўлена гістарычна – дзве вялікія катэгорыі: публічныя і навуковыя бібліятэкі. Іх найгалоўнейшая мэта аднолькавая: спрыяць распаўсюду ведаў, каб стварыць угрунтаваныя на ведах грамадствы, бо свабодна даступная для ўсіх інфармацыя разглядаецца ў якасці вырашальнай сыравіны для эканомікі, палітыкі і дэмакратыі.
 
Паколькі абодва віды бібліятэк адрозніваюцца ў шматлікіх аспектах, то для зразумення іх ролі і задач у вобласці адукацыі і культуры мае сэнс прадставіць іх асобна, даўшы інфармацыю аб палітычным і прававым кантэксце.

Дэцэнтралізаваныя і аб’яднаныя ў сеткі

Федэратыўная Рэспубліка Германія складаецца з 16 федэральных земляў. Федэральныя землі ў значнай ступені адказныя за ўсе пытанні культуры, за навуку і мастацтва, а таксама за адукацыю – так вызначана ў Асноўным Законе – Канстытуцыі Германіі. У гэтым культурным суверэнітэце бяруць істотны ўдзел у межах сваёй культурнай аўтаноміі каля 11.000 гарадоў і грамадаў. У Германіі не існуе закона аб бібліятэках – так, як гэта ёсць у многіх еўрапейскіх і англа-амерыканскіх краінах. Нягледзячы на тое, што парламенты шасці з 16 федэральных зямель нядаўна прынялі законы аб бібліятэках, якія маюць агульны і не строга вызначаны характар і якія апісваюць цяперашні стан рэгіянальных бібліятэчных структур, але не называюць абавязковых стандартаў, дакладна не вызначаюць рамкі фінансавання з боку фундатараў і не патрабуюць выканання пэўных задач.   
 
Да характэрных прыкмет бібліятэчнай галіны ў Германіі належаць як яе нецэнтралізаваная структура і адсутнасць цэнтральнай плануючай і падатковай інстанцыі, так і вялікая разнастайнасць тыпаў бібліятэк і вялікая колькасць розных устаноў, якія іх утрымліваюць; яны падзяляюцца на публічныя, царкоўныя і прыватныя. Гэта разнастайнасць дае некаторыя шанцы на ўласнае развіццё і абранне творчых шляхоў, але індывідуалізацыя нясе ў сабе небяспеку раздробленасці. Паколькі ніводная бібліятэка не можа выконваць свае задачы ў поўным аб’ёме сама па сабе, то вялікае значэнне маюць шырокае супрацоўніцтва паміж бібліятэкамі і стварэнне ўстаноў з цэнтральнымі функцыямі і паслугамі. Падобная сітуацыя вымагае мець абаронцаў сваіх інтарэсаў на федэральным узроўні. Падобныя магчымасці ўплыву на федэральным узроўні забяспечваюць чатыры арганізацыі: перадусім Нямецкі бібліятэчны саюз, а таксама два персанальныя таварыствы: прафесійная супольнасць «Інфармацыя і бібліятэка» і Саюз нямецкіх бібліятэкараў, якія аб’яднаныя пад дахам арганізацыі «Бібліятэка і інфармацыя ў Германіі» разам з Гётэ-Інстытутам і Групай бібліятэчнага сервісу EKZ. Важныя каардынацыйныя функцыі ў некаторых галоўных задачах выконвае Сетка кампетэнцый для бібліятэк, якая арганізацыйна ўключана ў Нямецкі бібліятэчны саюз у Берліне і фінансуецца Канферэнцыяй міністраў культуры федэральных зямель.

Публічныя бібліятэкі: колькасць, структура, віды носьбітаў інфармацыі

Публічныя бібліятэкі, якія выконваюць галоўную задачу ў галіне адукацыі, прадастаўляючы паслугі і прапануючы носьбіты інфармацыі, і робяць значны ўнёсак у рэалізацыю роўнасці шанцаў кожнага, з’яўляюцца сёння самым распаўсюджаным відам бібліятэк. База дадзеных Нямецкай бібліятэчнай статыстыкі налічвае больш за 9.000 публічных бібліятэк. Іх утрымліваюць большай часткай адміністрацыі гарадоў і грамадаў, Каталіцкая і Лютэранская Цэрквы таксама маюць у сваіх супольнасцях даступныя шырокім колам грамадскасці бібліятэкі.
 
У вялікіх гарадах з насельніцтвам звыш 100.000 жыхароў публічныя бібліятэкі часта аб’ядноўваюцца ў бібліятэчную сістэму, якая складаецца з цэнтральнай бібліятэкі і яе філіялаў у раёнах. Сюды трэба дадаць такія спецыяльныя адзінкі, як бібліятэкі для дзяцей і моладзі, музыкальныя бібліятэкі, зборы твораў мастацтва альбо мабільныя і школьныя бібліятэкі з функцыямі філіялаў. Нягледзячы на тое, што па-ранейшаму на дом выдаецца навукова-папулярная літаратура, белетрыстыка і кнігі для дзяцей у друкаванай форме, доля электронных выданняў, якія прадастаўляюцца праз сайты бібліятэк у электроннай форме, стала расце апошнія дзесяць гадоў; сёння гэта 15-20 працэнтаў ад усёй выдачы носьбітаў інфармацыі. Тут маюцца на ўвазе электронныя кнігі, газеты, аўдыякнігі і часопісы, якія заладоўваюцца на такія мабільныя прыстасаванні, як рыдары электронных кніг, планшэты альбо смартфоны карыстальнікаў, і, абароненыя адмысловай сістэмай кіравання IT-правамі, даступныя чытачам на тэрмін да чатырох тыдняў.
 
Падобныя сеткавыя публікацыі даступныя сёння у больш чым 2.000 публічных бібліятэк колу карыстальнікаў, якое стала расце (стан на 2019 г.). Гэты сервіс называецца Onleihe – штучнае слова, створанае з паняццяў «online» («анлайн») і «ausleihen» («выдаваць у карыстанне»). Рынак вызначаюць два пастаўшчыкі паслуг – фірма DiViBib (падпарадкоўваецца групе ekz з сядзібай у Ройтлінгене) і фірма Ciando. Электронныя выданні набываюцца ў выглядзе ліцэнзій, бібліятэкі не выступаюць у якасці іх уласнікаў. Многія задзейнічаныя бібліятэкі аб’ядналіся ў рэгіянальныя саюзы (часта іх колькасць складае да 80), якія эфектыўна і танна прадастаўляюць рэгіёну фонд электронных выданняў праз агульную платформу выдачы, паяднаную з супольнай сістэмай выбару і набыцця носьбітаў інфармацыі. Такім чынам чытачы з сельскай мясцовасці, якія запісаныя ў адну з бібліятэк сістэмы, маюць магчымасць карыстацця сервісам Onleihe.

Мабільныя бібліятэкі, школьныя бібліятэкі, бібліятэкі для дзяцей і моладзі

У многіх федэральных землях для абслугоўвання прыгарадных зон і сельскай мясцовасці існуюць мабільныя бібліятэкі ў форме медыя-аўтобусаў – як дапаўненне да стацыянарных бібліятэк. Існуе каля 90 мабільных бібліятэк, якія маюць 110 аўтобусаў; часта яны ўваходзяць у склад вялікіх бібліятэчных сістэм. Іх мэта – паменшыць разрыў паміж лепш развітым бібліятэчным сервісам гарадоў і горшым у сельскай мясцовасці. Абсталяваныя выхадам у сеціва і бесправадным інтэрнэтам, прыбіральняй і зонай для чытання аўтобусы прапануюць падчас сваіх паездак з выкананнем да шасці гадзінных прыпынкаў ад 3.000 да 5.000 носьбітаў інфармацыі. Мабільныя бібліятэкі, якія абслугоўваюць ад 15 да 20 прыпыначных пунктаў за тыдзень, могуць быць вельмі эфектыўным рашэннем менавіта ў сельскай мясцовасці.
 
Школьныя бібліятэкі займаюцца папулярызацыяй чытання ў бібліятэчным сэнсе – абуджэннем пазітыўных эмоцый ад яго, фармаваннем навыкаў чытання і інфармацыйнай кампетэнцыі. Школьныя бібліятэкі – гэта месцы навучання, якія павінны мець высокі ўзровень камфорту. Аднак іх становішча ў Германіі па-ранейшаму незадавальняючае. Школьныя бібліятэкі маюць розныя арганізацыйныя формы. Калі яны працуюць як самастойныя адзінкі школы, то школы з’яўляюцца іх адказнымі ўтрымальнікамі, а паслугі бібліятэк фінансуюцца са сродкаў школ ці з ахвяраванняў альбо субсідый з фондаў падтрымкі. Побач з гэтым існуюць інтэграваныя формы, калі школьныя і публічныя бібліятэкі выкарыстоўваюць агульныя памяшканні ды інфраструктуру і часта з’яўляюцца філіяламі гарадскіх бібліятэчных сістэм; апошняе часцей за ўсё падаецца найэфектыўнейшым вырашэннем праблемы. Паводле некаторых ацэнак, каля 20 працэнтаў 44.000 школ Германіі маюць інтэграваныя бібліятэкі ці стварылі спецыяльныя куткі для чытання. Рэальна добра абсталяваныя і забяспечаныя кадрамі школьныя бібліятэкі маюць не больш за 5 працэнтаў школ. Вырашальнае значэнне для поспеху працы ў галіне школьных бібліятэк мае наяўнасць дастаткова вялікіх памяшанняў, сталага бюджэту на набыццё носьбітаў інфармацыі і перш за ўсё кваліфікаваных супрацоўнікаў, якія маюць кампетэнцыі як бібліятэкараў, так і педагогаў.
 
З-за таго, што бібліятэчная праца мае асаблівае сацыяльнае, педагагічнае і палітычнае значэнне для дзяцей і моладзі, усе публічныя бібліятэкі прысвячаюць гэтай мэтавай групе сваю ўвагу. У многіх гарадах нормай з’яўляецца наяўнасць адмысловай бібліятэкі для дзяцей і моладзі альбо адпаведнага аддзелу. Трэнды ідуць у кірунку асобных бібліятэк альбо зонаў для дзяцей і моладзі. Фонд кніг дапаўняюць спецыяльныя зоны для ўсіх відаў дыгітальных носьбітаў інфармацыі, уключаючы гульнявыя кансолі для геймераў, для адпачынку, размоваў, працы і навучання. Мэбля і прадметы абстаноўкі ў бібліятэках для дзяцей і моладзі сёння спраектаваны значна больш весялей, індывідуальней і сучасней, чым раней.
 
Вынікі даследаванняў PISA апошніх гадоў паспрыялі таму, што папулярызацыі чытання як ключавой дзейнасці публічных бібліятэк пачалі надаваць значна большую ўвагу. Традыцыйная папулярызацыя чытання (шляхам сумеснага чытання ілюстраваных кніжак, аўтарскіх чытанняў і пад.) і сучасныя развіваючыя мерапрыемствы сёння належаць да стандартнага рэпертуару, апошнія інтэнсіўна факусуюцца на дыгітальных і мультымедыйных праграмах. У якасці прыклада можна назваць гібрыдныя ілюстраваныя кнігі, якія выкарыстоўваюць дапоўненую рэчаіснасць. Яны дазваляюць дзецям-дашкольнікам пазнаёміцца з традыцыйнымі ілюстраванымі кнігамі з тэкстамі рознымі спосабамі – дзякуючы розным мабільным дадаткам – на экранах сваіх планшэтаў і смартфонаў з гукам і відэаролікамі.
 
Колькасць жыхароў-мігрантаў ды іх нашчадкаў у гарадах можа складаць да 25 працэнтаў, сярод іх – 50 розных нацыянальнасцяў і моўных груп. Многія публічныя бібліятэкі адрэагавалі на вялікую колькасць уцекачоў і тых, хто шукае прытулку, і ўсведамілі іх як новую важную мэтавую групу. Для ўключэння іх у лік карыстальнікаў бібліятэк былі распрацаваныя новыя ідэі для міжкультурнай бібліятэчнай працы. Побач з адмысловымі экскурсіямі па бібліятэцы і ўрокамі гісторыі для дзяцей і моладзі шмат дзе стала звычайнай рэччу выдача ільготных картак чытачоў для ўцекачоў і стварэнне шматмоўных збораў кніг ды іншых носьбітаў інфармацыі для бацькоў і дзяцей. Бібліятэкі выступаюць у якасці публічнай прасторы для сацыяльных кантактаў, іх наведвальнікі выкарыстоўваюць выхад у сеціва і бесправадны інтэрнэт для падтрымання сувязі са сваімі сем’ямі і сябрамі за мяжой. Вельмі добрым дапаможным сродкам у справе знаёмства з нямецкай мовай і грамадствам зарэкамендавалі сябе ілюстраваныя кнігі, двух- і шматмоўная літаратура для моладзі і дарослых, гісторыі і навукова-папулярная літаратура на простай мове, слоўнікі, ангельскамоўныя кнігі і замежныя газеты.

Што новага? Хакерспейсы, бібліятэкі рэчаў, бібліятэкі як трэція месцы

Бібліятэкі часта заяўляюць аб сваёй гатоўнасці ўзяцца за новыя і эксперыментальныя ідэі ды прапанаваць грамадскасці форумы для здабыцця практычнага досведу. Такія прасторавыя канцэпцыі, як хакерспейсы служаць таму, каб натхніць людзей да супрацоўніцтва і эксперыментавання. Выкарыстоўваюцца першыя робаты-гуманоіды, 3D-прынтары і VR-шаломы – усё гэта спробы пазнаёміць насельніцтва з новымі, важнымі дасягненнямі і знайсці новыя мэтавыя групы карыстальнікаў для бібліятэк.
 

Найноўшым трэндам з’яўляюцца «бібліятэкі рэчаў» у якіх побач з друкаванымі і электроннымі выданнямі прапануюцца такія карысныя прадметы як інструменты, кухонныя прыборы, гульні, скейтбарды, швейныя машынкі альбо сядзенні для дзяцей пад дэвізам «Пазычаць замест таго, каб купляць» і гэта прымаецца чытачамі ўсё ў большай ступені.
 
Сучасныя, добра спраектаваныя архітэктурна будынкі бібліятэк, якія паўсталі ў апошнія 12–15 гадоў у вялікіх гарадах і цэнтрах сярэдняга памеру, нярэдка з’яўляюцца дамінантамі ў панарамах гарадоў. Ператварыць іх у т. зв. «трэція месцы» шмат дзе стала задачай палітыкі ў бібліятэчнай галіне: бібліятэкі хочуць паказаць сябе і свядома быць заўважнымі грамадскасцю. Побач з домам як «першым месцам», працай як «другім месцам» «трэцяе месца» павінна служыць справе творчага паяднання вольнага часу, сустрэчаў, камунікацыі і перадачы інфармацыі. Дасягненнем з’яўляецца той факт, што бібліятэкі пачынаюць выступаць у якасці некамерцыйных форумаў і незаменных партнёраў, якія прапануюць прывабныя стыльна абсталяваныя памяшканні для дачыненняў і свабоднага дыскурсу і маюць шырокую палітру адукацыйных паслуг і разнастайных носьбітаў інфармацыі.

Навуковыя бібліятэкі: іх віды, фундатары, выданні

Да вялікай групы навуковых бібліятэк на ўзроўні федэральных зямель належаць каля 100 універсітэцкіх і больш за 200 бібліятэк ВНУ ў 16 землях, дзяржаўныя і зямельныя бібліятэкі, што выконваюць задачы на рэгіянальным (часткова на нацыянальным) узроўні, больш за 2500 спецыяльных бібліятэк, якія належаць кампаніям, навукова-даследчым установам, цэрквам, клінікам і навуковым таварыствам, бібліятэкі парламентаў федэральных зямель, міністэрстваў і вярхоўных судоў, на нацыянальным узроўні таксама Нямецкая нацыянальная бібліятэка (у Франкфурце-на-Майне і Лейпцыгу), тры цэнтральныя бібліятэкі (навуковая, тэхнічная і прыродазнаўчая, а таксама медыцынская, навакольнага асяроддзя і аграрных навук) і розныя даследчыя бібліятэкі; акрамя таго, Бібліятэка Бундэстагу, бібліятэкі органаў улады і судоў на найвышэйшым узроўні. Фундатарамі бібліятэк выступаюць тут федэральныя землі альбо ўрад, часам трапляюцца змяшаныя формы фінансавання.
Бібліятэкі ўніверсітэтаў і ВНУ служаць у першую чаргу справе забеспячэння літаратурай ды інфармацыяй студэнтаў і выкладчыкаў, імі таксама могуць карыстацца і тыя, хто не належыць да ВНУ, гэта не заўсёды бясплатна. У большасці выпадкаў універсальна абсталяваныя дзяржаўныя і зямельныя бібліятэкі, будучы рэгіянальнымі, служаць справе забеспячэння навуковай інфармацыяй без прывязкі да канкрэтнага месца, яны збіраюць і адсочваюць – дзякуючы існуючым у землях прадпісанням аб прадастаўленні абавязковых экзэмпляраў – усе формы выданняў, якія выходзяць у рэгіёнах.
 
Нягледзячы на тое, што, паводле бібліятэчнай статыстыкі, па-ранейшаму ў вялікай колькасці набываюцца друкаваныя выданні, доля дыгітальных расце: гэта электронныя часопісы, кнігі, рэтра-каталогі фондаў бібліятэк, базы дадзеных ды іншыя электронныя рэсурсы. Іх набыццё, а таксама пакупка нацыянальных ды альянсавых ліцэнзій адбываецца часцей за ўсё праз аб’яднанне ў кансорцыумы пры дапамозе Нямецкага даследчага таварыства, дзякуючы чаму пашыраюцца фінансавыя магчымасці асобных бібліятэк. Такія інструменты, як Інфармацыйная сістэма базаў дадзеных, якая налічвае больш за 12.000 базаў дадзеных, альбо Электронная бібліятэка часопісаў палягчаюць чытачам бібліятэк доступ да электронных выданняў.
 
Існуе выразная тэндэнцыя ператварэння навуковых бібліятэк у навучальныя прасторы, якімі інтэнсіўна карыстаюцца. Зямельныя, рэгіянальныя і ўніверсітэцкія бібліятэкі адзначаюць павелічэнне колькасці чытачоў, якія працуюць у чытальных залах і ўсё часцей карыстаюцца зборамі ў вольным доступе. Часта месца для працы замала, гэта выклікае кароткачасовыя захады па рэгуляванні і патрабуе павелічэння магутнасцяў у доўгачасовай перспектыве. Таму неабходна паслядоўна працягваць будаваць і абсталёўваць навучальныя цэнтры і прасторы. Нягледзячы на імклівую дыгіталізацыю бібліятэкі па-ранейшаму застаюцца фізічнай прасторай. Планаванне пабудоў і недахоп месца будуць і надалей заставацца пякучымі тэмамі, якія будуць актуальнымі для бібліятэк на гады наперад.

Нацыянальныя і міжнародныя дыгітальныя бібліятэкі

У апошнія 10 гадоў асноўная ўвага ў сектары навуковых бібліятэк надавалася паскоранаму развіццю дыгітальных бібліятэк, пераважна з мэтай стварэння цэнтраў дыгітальных інфармацыі і публікацый. Праграмы падтрымкі Нямецкага даследчага таварыства былі накіраваны на інтэнсіўную разбудову электронных рэсурсаў. У адпаведнасці з патрабаваннямі ЮНЭСКА Германія распачала дыгіталізацыю сваіх гістарычных фондаў для таго, каб зрабіць культурную спадчыну агульнадаступнай і ператварыць нацыю ў краіну дыгітальнай культуры. Многія навуковыя бібліятэкі стварылі высокапрадуктыўныя цэнтры дыгіталізацыі і прадаставілі бясплатны анлайн-доступ да шматлікіх рукапісаў Сярэднявечча ды іншых каштоўных фондаў старадаўніх артэфактаў з уласных збораў.
 
Нягледзячы на тое, што дзяржаўныя і зямельныя бібліятэкі не маюць спадзеваў на тое, каб вытрымаць у канкурэнцыі з такімі фінансавымі цяжкавагавікамі як «Гугл Букс», моц створаных дыгітальна бібліятэчных прадуктаў палягае не ў колькасці, а ў якасці ды актыўнай дзейнасці па прадастаўленні вольнага доступу і доўгатэрміновай наяўнасці. Заўважна, што лёгкі доступ да гэтых фондаў павышае інтарэс да культурных каштоўнасцяў і спрыяе таму, каб зацікавіць большую колькасць людзей музеямі, бібліятэкамі, архівамі ды іншымі ўстановамі культуры.
 
Ідэя Нямецкай дыгітальнай бібліятэкі палягае ў тым, каб прадставіць увесь спектр культурных і навуковых скарбаў Германіі. У яе мэтавую групу ўваходзяць не толькі навукоўцы і даследчыкі, але і ўсе грамадзяне. У перспектыве яна прапануе ім просты і бясплатны доступ да мільёнаў (сёння да больш за 24 мільёнаў) кніг, архіўных матэрыялаў, друкаванага музычнага матэрыялу, выяў, скульптур, музычных твораў, аўдыя- і кінадакументаў. Пры гэтым Нямецкая дыгітальная бібліятэка мае вялікае значэнне не толькі на нацыянальным узроўні. З’яўляючыся складовай часткай Еўрапейскай дыгітальнай бібліятэкі «Еўрапеана», якая фінансуецца Еўрапейскай Камісіяй, яна робіць важны ўнёсак у фармаванне грамадскай думкі і паляпшае бачнасць нямецкай культурнай спадчыны на еўрапейскім узроўні.

Ажыццяўленне вольнага доступу і доўгатэрміновай архівацыі

Нямецкія бібліятэчныя асацыяцыі адзіныя з даследчымі ўстановамі і шматлікімі навуковымі арганізацыямі ў тым, што неабходна патрабаваць вольнага доступу да навуковых ведаў і культурнай спадчыны. Рух за вольны доступ прапагандуе новую стратэгію навуковай камунікацыі, якая існуе паралельна з наяўнымі традыцыйнымі каналамі і карыстаецца магчымасцямі, якія прапануе для абмену вынікамі даследаванняў інтэрнэт. Гэта форма публікацыі прадугледжвае, што аўтары прадаставяць усім карыстальнікам правы карыстання і захаваюць копію сваёй працы на архіўным серверы надзейнай установы, каб забяспечыць да яе доўгатэрміновы доступ. З-за таго, што гэта мадэль публікацыі канкуруе з ранейшым спосабам распаўсюду праз традыцыйныя выдавецтвы, становіцца зразумелым, што гэтыя выдавецтвы крытычна ставяцца да абвешчанага бібліятэкамі публікавання ў вольным доступе.
 
Несумнеўна, доўгатэрміновая архівацыя ўяўляе сабой надзвычайны выклік для ўсіх дзейсных навуковых бібліятэк з прычыны вялікага аб’ёму электронных публікацый. З прыняццём закону аб Нямецкай нацыянальнай бібліятэцы былі створаны прававыя рамкі для збору і захавання архіўных копій усіх апублікаваных выданняў, існуючых у нефізічнай форме – для таго, каб забяспечыць доступ для ўсіх. З-за іх імкліва растучага аб’ёму бібліятэкі, архівы ды іншыя ўстановы-захавальнікі шукаюць практычных вырашэнняў праблемаў. Гэта тычыцца асабліва тых бібліятэк, для якіх электронныя рэсурсы ўяўляюць сабой галоўную крыніцу для прадастаўлення інфармацыі. У Германіі ННБ адказная за архівацыю вэб-старонак, што знаходзяцца ў дамене «de» – гэта задача для Геракла, якую амаль што нельга выканаць. Канчаткова вырашана, што справа архівацыі вэб-старонак перадаецца кожнай асобнай установе, а адпаведныя зямельныя бібліятэкі, якія маюць задачу збіраць рэгіянальныя выданні, вымушаны выконваць яе, маючы ў распараджэнні вельмі абмежаваныя сродкі. З-за імклівых зменаў у медыя-сродках і грамадстве захаванне фізічнай і нефізічнай культурнай спадчыны стала прыярытэтным на міжнародным узроўні. Культурныя скарбы Германіі з’яўляюцца часткай калектыўнай памяці чалавецтва і маюць глабальнае значэнне ды ўніверсальную вартасць. Да абсягу адказнасці палітыкаў і грамадства належыць забеспячэнне іх захавання і перадачы наступным пакаленням.
 
Дыгіталізацыя каштоўных фондаў і доступ да іх для ўсяго свету мае велізарныя перавагі не толькі з пункту гледжання карыстальнікаў, але і з меркаванняў іх захавання. Аднак у свеце, які імкліва робіцца дыгітальным, друкаваныя арыгіналы маюць свой кошт і павінны захоўвацца ў доўгатэрміновай перспектыве. Для таго, каб забяспечыць гэта, неабходны падыходзячыя кліматычныя ўмовы ды іншыя ахоўныя механізмы, якія бароняць іх ад разбурэння. На прапанову бібліятэкараў у Берлінскай дзяржаўнай бібліятэцы пры дапамозе дзяржавы была створана арганізацыя па каардынацыі захавання пісьмовай культурнай спадчыны. Мэта ўстановы – збор і аналіз інфармацыі аб захаванні друкаванай культурнай спадчыны, разбудова сетак з мэтай спрыяння супрацоўніцтву паміж арганізацыямі, інфармаванне грамадскасці аб небяспеках, якія пагражаюць друкаванай культурнай спадчыне і прадастаўленне дапамогі ўзорным праектам. Некалькі мільёнаў друкаваных твораў і паліцавых метраў паперы ў архівах і бібліятэках неабходна ачысціць ад акіслення, бо для іх друку выкарыстоўваліся кіслотныя сродкі і папера, зробленая з драўніны.

Паміж сучаснасцю і будучыняй: бібліятэкі ў дыгітальную эпоху

Вера ў значэнне і задачы бібліятэк ды іх будучая роля ў адукацыйнай і культурнай парадыгме прамысловай дзяржавы неабавязкова ўзрасла за апошнія дзесяць гадоў. Ці не прывядуць новыя тэхналогіі да таго, што ў будучыні бібліятэкі будуць працаваць адно толькі ў віртуальнай прасторы альбо будуць заменены бібліятэкамі на воблачных платформах? У залежнасці ад пункту гледжання разглядаючай іх асобы выклікі абраць правільны шлях далейшага развіцця дастойных культурных і адукацыйных устаноў застаюцца велізарнымі. З-за ўплыву інтэрнэту, смартфонаў і дыгітальных медыя-сродкаў чытанне друкаваных кніг не з’яўляецца само сабой зразумелай рэччу. Адначасова зноў і зноў шакуюць паведамленні пра колькасць функцыянальна непісменных у Германіі, якая расце. Таму здольнасць чытаць і папулярызацыя чытання застаюцца побач з (дыгітальнай) медыйнай кампетэнцыяй безумоўна неабходнымі – і так на працягу ўсяго жыцця.
 
Неабходна зрабіць так, каб было зразумела – і не толькі палітыкам, але і СМІ, і насельніцтву – што ў інфармацыйным грамадстве бібліятэкам належыць ключавая роля. Выканаць гэту ролю і апраўдаць звязаныя з ёй чаканні можна толькі тады, калі зразумець і прыняць выклікі інфармацыйнага грамадства, калі бібліятэкі будуць паслядоўна выкарыстоўваць магчымасці тэхналагічных інавацый і арганізацыйных паляпшэнняў і сустракаць фінансавыя і структурныя слабыя месцы бібліятэчнай галіны Германіі ідэямі, крэатыўнасцю і свядомым даверам да сваіх задач і агульнаграмадскай ды дэмакратычнай адказнасці.