Літаратура для дзяцей і моладзі
Ты робішся тым, што чытаеш?

Яшчэ нядаўна грань паміж ідэалам ды ідэалагізацыяй у літаратуры для дзяцей і моладзі была зусім тонкай.
Яшчэ нядаўна грань паміж ідэалам ды ідэалагізацыяй у літаратуры для дзяцей і моладзі была зусім тонкай. | Фота (фрагмент): picture alliance/ZB/ddrbildarchiv

Літаратура для дзяцей і моладзі павінна адкрываць свет магчымасцей і прышчапляць ідэалы, нормы і каштоўнасці ў духу часу. А што, калі яна заходзіць занадта далёка? Цягам гісторыі кнігі стала пераглядаліся ў ідэалагічным плане альбо павінны былі накіраваць сваіх юных чытачоў у пэўным палітычным кірунку.
 

«Кнігі для дзяцей – гэта падмурак кожнай дэмакратычнай краіны. Калі мы хочам, каб нашы дзеці раслі свядомымі адказнасці грамадзянамі, то няма нічога больш важнага за добрыя кнігі. Так яны знаёмяцца са светам з свайго пакою». У інтэрв’ю тыднёвіку «Дзі Цайт» унук Астрыд Ліндгрэн Оле Нюман распавядае пра літаратурны запавет сваёй бабулі і месца і ролю дзіцячай літаратуры. Нагода для гэтага - не ўрачысты юбілей, а той факт, што ў Швецыі раннім летам 2019 г. правыя палітыкі спасылаюцца на творы Ліндгрэн.
 
Супраць інструменталізацыі тэкстаў сваёй бабулі выступае Оле Нюман – кіраўнік кампаніі Astrid Lindgren Company, якая распараджаецца спадчынай пісьменніцы. Выкарыстанне ўлюбёных персанажаў Ліндгрэн правымі палітыкамі падаецца чужародным, бо аўтарка на працягу свайго жыцця адкрыта і рашуча выступала за мірнае, талерантнае і роўнапраўнае суіснаванне. Акрамя таго, гэты прыклад далёка не адзінкавы выпадак: літаратура для дзяцей і моладзі ўсё часцей паклікаецца на службу палітычных, рэлігійных альбо грамадскіх ідэй ды ідэалаў: ці праз ператлумачэнне, як у дадзеным выпадку, альбо праз свядомае ўпісанне і скіраванне ў адпаведныя кантэксты.

Погляд назад

Калі азірнуцца на гісторыю нямецкай літаратуры для дзяцей і моладзі, то не трэба доўга шукаць, каб знайсці прыклады выкарыстання  – з розных кірункаў і пад рознымі знакамі. Сучасная літаратура для дзяцей і моладзі выступае галоўным чынам за прывабную эстэтычна, разнайстайную забаву ва ўсіх жанрах і відах, але таксама і за жаданне паспрыяць таму, каб дзеці і моладзь раслі адкрытымі дарослымі, упэўненымі ў сабе і самасвядомымі асобамі. Імкненне, якога не знайшлося б ні ў першыя гады ГДР, ні ў часы нацыянал-сацыялісцкага рэжыму.
 
Выкарыстоўваючы цалкам розную ідэалагічную падаплёку і мэты ў той час, у абодвух выпадках былі дасягнутыя ідэалагічная ўніфікацыя ці ідэалагічна адзіная скіраванасць кніжнага рынку, якія дапускалі няшмат выключэнняў: калі кантроль і цэнзура літаратуры для дзяцей і моладзі, якія пачаліся з прыходам нацыянал-сацыялістаў да ўлады ў студзені 1933 г., былі накіраваны на літаратурнае выхаванне, што было на службе т. зв. «народнай» супольнасці, вайны і абсалютнага паслушэнства, то кнігі для дзяцей і моладзі, якія выходзілі пасля сканчэння Другой сусветнай вайны ў ГДР, служылі ў першую чаргу сістэматычнаму выхаванню сацыялістычнага чалавека.
 
«Вось калі б я быў салдатам, то пастраляў бы ворагаў кулямі і шротам як мышэй!» У гэтым творы ўзору 1915 г. аўтары імкнуліся паказаць жыццё саладата ў якасці жаданай мэты. «Вось калі б я быў салдатам, то пастраляў бы ворагаў кулямі і шротам як мышэй!» У гэтым творы ўзору 1915 г. аўтары імкнуліся паказаць жыццё саладата ў якасці жаданай мэты. | Фота: CC BY-NC-SA 3.0 Loewes Verlag Пры гэтым у абодвух выпадках ідэі ды ідэалогіі, што стаялі за імі, знаходзяца ў нямецкай літаратуры для дзяцей і моладзі яшчэ ў часы Ваймарскай Рэспублікі і Кайзераўскай імперыі – тады як грані цалкам разнастайнага і шматбаковага кніжнага рынку. Калі пачынаючы з сярэдзіны 19 ст. гістарычныя раманы ўжо часта ставіліся на службу патрыятычнага выхавання і ідэалагічнага настройвання на вайсковыя канфлікты, прапагандавалі гларыфікуючыя вайну настроі, то ў пачатку 20 ст. з’явілася – як вынік руху рэформ часоў змены стагоддзяў – сацыялістычная літаратура для дзяцей і моладзі, якая распавядала пра такія ідэалы, як братэрства, салідарнасць ды пралетарскае свабодалюбства.  

Ідэал і маніпуляцыі

Погляд у мінулае наглядна дэманструе, наколькі тонкай з’яўляецца ў некаторых месцах грань паміж ідэалам і ідэалагізацыяй, і што абагульненні часам рабіць цяжка альбо немагчыма. Таму варта сачыць за зменамі на рынку літаратуры для дзяцей і моладзі таксама і па-за мэйнстрымам і актуальнымі трэндамі, і крытычна ставіцца да іх.
 
Погляд назад паказвае, які доўгі шлях ад свайго нараджэння прайшла літаратура для дзяцей і моладзі. Як шмат зменаў яна зазнала цягам стагоддзяў у адпаведнасці з духам часу, педагагічнымі, грамадскімі, палітычнымі і не ў апошнюю чаргу мастацкімі ўяўленнямі, пакуль не стала адкрытай і шматбаковай літаратурай для дзяцей і моладзі – такой, якой мы ведаем яе сёння, якой паказвае яе Оле Нюман. Талерантнасць, чалавечнасць, салідарнасць, эмансіпацыя, смеласць і крытычнае стаўленне могуць быць названы сёння тэмамі і асноўнымі каштоўнасцямі тэкстаў для дзяцей і моладзі.