Клеменс Маер
Майстар кароткай дыстанцыі

Клеменс Маер на літаратурных чытаннях.
Клеменс Маер на літаратурных чытаннях. | Фота (фрагмент): © picture alliance/ dpa-Zentralbild/ZB/Rainer Justen

Аповяды пра кіроўцаў пагрузчыкаў ды сэкс-работнікаў: пісьменнік Клеменс Маер вядомы перадусім сваімі кароткімі гісторыямі, героямі якіх з’яўляюцца людзі, якіх часта называюць «краем грамадства». Ён таксама стварыў сабе імя, будучы аўтарам раманаў і сцэнарыяў.
 

Людзей, якія цікавяць Клеменса Маера і якім ён дае мову, твар, гісторыю, можна назваць аўтсайдэрамі: уласнік бардэлю і сэкс-работнік, шоўмэны аднаго з лейпцыгскіх кірмашоў, работнікі аптовага гандлю, якія ездзяць на пагрузчыках па праходах супермаркету ў халодным неонавым святле, працуючы ў начную змену. Аднак літаратар, які атрымаў шмат прэмій, надае вялікае значэнне таму, каб усе гэтыя персанажы паходзілі з гушчы грамадства, былі «часткай нашага свету».

Літаратурны талент з Лейпцыгу

Клеменс Маер рос у рабочым квартале Лейпцыга ў 1980-х, там жа ён сустрэў аб’яднанне Германіі. Ён навучаўся ў Нямецкім літаратурным інстытуце, па ўласных дадзеных, фінансаваў сваю вучобу, працуючы вартаўніком, упакоўшчыкам мэблі і кіроўцам пагрузчыка.
 
Яго дэбютны раман «Als wir träumten» («Калі мы марылі»), у якім ён перапрацоўваў уласны досвед часу пасля палітычных зменаў, выйшаў у свет у 2006 г. Праз два гады быў апублікаваны зборнік апавяданняў «Die Nacht, die Lichter» («Ноч, агні»), які быў узнагароджаны Прэміяй Лейпцыгскага кніжнага кірмаша. Раман «Im Stein» («У камні» – 2013), які распавядае пра сэкс-работнікаў, быў уключаны ў шорт-ліст Нямецкай кніжнай прэміі і атрымаў Брэменскую літаратурную прэмію.

На кароткай дыстанцыі

Крытыкі прызнаюць за Маерам, які таксама працуе перакладчыкам, уменне перадаць «на кароткай дыстанцыі» жаданні і мары людзей – «разумна скампанавана» і «без аніводнага лішняга слова» (MDR). У апошняй кнізе Маера - «Die stillen Trabanten» («Ціхія трабанты» – 2017), у якой ён зноў звяртаецца да фармату кароткіх гісторый, змяшчаюцца расказы пра прайграныя бітвы і грандыёзныя жаданні – такія фармулёўкі дае выдавецтва. У 2019 г. Маер на працягу дзесяці дзён гасцяваў у шэрагу італьянскіх гарадоў, прадстаўляючы гэты твор.

На экране

Зноў і зноў гісторыі Маера трапляюць на экран: «Als wir träumten» быў экранізаваны ў 2015 г. рэжысёрам Андрэасам Дрэзенам, «In den Gängen» («У праходах») – кароткая гісторыя з кнігі «Die Nacht, die Lichter», ішла ў кіно ў 2018 г. Крыху раней Маер напісаў сцэнарый да фільму пра баксёра «Herbert» («Герберт»), які выйшаў на экраны кінатэатраў у 2016 г. Яго апошняя праца для кінематографа – сцэнарый серыі «Angriff auf Wache 08» («Напад на аддзяленне 08») для перадачы Гесенскага тэлерадыё «Tatort», якая транслявалася па тэлебачанні 20 кастрычніка 2019 г. з Ульрыхам Тукурам у галоўнай ролі.

Уласнымі словамі

«Аўтэнтычнай літаратуры не існуе. Можна ўзяць досвед і разбіць яго на кавалкі кувалдай. Затым сабраць наноў.» («Цайт анлайн»)
Рэпетыцыя ў Цэнтральным тэатры Лейпцыга (2010 г.): эпізод з «Die Nacht, die Lichter» – гісторыі кахання, дзеянне якой адбываецца ў халодным неонавым святле аптовага рынку. Рэпетыцыя ў Цэнтральным тэатры Лейпцыга (2010 г.): эпізод з «Die Nacht, die Lichter» – гісторыі кахання, дзеянне якой адбываецца ў халодным неонавым святле аптовага рынку. | Фота (фрагмент): © picture alliance/dpa/Peter Ending