Спажыванне электраэнергіі
Інтэрнэт як пажыральнік энергіі

У глабальным маштабе вылічальныя цэнтры спажываюць траціну энэргіі, неабходнай інтэрнэту.
У глабальным маштабе вылічальныя цэнтры спажываюць траціну энэргіі, неабходнай інтэрнэту. | Фота (фрагмент): © Adobe

Уласны кубак для кавы ў дарогу альбо адмова ад паліэтыленавага пакета ў супермаркце: у штодзённым жыцці многіх немцаў стала больш экалагічнай свядомасці і адказнасці за спажыванне энергіі. Аднак нямногія (яшчэ) задаюцца пытаннем, ці сапраўды кожны запыт у пашукавіку альбо перасылка фатаграфіі сапраўды неабходныя – бо гэта таксама можа быць шкодным для навакольнага асяроддзя.
 

Карыстанне інтэрнэтам шкодзіць навакольнаму асяроддзю? Ва ўсялякім разе яно спажывае вельмі шмат энергіі, па-за межамі энэргіі, спажыванай уласнымі ноўтбукамі альбо смартфонамі. Нават калі мы не здаем сабе справаздачу падчас серыйнага стрымінгу альбо сядзення ў інтэрнэце, перадача дадзеных ажыццяўляецца дзякуючы складанай інфраструктуры з перадаючых мачтаў, вузлавых кропак інтэрнэту і вылічальных цэнтраў. Яны, між іншым, спажываюць вялікую колькасць энергіі, бо аб’ём дадзеных, якія перадаюцца ў сеціве, стала расце – кожны год на прыбл. 30 працэнтаў, расце і патрэба ў энэргіі, якая паўстае ў выніку карыстання інтэрнэтам.
 
Просты прыклад: адзін пошукавы запыт у Гугле – як паведаміла кампанія ў 2009 г. – спажывае 0,3 ват-гадзіны. Гэта адпавядае лямпачцы ў 60 Вт, якая гарыць на працягу 18 секунд. Паводле некаторых ацэнак, у 2018 г. у Гугле здзяйснялася каля 50.000 пошукавых запытаў у секунду. Калі палічыць выдаткі на іншыя прапановы кампаніі – такія, як 400 гадзін відэаматэрыялу, які штохвіліны заладоўваецца на Ю-Туб, то за 2018 г. атрымліваецца 10,6 тэрават-гадзін. Ужо сёння гэта прыблізна адпавядае спажыванню энергіі такім мільённым горадам, як Гамбург (11,9 тэрават-гадзін).
 
Нягледзячы на тое, што Гугл з’яўляецца адным з найбуйнейшых IT-канцэрнаў у свеце, ён ахоплівае далёка не ўвесь інтэрнэт. Паводле некаторых ацэнак, кампанія спажывае толькі ад аднаго да пяці працэнтаў энергіі ад агульных патрэбаў інтэрнэту. Якія існуюць магчымасці ўладкавання найбольш ашчаднага спажывання энергіі інтэрнэтам?

Экалагічныя вылічальныя цэнтры

Навукоўцы ідэнтыфікуюць перадусім тры сферы карыстання інтэрнэтам, якія выкарыстоўваюць аднолькавы аб’ём энергіі: побач з інфраструктурай і такімі канцавымі прыстасаваннямі, як ноўтбукі і смартфоны, з дапамогай якіх мы выходзім у інтэрнэт, гэта перадусім праца вылічальных цэнтраў. Серверы, што стаяць радамі ў вялікіх залах, напаўняюць сеціва кантэнтам. Яны робяць магчымым пошукі ў інтэрнэце, захаванне рэзервных копій у воблаках, функцыянаванне сацыяльных сетак, стрымінгі музыкі і шмат чаго іншага. Побач з забеспячэннем энергіяй вылічальных машын, шмат электраэнергіі выдаткоўваецца на ахалоджанне памяшканняў, бо сістэмы ствараюць шмат адпрацаванага цяпла.
 
Як раз тут і ўваходзяць у гульню тэхналогіі, мэта якіх – зрабіць вылічальныя цэнтры больш экалагічнымі. Шляхам т. зв. выкарыстання адпрацаванага цяпла спрабуюць здабыць новую энергію з цяпла ад камп’ютараў. Так, напрыклад, вылічальныя машыны ахалоджваюцца вадой, якая праз гэта награваецца і сама робіцца носьбітам энергіі. Так можа быць самастойна задаволена патрэба дата-цэнтра ў гарачай вадзе і нават магчыма ашчадзіць частку магутнасцей, якія выкарыстоўваюцца на ахалоджанне. Для апошняга энэргія ад цёплай вады выкарыстоўваецца з дапамогай адсарбцыённай халадзільнай машыны – для таго, каб сгенераваць энергію на ахалоджанне. У Швецыі адпрацаванае цяпло з вылічальных цэнтраў накіроўваюць у сістэму атаплення і выкарыстоўваюць яго, каб абаграваць жылыя дамы. Басейны і цяпліцы таксама атрымліваюць карысць ад паступлення гэтага цяпла ў сістэмы атаплення.
 
У Германіі аб’ём электраэнергіі, які можна ўратаваць, велізарны: гэта 13 тэрават-гадзін, якія ператвараюцца ў цяпло ў вылічальных цэнтрах Германіі і амаль цалкам бескарысна выкідаюцца ў навакольнае асяроддзе. Гэта адпавядае гадавому выдаткаванню энэргіі Берлінам. Але парадаксальным чынам выкарыстанне адпрацаванага цяпла ў Германіі распаўсюджваецца марудна – нягледзячы на тое, што нямецкія прадпрыемствы займаюць вядучыя пазіцыі ў гэтых тэхналогіях. Паводле вынікаў апытанняў, гэта звязана з тым, што бракуе досведу, маштабных канцэпцый і праграм падтрымкі. Большасць уласнікаў нямецкіх вылічальных цэнтраў бачыць вялікі патэнцыял у карыстанні тэхналогіяй, а чвэрць уласнікаў плануе абсталяваць іх падчас наступнай мадэрнізацыі ўстаноўкамі для выкарыстання адпрацаванага цяпла. Побач з павышэннем эфектыўнасці адной з найважнейшых тэмаў з’яўляецца выкарыстанне ў вылічальных цэнтрах рэгенератыўных крыніц энэргіі. Тут сітуацыя ў Германіі выглядае лепей: амаль 30 працэнтаў уласнікаў вылічальных цэнтраў пазначаюць, што робяць стаўку цалкам на ўзнаўляльную энергію.
 
Палітыкі цалкам адабраюць экалагічныя вылічальныя цэнтры. З 2015 г. існуе «Блакітны анёл» – экалагічны лагатып федэральнага ўраду, ён выкарыстоўваецца таксама і для вылічальных цэнтраў. Яго прысвойваюць вылічальным цэнтрам, якія працуюць з эфектыўным выкарыстаннем энергіі, выкарыстоўваюць узнаўляльную энергію і клапоцяцца аб высокай ступені выкарыстання магутнасці. Раней гэты сертыфікат набывалі толькі некаторыя цэнтры.

Эфектыўнае выкарыстанне энергіі не пакрывае ўзрослыя патрэбы

Карыстанне інтэрнэтам, аб’ём якога расце, прывяло да пабудовы ў Германіі шматлікіх новых вылічальных цэнтраў. Гэта наўрад ці зменіцца і ў бліжэйшай будучыні: з ростам сетак і з’яўленнем такіх новых патрабуючых шмат дадзеных рэчаў, як аўтамабілі без кіроўцаў, узрасце і аб’ём дадзеных, і патрэбы ў энергіі.
 
Нягледзячы на ўсе высілкі па абароне навакольнага асяроддзя ў IT-сектары, даследаванні сведчаць перадусім аб адной тэндынцыі: нават калі вылічальныя цэнтры, камп’ютары і смартфоны будуць больш энергаэфектыўнымі, энергія, якую ашчадзяць, не зможа пакрыць узрослы аб’ём яе спажывання ў выніку развіцця інтэрнэту. Таму важна, каб тэма экалагічнасці дыгіталізацыі стала важнай у публічнай прасторы. Нават адно толькі павышэнне эфектыўнасці ў вылічальных цэнтрах – напрыклад, праз выкарыстанне адпрацаванага цяпла – можа адыграць значную ролю ў выніку паслядоўнага яго прымянення. І, можа быць, некаторыя ўстрымаюцца, калі зноў прыйдзе спакуса даслаць сябрам фатаграфію вячэры.