Пераклад коміксаў
Пра моўную гульню ў воблачках з тэкстам

Для пераклада коміксаў характэрны асаблівыя выклікі.
Для пераклада коміксаў характэрны асаблівыя выклікі. | Фота (фрагмент): © Adobe

Якія асаблівасці перакладу коміксаў? Калі пераклады дасягаюць сваіх межаў? Пяць перакладчыкаў распавядаюць пра свае працоўныя будні.

Рынак коміксаў належыць да нямногіх галінаў кніжнага гандлю, якая можа прадэманстраваць сталыя паказнікі росту. Штомесяц выходзяць шматлікія навінкі, многія з іх – замежныя коміксы, якія былі перакладзены. Натуральна перакласці гульню слоў і дыялекты іншых моў ды адначасова змясціць пераклады ў абмежаваныя воблачкі з тэкстам – менавіта гэта тыя выклікі, якія адсутнічаюць падчас перакладу раманаў. Пяць перакладчыкаў паведамляюць пра тое, што робіць іх працу над коміксамі асаблівай.
 

Абмежаванае месца ў воблачках для тэксту: «Adios» не можа ператварыцца ў «Auf Wiedersehen»

Андрэ Хёхэмер жыве і працуе ў Гішпаніі. Цягам апошніх гадоў ён пераклаў на нямецкую мову шмат гішпанскіх коміксаў (Clever & Smart) і графічных навел (Die Heimatlosen, Der Riss, La Casa).

«Мэта перакладу ‒ ці гэта комікс, навукова-папулярная кніга альбо інструкцыя ‒ стала гучыць: захаваць вернасць арыгіналу і прапанаваць чытачам мэтавай мовы такі ж самы зразумелы тэкст. Асаблівасць коміксаў – гэта малюнкі ды іх шчыльная сувязь з тэкстамі. Тэксты ў панэлях, воблачках для рэплік і думак абмежаваны месцам, што ёсць у наяўнасці – у яго трэба змясціць пераклад. Калі ў маленькім воблачку для рэплікі стаіць “Adiós”, то з прычыны недахопу месца нельга перакласці “Auf Wiedersehen”».
Вокладка «La Casa». Вокладка «La Casa». | Фота: © Paco Roca/Reprodukt 2018

Дыялекты і слэнг: «Сачыць за тым, як размаўляе народ»

Франк Б. Нойбаўэр перакладае тэксты з англійскай мовы на нямецкую (напрыклад, Sandman, Geschichten aus dem Hellboy Universum).

«Мова будзе жывейшай, калі сачыць за тым, як размаўляе народ. Таму ў коміксах шмат гульні слоў, гутарковай мовы альбо слэнгу. У манзе часта трапляюцца дыялекты асобных рэгіёнаў. Акрамя таго, я імкнуся пільна прыслухоўвацца да мовы майго адзінаццацігадовага сына і шмат ездзіць на аўтобусе. Там можна пачуць тое-сёе».

Слоўнікавы запас: у нямецкай мове больш разнастайнасці

Перакладчыца Катарына Эрбен з Берліну перакладае, між іншым, і тэксты шведскай малявальшчыцы коміксаў Ліў Штромкуіст на нямецкую мову (Der Ursprung der Welt, Ich fühl’s nicht).

«Выклікам ёсць тое, што слоўнікавы запас абедзьвух моў не аднолькава разнастайны. Нямецкая мова схільная да большай разнастайнасці: так для апісання дзейнасці, для якой у шведскай існуе, напрыклад, тры дзеясловы, у нямецкай ёсць пяць альтэрнатываў».

Культурныя адрозненні: «Адносіны паміж персанажамі важныя»

Япаністка Верэна Мазэр з Нюрнбергу спецыялізуецца на перакладзе манга (напрыклад, Das Land der Juwelen, Café Liebe) ды анімэ.

«Існуе шэраг японскіх паняццяў, якія нельга памысна перакласці на нямецкую. Таксама вельмі спецыфічная школьная культура адыгрывае вялікую ролю ў змястоўным плане, бо дзеянне многіх манга адбываецца ў школе. Таму мяне заўсёды здзіўляе той факт, што некаторыя манга прыходзяцца вельмі даспадобы нашым чытачам. Выглядае, што разуменне культурнага бэкграўнду неабавязковае для таго, каб атрымаць станоўчыя эмоцыі ад гісторыі, а адносіны паміж перасанажамі важнейшыя за атмасферу».

Розны гумар : «Неабходнасць гульні слоў»

Фрайбуржац Ульрых Профрок (напрыклад, Donjon, Herr Hase) – спецыяліст па перакладзе французскіх коміксаў.

«Розніца ў гумары французаў і немцаў часта павышае ступень цяжкасці. У Францыі існуе схільнасць да гульні слоў. Напрыклад комікс “Закаханая Алімпія” (“Olympia in Love”) Катрын Мойрыс: алюзіі закранаюць класіку французскага кіно, мастацтва і літаратуры. Мойрыс звяртаецца да школьных ведаў, напрыклад, да папулярнага верша Віктора Гюго пра Напалеона, які ў Германіі не ведае амаль ніхто. У коміксе “Дзённікі Эстэр” (“Esthers Tagebücher”) Рыяда Сатуфа выкарыстоўваецца верлан – моладзевая мова, у якой перастаўляюцца склады – гэта не паддаецца прамому перакладу».