Падкасты
Прыцягальнасць аўдыя

Падкасты – непрацяглая забава падчас паездак чыгункай.
Падкасты – непрацяглая забава падчас паездак чыгункай. | Фота (фрагмент): © Adobe

Кожны чацвёрты немец слухае падкасты, у ЗША ўжо  ̶  кожны другі. Што робіць аўдыяперадачы такімі папулярнымі і хто бярэ ўдзел у нямецкамоўнай сферы падкастаў?
 

Падкасты маюць высокую кан’юнктуру: на адным iTunes у красавіку 2020 г. можна было абраць больш за мільён розных падкастаў, што мелі больш за 30 мільёнаў розных асобных эпізодаў, і кожны дзень да іх дадаюцца новыя.
 
Сусветным лідарам гэтага трэнду з’яўляюцца ЗША. Ужо ў 2005 г. слова-гібрыд з Новага оксфардскага слоўніка амерыканскай англійскай мовы было абрана словам года: «podcast» складаецца з «pod» – у залежнасці ад інтэрпрэтацыі скарот для «play on demand» альбо «ipod», а склад «cast» – ад «broadcast». Сёння больш чым кожны другі амерыканец падпісаны на які-небудзь падкаст. У Германіі рэгулярна праслухоўвае такія перадачы кожны чацвёрты грамадзянін. У групе слухачоў узросту ад 16 да 29 гадоў нават больш чым кожны трэці. Што ж робіць аўдыясерыі такімі папулярнымі?

Адукацыйны кантэнт для пасіўнага вывучэння

Многія слухачы разглядаюць падкасты як магчымасць азнаёміцца ў будзённым жыцці з тэмамі, якім прадастаўляецца замала месца ў класічных медыя-фарматах. Акрамя таго, яны могуць слухаць падкасты паралельна з рознымі іншымі заняткамі – падчас паездак на працу і дадому, падчас заняткаў спортам альбо выкананнем хатняй працы. Менавіта ў гэтым і палягае патэнцыял фармата: вы можаце метанакіравана выкарыстоўваць вялікую частку свайго будзённага жыцця для адукацыі альбо забавы.
Вірусолаг Крысціан Дростэн распавядае ў падкасце NDR пра новыя адкрыцці, звязаныя з пандэміяй каронавірусу. Вірусолаг Крысціан Дростэн распавядае ў падкасце NDR пра новыя адкрыцці, звязаныя з пандэміяй каронавірусу. | Фота (фрагмент): © picture alliance/dpa/Christophe Gateau Асобныя праграмы вельмі разнастайныя. Некаторыя расказваюць гісторыі, што складаюцца з многіх эпізодаў, іншыя прысвечаны пэўным навукова-папулярным тэмам, астатнія канцэнтруюцца на інтэрв’ю. Паводле даследавання Бітком, у Германіі большасць слухачоў цікавіцца праграмамі са сферы палітыкі і навінаў, затым ідзе кіно, тэлебачанне, спорт, вольны час і гумар. Падкасты на навуковыя тэмы таксама папулярныя. Усё больш універсітэтаў прапануюць такім чынам пазнаёміцца з сваімі лекцыямі. Цяпер у Германіі вельмі папулярныя сатырычныя дыялогі паміж Янам Бёмэрманам і Олі Шульцам – у межах іх падкасту Fest & Flauschig. Фармат збірае каля 100.000 слухачоў кожны тыдзень і гэтага хапае, каб заняць першае месца ў чартах Spotify.
«Fest & flauschig»: сатырыкі Ян Бомерман і Олі Шульц на мяккай канапе. «Fest & flauschig»: сатырыкі Ян Бомерман і Олі Шульц на мяккай канапе. | Фота: © picture alliance/dpa/Henning Kaiser

Надзея на бізнес з мільённым прыбыткам

Што тычыцца больш мільёна падкастаў на адным толькі iTunes, то можна зрабіць выснову, што толькі частка велізарнай прапановы карыстаецца камерцыйным поспехам. На вяршыне чартаў падкастаў знаходзіцца аднак бізнэс з мільённым прыбыткам: The Joe Rogan Experience, які налічвае 200 мільёнаў спампоўванняў штомесяц і з’яўляецца найпаспяховейшым падкастам у ЗША, у 2019 г. ён прынёс каля 30 мільёнаў долараў ЗША.
 
Існуюць розныя шляхі зарабіць грошы з дапамогай падкасту. Адзін з іх – заключыць эксклюзіўную здзелку з Apple, Spotify ці якім іншым стрымінгавым сервісам. У маі 2020 г. Spotify аформіў дагавор на The Joe Rogan Experience: верагодна для таго, каб атрымаць для сябе велізарную колькасць слухачоў. Падобныя прапановы недаступныя для вытворцаў падкастаў з малой колькасцю прыхільнікаў. Замест гэтага яны могуць прадаваць абанементы ці спрабаваць збіраць ахвяраванні сваіх фанатаў. Яшчэ адзін варыянт – гэта рэклама: і спансіраваныя эпізоды, і рэкламнае размяшчэнне прадукцыі не з’яўляюцца рэдкасцю ў свеце падкастаў.

Стварэнне падкасту

Уласнікаў падкаст-сервісаў асабліва радуе тое, што аўдыяперадачы даволі нескладана ствараць. Першы крок у свет стваральнікаў падкастаў зрабіць лёгка: «Увогуле, падтрымліваць падкаст-сервіс вельмі проста і выгадна. Трэба толькі мець прыладу для запісу – у якасці яе можа нават выступаць смартфон – і RSS Feed адпаведнага фармату, каб быць уключаным у прапанову на розных платформах», - тлумачыць нам Аляксандр Штэгіш, эксперт у галіне падкасту і суўласнік аўстрыйскага фармату для футбольных фанатаў Spielfrei.
 
Творчае агенцтва Штэгіша таксама падтрымлівае іншых уласнікаў падкастаў – у справе стварэння і тэхнічнай рэалізацыі іх фарматаў. Нягледзячы на тое, што базавы прынцып “Запіс. Заладаванне. Праслухоўванне” выглядяе простым, шлях да паспяховага падкасту можа быць вельмі доўгім. Ён тлумачыць: «Хаця стварэнне падкасту вельмі простае, на павышэнне якасці неабходна патраціць шмат часу. Прылады для запісу, мікрафоны, саўндпанелі ды інш. – ёсць шмат сфераў, якія можна аптымізаваць. Да таго часу, пакуль мы знайшлі прыймальныя мікрафоны, у падсобным памяшканні назбіралася шмат рэчаў.» Сюды трэба аднесці і пост-вытворчасць, г. зн. нарэзку і рэдагаванне падкаста перад публікацыяй. «На гэта патрэбны час. Аднак і тут можна зэканоміць грошы, працуючы з такім бясплатным праграмным забеспячэннем, як Audacity. Альтэрнатывы – такія як Adobe Audition – платныя, але апрацоўка з іх дапамогай адбываецца хутчэй».
 
Каб данесці падкасты да людзей, уласнікі Spielfrei робяць стаўку перадусім на сацыяльныя сеткі і абмен з іншымі ўласнікамі падкастаў: «Калі вы можаце дазволіць сабе кампаніі ў сацсетках альбо рэкламныя ролікі ў іншых падкастах, то гэта – вельмі прадуктыўны метад здабыцця новых слухачоў. Калі ўласная перадача даволі вялікая, то, між іншым, запрашаюць у іншыя падкасты. Гэта таксама робіць свой унёсак у павышэнне ліку слухачоў». Аднак галоўную ролю адыгрывае перадусім змест. Урэшце, у выніку кожны слухае тое, што яму падабаецца.