Пандэмія каранавірусу
Як вірус змяняе наша жыццё

«The world is temporarily closed»: пандэмія каранавірусу часова спыніла шмат сфераў грамадскага і гаспадарчага жыцця.
«The world is temporarily closed»: пандэмія каранавірусу часова спыніла шмат сфераў грамадскага і гаспадарчага жыцця. | Фота (фрагмент): Edwin Hopper/Unsplash.com

З вясны 2020 года пандэмія каранавірусу спыняе ўвесь свет. Небывалае ўмяшальніцтва ў будзённае жыццё павінна дапамагчы пагасіць успышку каранавірусу. Некаторыя сферы нашага грамадства могуць быць закранутыя ім на доўгі тэрмін. Падвядзенне вынікаў.
 

Навакольнае асяроддзе: усяго толькі кароткая перадышка

Дэльфіны з’явіліся там, дзе раней праходзілі круізныя лайнеры – гэта нібыта радасная навіна з Венецыі абышла свет падчас пандэміі каранавіруса. Аднак арганізацыя абароны навакольнага асяроддзя «Грынпіс» хутка высветліла: відэа, якое было распаўсюджана, дэманстравала дэльфінаў не у Венецыі, а ў гавані сардынскага горада Кагліары. А там яны зусім не рэдкія госці. Таксама і нібыта чысцейшая вада ў Венецыі з’явілася ў выніку адсутнасці пад’ёму адкладанняў з дна і не з’яўляецца паказнікам лепшай якасці вады. Няўжо прырода не скарысталася пандэміяй каранавірусу, каб адпачыць? Менш руху на вуліцах, прамысловая вытворчасць часткова спынена, офісы апусцелі, самалёты на зямлі – лёгка можа ўзнікнуць уражанне, што вірус ратуе наш клімат. Аднак Федэральны камітэт абароны навакольнага асяроддзя ўдакладняе: «Калі б пандэмія каранавірусу мела б пазітыўны ўплыў на якасць паветра, выкіды парніковых газаў і рызыкі для здароўя, выкліканыя шумам, то гэта быў бы кароткачасовы эфект». Доўгачасовага паляпшэння можна было б дасягнуць, праводзячы мэтанакіраваную палітыку па абароне навакольнага асяроддзя, якая б змяніла паслядоўна і на доўгі час інфраструктуру, парадыгмы спажывання і мабільнасці. Іншымі словамі: калі пасля крызіса эканоміка будзе функцыянаваць як раней, а рух зноў узмоцніцца, то шкода для навакольнага асяроддзя зноў узрасце.

Эканоміка: цяжкая рэцэсія

Лакдаўн у выніку каранавірусу і цяжкая знешнеэканамічная сітуацыя, перадусім з погляду на ЗША, прывялі Германію да рэцэсіі. Паводле дадзеных Федэральнага статыстычнага камітэту, зменшыліся перадусім прыватныя спажывецкія выдаткі, а таксама інвестыцыі ў машыны, прыборы і транспартныя сродкі. Ужо ў першым квартале 2020 года былі зафіксаваны страты ў памеры 2,2 працэнта ўнутранага валавога прадукту. Але ў параўнанні з іншымі вялікімі еўрапейскімі краінамі сітуацыя ў Германіі выглядае вельмі добра: у Францыі, другой пасля Германіі народнай гаспадарцы еўразоны, эканоміка здала за перыяд са студзеня да красавіка 2020 года на 5,8 працэнта, у краіне нумар тры – Італіі – на 4,7 працэнты. У выніку абрынання кан’юнктуры ў першым квартале, паводле ацэнак эканамістаў, найніжэйшая кропка аднак яшчэ не дасягнута. Федэральны ўрад чакае ў 2020 годзе найцяжэйшай рэцэсіі за пасляваенны перыяд. Паводле нядаўняй ацэнкі Савета экспертаў па аналізе агульнаэканамічнага развіцця, у народзе ‒ «знаўцаў эканомікі», унутраны валавы прадукт Германіі знізіцца за 2020 год на шэсць-сем працэнтаў. Для параўнання: падчас эканамічна-фінансавага крызісу 2009 года ўнутраны валавы прадукт Германіі знізіўся на 5,7 працэнта. Падчас пандэміі каранавірусу ў Германіі таксама павысілася беспрацоўе. Квота беспрацоўя складала ў чэрвені 2020 года 6,2 працэнта – на 1,3 працэнта вышэй за стан у чэрвені 2019 года. Гэта на 640.000 беспрацоўных больш, чым у мінулым годзе.

Працоўны свет: гібрыдныя рашэнні для новай гнуткасці

У той час, калі многія людзі падчас лакдаўну сутыкнуліся са скарачэннем аб’ёму працы і з-за гэтага зменшыліся іх даходы ды з’явілася пагроза беспрацоўя, у іншых работнікаў, напрыклад, у сферы забеспячэння прадуктамі альбо ў сістэме аховы здароўя, нават павялічылася нагрузка, яны таксама сутыкнуліся з асабліва высокай рызыкай заражэння інфекцыяй. У іншай часткі работнікаў месца працы перамясцілася ва ўласныя чатыры сцяны – у хоўмофіс. Мікраблогінгавы сервіс Твітар быў сярод першых кампаній, якія адправілі сваіх супрацоўнікаў ва ўсім свеце на працу дома. Офісы павінны быць закрыты да верасня 2020 года, а супрацоўнікі павінны самі вырашыць, ці вяртацца ў офісы і, калі так, то калі. Зразумела, што офіс у яго традыцыйнай форме падаецца састарэлым, заявілі аб сабе новыя больш гнуткія магчымасці працы. Падаецца, што шлях у будучыню – гэта гібрыдныя працоўныя сітуацыі, калі частка супрацоўнікаў працуе ў офісах, а іншыя – мабільна альбо на ўдалёнцы – так вынікае з даследавання кампаніі «Адэка». Акрамя таго, многія работнікі вымушаны былі пазнаёміцца з такімі новымі тэхнікамі працы, як відэаканферэнцыі. Гэта можа прывесці да таго, што ў будучыні не спратрэбяцца ўсе камандзіроўкі і падзеі, якія патрабавалі асабістай прысутнасці. Што будзе мець уздзеянне на мабільныя паводзіны: менш затораў у руху на працу з прыгарадаў і назад, менш унутраных авіярэйсаў штотыдзень. Акрамя таго, даследаванне паказала, што пандэмія каранавірусу можа быць прадвеснікам канца працоўных дамоў, якія грунтуюцца на колькасці працоўных гадзін і 40-гадзіннага працоўнага тыдню, бо сярод работнікаў зніжаецца прыняццё строгага 40-гадзіннага працоўнага тыдню. Больш за дзве траціны (69 працэнтаў) выступаюць за «арыентаваную на вынікі працу», у выпадку з якой дагаворы грунтуюцца на дасягненне ўзгодненых мэтаў, а не на пэўнай колькасці працоўных гадзін.

Медыі: вяртанне лінейнага тэлебачання

Не здзіўляе той факт, што падчас пандэміі ўзрасло спажыванне медыйных прадуктаў. Такія навіновыя кампаніі, як «Нямецкая Хваля», паведамілі пра рэкордную колькасць праглядаў іх анлайн-прадуктаў. Найпапулярнейшым фарматам былі навіны ва ўсіх магчымых формах падачы. Паводле апытання аддзела «СМІ і сфера забаў» кансалтынгавай кампаніі «Дэлойт», колькасць чытачоў фінансаваных праз рэкламу анлайн-навін павысілася на 35 працэнтаў. Акрамя таго, усё больш карыстальнікаў былі гатовы плаціць за кантэнт: рэгулярнае карыстанне платным прэміум-кантэнтам павысілася на 25 працэнтаў, выдаткі на платныя нумары газет у форме pdf альбо мабільных дадаткаў ‒ нават на 31 працэнт. Акрамя таго, зазнала адраджэнне лінейнае тэлебачанне: у 21 працэнта апытаных кампаніяй «Дэлойт» тэлевізар штодня быў уключаны на дзве гадзіны даўжэй, чым да пандэміі. Нават такая мэтавая група як моладзь, у выпадку з якой спажыванне ТВ-кантэнту дагэтуль паслядоўна і выразна знізілася, зноў адкрыла для сябе лінейнае тэлебачанне. Гэта вяртанне да жыцця адбылося не за кошт праграм Video-on-Demand (VoD): амаль палова карыстальнікаў Video-on-Demand спажывалі выразна больш кантэнту, чым перад пачаткам прафілактычных захадаў у звязку з каранавірусам. 30 працэнтаў апытаных таксама інтэнсіўней слухалі радыё. Перадусім падкасты атрымалі дадатковы штуршок і знайшлі выхад з нішы для знаўцаў тэхнікі. Перадачы часта значна больш заглябляюцца ў тэмы, чым класічныя навіны ТВ і радыё, і паказалі лепшы вынік сярод карыстальнікаў дзякуючы якаснай падрабязнай інфармацыі. У пагрозлівай сітуацыі пандэміі многія карыстальнікі звярнуліся да традыцыйных СМІ. Паводле даследавання навіновага агенцтва «Рэйтэр», апублікаванага ўлетку 2020 года, гэтыя медыйныя кампаніі карыстаюцца большым даверам, чым сацыяльныя сеткі. Парадокс пандэміі: нягледзячы на павышанае карыстанне, многія выдавецтвы сутыкнуліся з сур’ёзнымі фінансавымі праблемамі, бо іх даходы ад рэкламы ў выніку крызісу спыніліся.

Рынак твораў мастацтва: пераход у анлайн

Выстава-кірмаш «Art Fair Mannheim» (ліпень 2020 г.) – першая, якая прайшла віртуальна. Лайв-стрымінг, тэлетрансляцыі, віртуальнае наведванне выставаў – гэта тыя шляхі, якімі пайшоў свет мастацтва ў часы пандэміі. Доўгі час класічны гандаль скептычна ставіўся да збіральнікаў са сферы эканомікі і фінансаў, якія набывалі мастацкія творы з дапамогай смартфона, а не ва ўласніка галерэі, якому давяраюць. Пандэмія каранавірусу стала прычынай змены трэндаў, бо ў яе выніку інтэрнэт-гандаль набыў большае значэнне для рынку твораў мастацтва. Уласнік галерэі ў Берліне Томас Фішэр карыстаецца гандлёвай платформай BerlinViews.com, каб прадстаўляць творы сваіх мастакоў: «Сайт прапануе 25 берлінскім галерэям магчымасць прадставіць па аднаму мастаку з свайго рэпертуару і адначасова прадаць творы мастацтва». У той час, калі некаторыя назіральнікі лічаць, што знаходкі ў андэграўд-галерэях, оф-спэйсах, субкультурах і школах мастацтва хутка стануць гісторыяй, а выхад на рынак маладых незнаёмых мастакоў будзе ўскладнёны, Фішар бачыць праблемы хутчэй у звышкамерцыйным сектары. Такія знакамітыя аўкцыёны, як «Нагель» у Штутгарце, сутыкнуцца з фінансавымі праблемамі, вядомыя выставы-кірмашы твораў мастацтва ад Кёльна і Брусэля да Швейцарыі будуць адмененыя. Такім выпадаючым падзеям, як вернісажы, ён надае невялікае значэнне: «Вырашальным для большасці галерэй з’яўляецца інтэнсіўная праца з зацікаўленымі асобамі. Куратар музею не абавязкова прыходзіць на вернісаж, ён дамаўляецца аб наведванні па неабходнасці». Па яго назіраннях, часовае закрыццё многіх асяродкаў культуры не стрымала мастакоў ад далейшай творчасці.

Тэатр: колькі грошай дастаткова?

Улетку 2020 года ў Германіі зноў было дазволена правядзенне культурных мерапрыемстваў – пры захаванні дыстанцыі і правілаў гігіены. Аднак гэтыя мерапрыемствы – ці гэта былі канцэрты на свежым паветры, дзе захоўвалі дыстанцыю, гастролі пад вольным небам, невялікія тэатральныя паказы ў публічнай прасторы альбо парадзелыя шэрагі гледачоў у залах ‒ мелі наступствам невысокі прыбытак і меншую колькасць сродкаў на стварэнне твораў. Дзяржаўныя тэатры гэта закранула менш, чым шматлікія прыватныя, вольныя сцэны і вольных акцёраў. Нідзе ў свеце – у параўнанні з колькасцю насельніцтва ‒ не было так шмат тэатраў, музеяў і канцэртных залаў, як у Германіі перад пандэміяй: 130 публічных сімфанічных і камерных аркестраў, каля 6.800 музяеў, 40 канцэртных залаў ды каля 7.000 фестываляў з’яўляюцца спадчынай федэралістычнай палітыкі ў сферы культуры. У Германіі за культуру адказваюць у першую чаргу грамады, аднак яны самі змушаны змагацца з пандэміяй. «Пасля каранавіруса гаворка будзе ісці аб наступным: Колькі сродкаў застаецца для вольнай сцэны? Якія праграмы падтрымкі працягваюцца?» – тлумачыць культуролаг Юліус Хайніке ў інтэрв’ю «Нямецкай Хвалі». У межах праграмы «NEUSTART KULTUR» у 2020 і 2021 гг. федэральным урадам на сферу культуры будзе выдаткавана агулам прыкладна на мільярд еўра больш.