Стрымінгавыя сервісы
Па запатрабаванні

Стэнд серыяла Netflix «Dark» на кірмашы камп’ютарных гульняў «Gamescom 2019» у Кёльне.
Стэнд серыяла Netflix «Dark» на кірмашы камп’ютарных гульняў «Gamescom 2019» у Кёльне. | Фота (фрагмент): © picture alliance/Christoph Hardt/Geisler-Fotopress

Netflix, Apple TV альбо RTL TV Now – стрымінг серыялаў і фільмаў у Германіі перажывае бум. Публічна-прававыя тэлекампаніі падцягваюцца – і ствараюць нават вельмі дарагія серыялы міжнароднага значэння.
 

Сярод Netflix, Amazon Prime Video і К пануе настрой золаташукальнікаў: у канцы 2019 года уласнікі платных і фінансаваных за кошт рэкламы відэа-стрымінг-сервісаў зарабілі агулам 3,6 мільярдаў еўра – пра гэта паведаміла кансультатыўна-даследчая група «Голдмедыя» ў сваім найноўшым даследаванні. Паводле меркавання аналітыкаў, гэтыя лічбы павінны ўзрасці ў будучыні: да 2024 года чакаецца штогадовы прырост у памеры прыкладна 13 працэнтаў.
 
Лідарамі сярод стрымінгавых сервісаў у Германіі былі ў пачатку 2020 года Amazon Prime Video, які прадаў найбольшую колькасць стрымінгавых абанементаў і яго найвялікшы канкурэнт Netflix, колькасць штодзённых наведванняў якога лідыруе. Побач з фільмамі іншых вытворцаў транслятар з Каліфорніі прапануе ўсё больш уласнага кантэнту, гэта т. зв. «Netflix Originals». Пасля здабыцця міжнароднага поспеху серыяламі «Stranger Things», «The Crown» альбо «Black Mirror» у 2017 годзе выйшаў першы прадукт Netflix у Германіі – серыял «Dark». Амазон таксама стварае ўласны кантэнт – напрыклад, такія серыялы з зоркамі, як «Homecoming» – з удзелам Джуліі Робертс, «Modern Love» з Анэ Хатауэй альбо працяг камедыйнага серыялу «Pastewka» ў Германіі.
 
Аднак Netflix ды Амазон не адны на рынку. У 2015 годзе платны ТВ-канал Sky стварыў ўласны стрымінгавы сервіс Sky Ticket. Сервіс Disney+ стартаваў у сакавіку 2020 года у Германіі і заняў 6 месца ў нямецкіх стрымінгавых чартах са сваім серыялам аб зорных войнах «The Mandalorian». Побач з гэтым трэнды са сферы прыватных ТВ-каналаў шукалі свайго месца ў стрымінгавым бізнэсе: TV Now ад RTL і Joyn ад ProSiebenSat.1 былі створаны як платформы, якія фінансаваліся за кошт рэкламы; сёння яны маюць факультатыўныя функцыі прэміум-абанементаў. Навічком на рынку з’яўляецца і Apple TV Plus, які паказвае выключна ўласны кантэнт.
Серыял, дзякуючы якому кожны хацеў набыць абанемент Netflix, каб сачыць за палітычнай гульнёй Андэрвудаў: «House of Cards». Серыял, дзякуючы якому кожны хацеў набыць абанемент Netflix, каб сачыць за палітычнай гульнёй Андэрвудаў: «House of Cards». | Фота (фрагмент): picture alliance/Everett Collection/David Giesbrecht

Усё менш моладзі хоча глядзець лінейнае тэлебачанне

Тое, што колькасць стрымінгавых сервісаў расце, не здзіўляе з улікам паводзінаў карыстальнікаў. Хаця многія людзі ў Германіі па-ранейшаму глядзяць традыцыйнае тэлебачанне, доля яго гледачоў сярод насельніцтва зніжаецца. У першую чаргу ад яго адмаўляецца маладое пакаленне. Да гэтай высновы прыйшло летась даследаванне ARD і ZDF: у адпаведнасці з ім 60 працэнтаў моладзі ва ўзросце ад 14 да 29 гадоў прынамсі раз на тыдзень глядзяць тэлебачанне; а 75 працэнтаў глядзіць як мінімум раз на тыдзень відэа праз які-небудзь стрымінгавы сервіс. Дзве траціны маладых карыстальнікаў паведамілі, што як мінімум раз на тыдзень праглядалі праграмы ТБ у сеціве не ў час іх трансляцыі – напрыклад, праз медыятэкі вялікіх каналаў – пра гэта паведамілі прынамсі дзве траціны маладых гледачоў.

Два варыянты, уключаючы медыятэку

На гэтыя змены ў паводзінах гледачоў рэагуюць і публічна-прававыя тэлекампаніі. У той час, калі прыватнікі выйшлі на рынак з платнымі стрымінгавымі сервісамі, тэлекампанія ARD мае намер перадусім «буйнамаштабна разбудоўваць» сваю медыятэку. Гэта таксама азначае, прадастаўляць у лічбавы доступ некаторыя праграмы перад іх трансляцыяй па ТБ. Так, напрыклад, гістарычны серыял «Unsere wunderbaren Jahre» быў спачатку даступны ў медыятэцы і набраў больш праглядаў (агулам каля 7,6 мільёна), чым лінейная трансляцыя па ТБ.
 
Для Томаса Белута з ZDF будучыня канала залежыць ад яго медыятэкі – так, паводле паведамлення СМІ, сказаў дырэктар на канферэнцыі вытворцаў яшчэ ў 2018 годзе. У будучыні ў медыятэцы ZDF неабходна паказваць кантэнт, які мае нязначнае альбо зусім ніякае дачыненне да лінейнай трансляцыі праграмаў. Паводле ўласнай інфармацыі, асаблівую ўвагу ZDF надае свайму спецыялізаванаму каналу ZDFneo, чые фарматы маюць растучыя паказнікі праглядаў у медыятэцы. «Уласнымі ZDFneo-фарматамі, заказной прадукцыяй, сумесна створанай прадукцыяй і міжнароднымі ліцэнзійнымі прадуктамі цікавіцца ў першую чаргу такая мэтавая група, як моладзь»,  ̶   паведамляе ZDF. Увагу да сябе канал прыцягнуў падчас локдаўна, калі за кароткі час стварыў серыялы Drinnen ды Liebe.Jetzt! і паказаў іх у медыятэцы, а таксама пазней, як змантаваны прадукт на канале ZDFneo.
Святкаванні прэм’ер вядомыя ў сувязі з кінафільмамі, а вось «Babylon Berlin» і тут задаў новы маштаб – публікацыя трэцяй часткі інтэнсіўна святкавалася ў канцы 2019 года. Святкаванні прэм’ер вядомыя ў сувязі з кінафільмамі, а вось «Babylon Berlin» і тут задаў новы маштаб – публікацыя трэцяй часткі інтэнсіўна святкавалася ў канцы 2019 года. | Фота (фрагмент): picture alliance/Reuters/Annegret Hilse

Міжнародны ўзровень кіно – made in Germany

У змястоўным і фармальным плане публічна-прававыя кампаніі ўжо даўно імкнуцца трымацца на ўзроўні вялікіх міжнародных вытворцаў. Іх адказы на «House of Cards» альбо «Breaking Bad» гучаць наступным чынам: «Bad Banks» ці таксама «Babylon Berlin». Абедзве – гарызантальна расказаныя серыялы з шматграннымі фігурамі, якія – грунтуючыся на крэатыўных сцэнарах – былі створаны на высокім узроўні і такім чынам знаходзяць мільёны гледачоў.
 
З гэтай мэтай публічна-прававыя кампаніі аб’ядналіся з прыватнымі ці з фірмамі: буйнамаштабны праект «Babylon Berlin» – з бюджэтам у 38 мільёнаў толькі для першых 16 серый, некалькімі сотнямі месцаў здымак, 180 здымачнымі днямі і 5000 статыстамі – паўстаў у выніку кааперацыі паміж ARD і прыватным каналам Sky. Усе тры дагэтуль створаныя часткі былі паказаны спачатку на партнёрскім платным канале – нягледзячы на тое, што фінансаванне часткова ажыццяўлялася за кошт грамадскіх грошай – і толькі праз месяц іх паказалі на ARD. На крытыку медыя-часопіса «DWDL» шэф ARD адказаў, што толькі ў межах падобных кааперацый магчыма забяспечыць «такую высокую якасць». Каналы спадзяюцца на міжнародны попыт: напрыклад, «Bad Banks», сумесны прадукт каналаў ZDF і Arte, а таксама двух прыватных фірмаў з Гамбургу і Люксембургу, за кароткі час быў прададзены не толькі многім краінам, але і розным стрымінгавым платформам, сярод якіх – Netflix і Amazon Prime Video, а таксама HBO Скандынавія і амерыканская платформа Hulu. Ствараючы новы буйнафарматны прадукт, ZDF разлічвае на распаўсюд на міжнародным рынку: на той жа 2020 год запланавана экранізацыя бестселера Франка Шэтцынга «Der Schwarm». Здымаць будуць на англійскай мове, у праекце бярэ ўдзел стваральнік «Гульні прастолаў» Франк Долгер, а ў якасці партнёраў каналы RAI, Французскае тэлебачанне і скандынаўская платформа Viaplay.