Франкфурцкі кніжны кірмаш-2020
Анэ Вебер атрымала Нямецкую літаратурную прэмію

Уручэнне Нямецкай літаратурнай прэміі-2020 Анэ Вебер
Фота (фрагмент): Arne Dedert © picture alliance/dpa/POOL

Кніга Анэ Вебер «Анэтэ, эпас пра гераіню» атрымала перад адкрыццём Франкфурцкага кніжнага кірмаша Нямецкую літаратурную прэмію як раман года.
 

Франкфурцкі кніжны кірмаш праходзіць сёлета дэцэнтралізавана і ў анлайн-фармаце, аднак яго адкрыццё і ў 2020 годзе адбываецца ў рэале: уручэнне Нямецкай літаратурнай прэміі за кнігу года адбылося, як і ў ранейшыя гады, у Франкфурцкім Ромэры – перад невялікай, але абранай публікай: пяць з шасці аўтараў з шортліста прэміі былі тут, некалькі супрацоўнікаў выдавецтваў, прадстаўнікі горада Франкфурта і Біржавога аб’яднання Нямецкага кніжнага гандлю, тэхнікі і журналісты. Усе іншыя зацікаўленыя асобы маглі сачыць за ўручэннем прэміі праз відэа-стрымінг альбо радыё.

Падзяка сапраўднай гераіні

І было такое ўражанне, што апладысменты  тых нямногіх, хто фізічна мог быць у зале, былі сёлета асабліва гучнымі, калі пасля амаль гадзіны было абвешчана рашэнне. Не каб кампенсаваць адсутнасць усіх іншых людзей літаратуры, але па прычыне сапраўднага захаплення незвычайнай кнігай. «Бо прэмія за кнігу Анэ Вебер “Анэтэ, эпас пра гераіню” была ўзнагародай не толькі твору, які нельга назваць фарматам “раман”, але і жанчыне, якая з’яўляецца не толькі гераіняй гэтай кнігі, але і сапраўднай гераіняй», ‒ сказала Анэ Вебер.
 
Вялікая падзяка аўтаркі, якая жыве ў Парыжы, была адрасавана «Эн Бемануар, сапраўды існуючай асобе, жанчыне, гісторыю якой я тут расказваю». У сваёй прамове яна апісала цалкам незвычайнае жыццё жанчыны, якой яна прысвяціла гераічны эпас у нерыфмаваных вершах – гісторыю 96-гадовай Эн Бемануар, якая нарадзілася ў 1923 годзе ў простай сям’і ў Брэтані, і, яшчэ будучы маладой дзяўчынай, далучылася да камуністычнага супраціву.

Кошт гісторыі супраціву

«Сілу апавядання Анэ Вебер можна вымераць сілай яе гераіні, ‒ так абгрунтавала журы сваё рашэнне. Захоплівае дыханне, як свежа гучыць тут старая форма эпаса і з якой лёгкасцю Вебер ператварае жыццёвую гісторыю ўдзельніцы супраціву Эн Бемануар у раман пра мужнасць, сілу супраціву і змаганне за свабоду». Пры гэтым гаворка ішла не менш, як пра нямецка-французскую гісторыю як адну з асноваў нашай сённяшняй Еўропы. Дасканала па форме і як гульню расказвае Анэ Вебер, паслугуючыся прыёмам стаката, жыццё Бемануар, якая, будучы яшчэ сама дзіцём, уратавала ў Парыжы двух маладзёнаў-яўрэяў – за што потым атрымала ад Яд Вашэм тытул «Праведніцы народаў свету». І якая потым, пасля вайны, перайшла са сваім падманутым каханнем у Камуністычную партыю, стала жонкай і маці і нейрапсіхолагам у Марселі, вяла жыццё звычайнай грамадзянкі, што працягнулася нядоўга. Бемануар актыўна падтрымала рух за незалежнасць Алжыру і атрымала за гэта дзесяць гадоў турмы ў 1959 годзе. І сёння рэальная гераіня распавядае ў школах пра свой супраціў.

Ушанаванне разнастайнага шортліста

Шэсць кніг шортліста былі сёлета асабліва разнастайнымі. У першы раз у шортлісце было болей аўтарак: у суадносінах «чатыры – два» на карысць жанчын. «Мы абралі гэтыя кнігі, бо былі ўражаныя тым, з якімі рознымі формамі працавалі аўтаркі, ‒ так пракаментавала журы свой папярэдні адбор, зірнуўшы ў мінулае. ‒ У многіх выпадках яны звяртаюцца да гістарычных матэрыялаў і ствараюць пры гэтым штосьці вырашальнае: яны ператвараюць іх у штосьці, што з’яўляецца для нас цалкам сучасным. Яны ствараюць штосьці, што кранае нас». З гэтых тэкстаў можна даведацца штосьці, што можна даведацца толькі з раманаў.
 
Фонд кніжнай культуры і папулярызацыі чытання Біржавога аб’яднання нямецкага кніжнага гандлю ўзнагароджвае штогод перад пачаткам Франкфурцкага кніжнага кірмашу нямецкамоўны «раман году». Ён атрымлівае агулам 37.500 еўра: 25.000 еўра ідуць лаўрэатцы, а астатнім аўтарам з шортліста выплочваецца па 2.500 еўра.
 

Анэ Вебер: «Анэта, эпас пра гераіню»,
выдавецтва «Ферлаг Матэс & Зайц», Берлін, 2020, 208 стар.

Гэту кнігу Вы можаце ўзяць у карыстанне праз анлайн-абанемент Onleihe.