«Зялёныя бібліятэкі»
«Мы павінны рэагаваць на грамадскія ператварэнні»

Сад на даху Варшаўскай універсітэцкай бібліятэкі.
Сад на даху Варшаўскай універсітэцкай бібліятэкі. | Фота (фрагмент): © Adobe

Больш, чым проста месца для кніжных чарвякоў: ці будзе мець бібліятэка будучыні градкі на даху і кавярню-майстэрню ў падвале? Цім Шуман, супрацоўнік Бібліятэкі імя Генрыха Бёля ў Берліне-Панкаў і сузаснавальнік «Сеткі “Зялёныя бібліятэкі”», тлумачыць, чаму публічныя бібліятэкі павінны наноў вызначыць сваю ролю.

Спадар Шуман, нядаўна Вы напісалі эсэ, у якім распрацоўваеце «канкрэтную ўтопію» для бібліятэк. У ёй на зялёным даху жужжаць пчолы, а ў падвале рамантуюцца ровары. У чытальных залах ёсць чарвякі для кампасціравання арганічных адкідаў, а пажылыя людзі разам з уцекачамі прыходзяць на акцыі і мерапрыемствы. Ці гэта тое, што стаіць за ідэяй «зялёных бібліятэк»?


Цім Шуман працуе ў Бібліятэцы імя Генрыха Бёля ў Берліне-Панкаў, з’яўляецца сузаснавальнікам «Сеткі “Зялёныя бібліятэкі”» Цім Шуман працуе ў Бібліятэцы імя Генрыха Бёля ў Берліне-Панкаў, з’яўляецца сузаснавальнікам «Сеткі “Зялёныя бібліятэкі”» | Фота: © privat Мне падабаецца агульная дэфініцыя, паводле якой «зялёная бібліятэка» рэагуе на грамадскія ператварэнні – і гэта ў камбінацыі з новай роляй у першую чаргу публічных бібліятэк, якія становяцца месцамі, дзе ідзецца не толькі пра кнігі, але і пра людзей ды дачыненні паміж імі. «Зялёныя бібліятэкі» гуртуюць людзей вакол такіх тэмаў, як клімат, абарона навакольнага асяроддзя і экалогія, і робяць гэта таксама шляхам правядзення мерапрыемстваў. Гэта сацыяльны аспект. Архітэктурны аспект палягае ў тым, каб размясціць на даху сонечныя батарэі, на ўласных участках – прыдатныя для пчолаў сады і агулам выдаткоўваць менш рэсурсаў.
 
Адкуль паходзіць канцэпцыя «зялёных бібліятэк»?
 

Наколькі мне вядома, гэта ідэя паўстала ў ЗША. Спачатку, у 1970-х гг., гаворка спачатку ішла пра экалагічны спосаб будавання, але неўзабаве на першы план выйшлі людзі. Затым пачалі, напрыклад, забяспечваць людзей інфармацыяй для вядзення экалагічнага ладу жыцця. У пачатку 2000-х ідэя паступова прывандравала ў Германію.
 
Чаму менавіта бібліятэкі добра падыходзяць да ўвасаблення экалагічных ідэй?
 

Публічныя бібліятэкі ўсё больш становяцца тым, што называецца «трэцяе месца». Месца, дзе людзі могуць бавіць час і «тусавацца», дзе праводзяць другую палову дня цэлымі сем’ямі, дзе школьнікі робяць хатнія заданні. Гэта наша адметная рыса ‒ прадастаўляць людзям месца з велізарнай зонай ахопу, якім можна карыстацца бясплатна.
 
І калі «канкрэтная ўтопія» існуе, то ў ёй да таго ж можна ўзяць у карыстанне дрыль (у бібліятэцы рэчаў) альбо ровар (у майстэрні)…
 

Менавіта так. Факт сумеснага карыстання рэчамі ўзмацняе сацыяльную згуртаванасць нашага грамадства і публічныя бібліятэкі прызначаны менавіта для гэтага. Нашы бібліятэкі павінны рэагаваць на велізарныя грамадскія задачы. Стварэнне «зялёных бібліятэк» з вялікімі сацыяльнымі амбіцыямі мае ў сабе вялікі патэнцыял.
 
Ці існуе нешта накшталт узорнай «зялёнай бібліятэкі»?
 

Існуе шмат выдатных праектаў, таксама і ў міжнародным маштабе. Напрыклад, Гарадская бібліятэка Аснабрука плануе пабудаваць міні-дом, які будзе «зялёнай бібліятэкай» для моладзі. У Даніі плануецца абсталяваць душавыя для бяздомных людзей. Тут яскрава праяўляецца сацыяльны аспект. Іншыя бібліятэкі – неактыўныя ўстановы альбо маюць сонечныя батарэі на дахах. У Сенегале існуе бібліятэка, якая збірае дажджавую ваду, якой паліваюць ейныя сады.
 
Ці такімі праектамі займаюцца «Сетка “Зяленая бібліятэка”» ды ініцыятыва «Бібліятэкі для будучыні» («Libraries4Future»)?
 

«Сетка “Зялёная бібліятэка”» хацела б узмацніць тэму экалогіі і падахвоціць бібліятэкі ў Германіі, Аўстрыі і Швейцарыі праяўляць актыўнасць у гэтым кірунку. Пры гэтым ідзецца пра абмен ды пра тое, каб інстытуцыянальна ўкараняць экалагічнасць і абарону навакольнага асяроддзя. Сетка пакуль што знаходзіцца на этапе стварэння і пошуку ўласных структур. Акрамя таго, падчас пандэміі каранавірусу ўсё праходзіць у анлайне. Нягледзячы на гэта, наш круглы стол знайшоў водгук. Напрыклад, Гётэ-Інстытуты з усяго свету былі прадстаўленыя вельмі добра. Ініцыятыва «Бібліятэкі для будучыні» працуе ва ўсім свеце, аднак хутчэй на ўзроўні асобаў.
 
Пра што вядуцца дыскусіі падчас сустрэчаў гэтага круглага стала?
 

Адна з тэмаў – гэта напрыклад абклейванне кніг плёнкай. Для бібліятэк гэта свайго роду свяшчэнная карова. З дапамогай плёнак хацелі б абараніць кнігі, але, канечне, тыя зроблены з пластыку. І тут паўстае пытанне: «Нам сапраўды гэта трэба?» Наша публічная бібліятэка часта выкідае кнігі – сёння мы аддзяляем унутраную частку ад абклеенай плёнкай вокладкі, інакш усё гэта было б асаблівым смеццем.
 
Ідэя бібліятэкі, якая не толькі выдае кніжкі на дом, але і адначасова ўсведамляе сябе кропкай грамадскай лучнасці – як яна ўспрымаецца людзьмі?
 

Чытачы часам пытаюцца: «Для чаго ўсё гэта?» Але, шчыра кажучы, гаворка ідзе пра новую ролю бібліятэк, якія збіраюць разам не толькі кніжкі, але і людзей, бо яны таксама з’яўляюцца носьбітамі ведаў. Так бібліятэкі застаюцца вернымі сваёй задачы перадаваць веды. Нам таксама закідаюць, што мы развітаемся з нашай нейтральнай роляй. Я бачу гэта так: мы павінны рэагаваць на грамадскія ператварэнні, у нас няма часу на нейтральнасць. Калі Вы спытаеце мяне, то я адкажу, што ў нас не кліматычны крызіс ‒ неўзабаве адбудзецца кліматычны калапс. Цяпер нам трэба праявіць актыўнасць і дапамагчы людзям даць рады зменам. Нашы бібліятэкі здольныя зрабіць гэта і мы павінны ўзяцца за справу.