Акт аб дыгітальных сервісах
Абмежаваць спрута, які паглынае дадзеныя

Раз’юшанасць, страх, здзіўленне: рэкамендацыйныя алгарытмы аддаюць перавагу эмацыянальнаму кантэнту – і гэта значна ўплывае на фармаванне меркаванняў у сеціве.
Раз’юшанасць, страх, здзіўленне: рэкамендацыйныя алгарытмы аддаюць перавагу эмацыянальнаму кантэнту – і гэта значна ўплывае на фармаванне меркаванняў у сеціве. | Фота (фрагмент): © picture alliance/Sergey Nivens/Shotshop

Тое, які кантэнт мы бачым у сеціве – якія вынікі пошукаў, відэа альбо пасты з сацыяльных сетак нам паказваюць у першую чаргу ‒ усё больш залежыць ад вялікіх інтэрнэт-канцэрнаў. Тым самым яны ўплываюць не толькі на нашы спажывецкія паводзіны, але і на фармаванне нашых палітычных поглядаў. «Акт аб дыгітальных сервісах» ЕС павінен забяспечыць больш празрыстасці.

Хутка загугліць інфармацыю, даслаць паведамленне праз УотсАп, купіць новую пару абутку на Амазоне, паглядзець відэа на Ю-Тубе альбо стужку навінаў Інстаграму. Большасць рэчаў, якія мы робім у сеціве, мы аўтаматычна звязваем з пэўнымі мабільнымі дадаткамі альбо сайтамі.
 
Бо наша карыстанне інтэрнэтам у апошнія гады стала больш канцэнтраваным: большая частка нашай актыўнасці адбываецца на платформах Гуглу, Фэйсбуку і Амазону, да якіх, між іншым, належаць УотсАп, Ю-Туб ды Інстаграм. Гэтыя фірмы, бізнэс-мадэлі якіх грунтуюцца на зборы персанальных дадзеных, забяспечылі сабе цягам гадоў, так бы мовіць, манаполію: вялікі сеткавы эфект іх платформаў абцяжарвае малым канкурэнтам выхад на рынак; ніводзін карыстальнік інтэрнэту не можа размінуцца з імі. Гэта таксама азначае наступнае: іх алгарытмы ў значнай ступені вызначаюць, які кантэнт мы бачым у сеціве, з якімі навінамі і меркаваннямі мы сустракаемся ў анлайне і якія прадукты нам прапануюць. Такім чынам кампаніі-платформы маюць вялікі ўплыў не толькі на нашы спажывецкія паводзіны, але і на фармаванне нашых палітычных поглядаў.

Замкнёныя ў бурбалцы фільтраў

Галоўная праблема: пабочным асобам незразумела, па якіх крытэрыях абіраецца і сартуецца для нас гэты кантэнт. Тое, якія пасты з’яўляюцца на першым месцы ў Фэйсбуку, Інстаграме альбо Ю-Тубе, залежыць, па-першае, ад аплочанага кантэнту – пастоў, якія інтэнсіўна прасоўваюцца дзякуючы аплаце. Акрамя таго, выкарыстоўваюцца таксама і алгарытмы, якія індывідуальна для кожнага карыстальніка абіраюць тое, які кантэнт для яго можа быць асабліва падыходзячы альбо цікавы, і размяшчаюць яго ў першую чаргу. Паводле якой логікі працуюць гэтыя рэкамендацыйныя алгарытмы, ніхто не можа з пэўнасцю сказаць, бо зыходныя коды падлягаюць захоўванню ў найвышэйшай сакрэтнасці.
 
Пры гэтым прыярытыраванне мае пабочныя эфекты, якія ўплываюць нават на наш светапогляд: тыя, хто знаёміцца на Ю-Тубе з выступамі ў Бундэстагу дэпутатаў ад партыі «Альтэрнатыва для Германіі», неўзабаве атрымлівае парады відэа меркаваных экспертаў у эканоміцы, якія папярэджваюць пра калапс сістэмы, які павінен хутка надыйсці, альбо нават амаль адкрыта распальваюць антысемітызм. Гэты эфект звязваюць з паняццем бурбалкі фільтраў: у сеціве можна атрымліваць інфармацыю амаль па кожным меркаванні – але мы ў большасці бачым толькі тое, што адпавядае нашым поглядам. Тое, што рэкамендацыйныя алгарытмы да таго ж аддаюць перавагу эмацыйнаму кантэнту, прыводзіць да таго, што, напрыклад, нянавісць і тэорыі змовы знаходзяць шырокі распаўсюд у адпаведных колах, а стрыманыя галасы хутчэй губляюцца.

Гугл, Амазон, Фэйсбук: большая частка нашай актыўнасці ў анлайне адбываецца на платформах нешматлікіх буйных інтэрнэт-канцэрнаў. Гугл, Амазон, Фэйсбук: большая частка нашай актыўнасці ў анлайне адбываецца на платформах нешматлікіх буйных інтэрнэт-канцэрнаў. | Фота (фрагмент): © picture alliance/dpa/Jiji Press/Fumiyasu Nakatsuji У апошні час было выказана шмат крытыкі ў дачыненні дзеяння рэкамендацыйных алгарытмаў і таго факта, што іх механізмы трымаюцца ў таямніцы. І таксама ў дычыненні выказванняў нянавісці і мэтанакіравана створаных хлуслівых гісторый – фэйкавых навінаў – якія дасягаюць вялікага ахопу аўдыторыі. Уласнікі платформаў дагэтуль неахвотна супрацьдзеялі гэтаму, спасылаючыся на асабістую адказнасць і цвярозы розум карыстальнікаў. Пазначэнне некаторых распаўсюджвальнікаў фэйкавых навінаў як уводзячых у зман амаль ніяк не паўплывала на тое, што алгарытмы паціху падводзяць многіх карыстальнікаў да распальвання нянавісці і правага экстрэмізму.

Спроба дасягнуць большай празрыстасці

Каб узяць пад кантроль гэту небяспечную дынаміку, неабходныя заканадаўчыя рамачныя ўмовы. Спроба Еўрапейскага Саюза (ЕС) стварыць базавыя правілы для канцэрнаў – праект закона «Акт аб дыгітальных сервісах» (снежань 2020), які аднак яшчэ павінен быць ратыфікаваны Еўрапейскім Парламентам і краінамі-чальцамі. Паводле яго, буйныя платформы, якія маюць больш за 45 мільёнаў карыстальнікаў ва ўсім свеце, павінны быць абавязаныя ў будучыні і да таго, каб адкрыць свае алгарытмы для незалежных аўдытараў. Акрамя таго, карыстальнікам павінна быць дадзена магчымасць адключыць іх у індывідуальным парадку.
 
Падобна да «Прадпісання аб абароне дадзеных», якое дзейнічае на узроўні ЕС з 2018 г., «Акт аб дыгітальных сервісах» мог бы прынамсі паспрыяць большай празрыстасці. Нават калі ён і прадугледжвае значныя штрафы: яны арыентуюцца на глабальны гадавы абарот кампаній і ў выпадку буйных уласнікаў платформ іх памер можа дасягаць мільярднага ўзроўню. Праект таксама прадугледжвае і абавязковасць функцыянальнай сумяшчальнасці, што магло б паспрыяць прынамсі невялікаму паслабленню манаполіі платформаў: канкрэтна гэта азначала б тое, што такія месенджары, як Уотс Ап, павінны былі б наладзіць абмен паведамленнямі з іншымі сервісамі. Гэта б палегчыла малым кампаніям выхад на рынак.
 
«Акт аб дыгітальных сервісах», калі ён будзе ратыфікаваны, станецца важным крокам рэгулявання інтэрнэт-канцэрнаў. Аднак ён нічога не зменіць у іх базавай бізнэс-практыцы, бо збор, аналіз і гандаль асабістымі дадзенымі і надалей будуць магчымы амаль без абмежаванняў. Тое, што незаконны кантэнт будзе хутчэй выдаляцца, прынцыпова варта вітаць, але гэта звязана з рызыкай празмернага блакавання. Дагэтуль у сумніўных выпадках Фэйсбук, Гугл ды кампанія не ішлі тут на рызыку і выдалялі хутчэй зашмат чым замала. Тое, што ўжо цяпер рэгулярна знікаюць пасты, якія не парушаюць ні умовы карыстання, ні дзейснае права, ізноў выклікае базавае пытанне, да якога пакуль навошчуп набліжаецца «Акт аб дыгітальных сервісах»: колькі ўлады над нашай камунікацыяй мы хочам даць буйным платформам ды іх алгарытмам? Яны сталіся магутным актарам, аднак дагэтуль сыходзяць ад любога грамадскага кантролю. Акт аб дыгітальных сервісах – калі ён будзе ратыфікаваны ў сваёй цяперашняй форме ‒ мае патэнцыял выправіць некаторыя некантраляваныя негатыўныя з’явы. Але гэта будзе ўсяго толькі першы крок на шляху да базавага дыгітальнага закону, які прапіша адказнасць новых медыя-сродкаў.