Хуткі ўваход:
Перайсці наўпрост да кантэнту (Alt 1)Перайсці наўпрост да другога ўзроўню навігацыі (Alt 3)Перайсці наўпрост да першага ўзроўню навігацыі (Alt 2)

«Жанчыны Баўхауса»
Навучэнцы жаночага полу пажаданыя, але іх павінна быць не зашмат

«Жанчыны ў Баўхаусе»
«Жанчыны ў Баўхаусе» | © Juan Camilo Roa 2018

Тэма «Жанчыны ў Баўхаусе» налічвае шмат міфаў. Аўтарка Тэрэзія Энцэнсбергер паказвае: у справе роўнапраўя жанчын школа была прагрэсіўнай, але інклюзіўны жэст застаўся няпоўным.
 

Von Тэрэзія Энцэнсбергер

Калі #MeToo дайшоў да свету мастацтва, можна было прачытаць наступнае: «Мы не дзівімся, калі куратары прапануюць выставы альбо дапамогу і чакаюць за гэта інтымных паслуг. Мы не дзівімся, калі ўласнікі галерэй рамантызуюць памылковыя сэксуальныя паводзіны сваіх мастакоў, мінімізуюць альбо хаваюць іх. Мы не дзівімся, калі калекцыянер альбо фундатар прапануе сустрэчу, маючы сэксуальныя намеры. Мы не дзівімся, калі нам помсцяць, бо мы не паддаёмся. Злоўжыванне ўладай – гэта не дзіва». Адкрыты ліст, які быў апублікаваны ў «Гардыян» 30 кастрычніка 2017 г. і які падпісалі тысячы акторак з галіны мастацтва выразна дэманструе, як даўно была неабходная тут публічная дыскусія пра адносіны ўладарання. Аднак ёсць рэчы ў свеце мастацва, якія вельмі ўскладняюць іх перапрацоўку: напрыклад, міф пра геніяльнасць, аккультны сацыяльны капітал, альбо той факт, што авангард лічыць сябе асабліва прагрэсіўным і мае вялікія праблемы з тым, каб увогуле прызнаць магчымасць злоўжывання ўладай альбо сэксізму ва ўласных шэрагах.
 
Гэтыя сляпыя плямы не новыя. Сёння Баўхаус лічыцца адной з найважнейшых устаноў мадэрнасці, піянерам сацыяльнага будавання, прагрэсіўнай школай і кузьняй талентаў. Усё гэта так, але карціна няпоўная. Калі Вальтэр Гропіус засноўваў у 1919 г. школу ў Ваймары, у яго праграме было пазначана: «У якасці навучэнца прымаецца кожная асоба з добрай рэпутацыяй без увагі на ўзрост альбо пол, адоранасць і папярэдняя падрыхтоўка якой прызнана радай майстроў як дастатковая». Папярэдніца Баўхауса, Мастацкая школа вялікіх герцагаў Саксоніі ў Ваймары была адной з мастацкіх акадэмій, у якую прымалі жанчын яшчэ да заснавання Ваймарскай Рэспублікі. Кліч Гропіуса знайшоў добры водгук: у летнім семестры 1919 г. доля жанчын у Баўхаусе складала больш за пяцьдзясят працэнтаў (было 84 навучэнкі-жанчыны і 79 навучэнцаў-мужчын). Рада майстроў была перагружана вялікім наплывам, Гропіус патрабаваў «строгага адбору адразу пасля прыняцця, перш за ўсё жаночага полу, прадстаўніцва якога была занадта вялікае». Гэты адбор палягаў у тым, каб накіраваць жанчынаў у іх вотчыны, размеркаваць іх у ткацкую майстэрню, якую таксама называлі часам «жаночым класам».
 
Некаторыя жанчыны пазітыўна рэагавалі на такія ўмовы работы: іншыя майстры збольшага не ўмешваліся ў справы майстэрні, панавала пачуццё самавызначэння і салідарнасці. Гунце Штольцль, якая ў 1920 г. хутка ўступіла ў кіраванне «жаночым класам», была даручана праца, у якой яе талент і задачы адпавядалі адно аднаму. У 1927 г. паводле намаганняў навучэнак яна стала маладой майстаркай і тым самым адзінай адказнай кіраўніцай ткацкай майстэрні. Яна заставалася адзінай майстаркай Баўхауса. Ані Альберс, якая першапачаткова хацела стаць мастачкай, знайшла ў ткацкім майстэрстве выяўленчы сродак, праз які яна магла сябе выразіць. Яна эксперыментавала з абстракцыяй, лічыла строгі растр ткацкага станка натхняючым і была вельмі інаватыўнай у абыходжанні з тэкстыльнымі вырабамі: яна атрымала дыплом у 1930 г., прадставіўшы занавес з бавоўны і цэлафану, які глушыў гукі і адбіваў святло.
 
Аднак не ўсе жанчыны добраахвотна прыйшлі ў ткацкую майстэрню. Адбор Гропіуса даў свае вынікі – у гады пасля заснавання школы колькасць жанчын у Баўхаусе стала памяншалася. Ткацтва лічылася мастацкім промыслам і таму займала ў іерархіі мастацтва і дызайну адну з ніжэйшых пазіцый. Горкай іроніяй гісторыі падаецца той факт, што майстэрня доўгія гады была адзінай, якая прыносіла прыбытак – і тым самым удзельнічала ў фінансаванні сфераў, дзе дамінавалі мужчыны.
 
Оскар Шлемер, майстар формы і насценнага жывапісу, так выразіў свае адносіны: «Там, дзе воўна, ёсць жанчына, якая тчэ, нават калі і для баўлення часу». І ў яго майстэрню праніклі жанчыны, напрыклад, Лу Шэпер-Беркенкамп, якую паводле ўказання майстра – знешняя сфера належыць мужчынам – можна было часта знайсці на рыштаваннях. Марыяна Брандт таксама заваявала сабе месца ў вотчыне мужчын – майстэрні па апрацоўцы металу і стварыла некаторыя з найбольш вядомых дызайнаў Баўхауса; круглая попельніца з трохкутным выразам альбо гарбатнічак MT49 – калі называць толькі пару прыкладаў. Нават аддзел архітэктуры, заснаваны ў 1926 г., не ўбярогся ад жанчын. У 1928 г. туды прынялі першую жанчыну – Лоту Штам-Безэ. Аднак гэтай незвычайнай падзеі папярэднічала афёра з Ханэсам Маерам, новым дырэктарам Баўхауса, якая закончылася дрэнна для яе: калі іх адносіны сталі вядомы грамадскасці, то ён папрасіў яе пакінуць навучанне.
 
Гэтыя змагаркі-адзіночкі вартыя ўсялякай павагі, але ім было няпроста. Сферай, дзе суадносіны палоў былі вызначаны не канчаткова, і дзе жанчынам Баўхауса прадастаўлялася пэўная свабода, была фатаграфія. Такія жанчыны, як Гертруд Арндт і Люцыя Мохолі рэалізавалі сябе ў гэтай вольнай прасторы. 
 
Пасля закрыцця Баўхауса нацыстамі ў 1933 г. для многіх былых чальцоў школы наступілі неспакойныя, хаатычныя, часам нават трагічныя часы. Шэсць баўхаўсавак былі закатаваныя ў канцлагерах, адна загінула падчас налёту авіацыі. Шэрагу мастачак удалося выправіцца на выгнанне: Гунта Штольцль заснавала ткацкую майстэрню ў Швейцарыі, Ані Альберс з 1933 г. выкладала ў Блэк Маўнцін каледжы ў Паўночнай Караліне, ЗША, а Лота Штам-Безэ знайшла новую радзіму ў Галандыі.
 
Дык што засталося ад жанчын Баўхауса? На вядомым фота Лукса Файнінгера выяўлена група маладых жанчын, якія стаяць на лесвіцы будынка Баўхауса ў Дэсау. У іх кароткія фрызуры, яны ў штанах, заўзята і нязмушана глядзяць у камеру. Як бы прагрэсіўна гэта не выглядала, мы не павінны схіляцца да прадаўжэння сляпых плямаў мінулага, але разглядаць гэтых жанчын як самастойных мастачак. Вельмі часта можна пачуць: «Ці гэта не жонка Ёзэфа Альберса, Марта Штама, Ласла Махой-Надзя?» Той факт, што ўсё больш выстаў прысвячаецца мастачкам Баўхауса, што пра іх пішуць артыкулы ў Вікіпедыі, што гісторыкі мастацтва распавядаюць пра іх жыццё, дае надзею, што хутка такому стаўленню прыйдзе канец.