Павел Зарыхта раіць
Зорка 111

Lutz Seiler, Stern 111 © 2020, Suhrkamp Verlag, Berlin Здавалася б, за трыццаць гадоў, што прайшлі пасля ўз'яднання Германіі, пра гэты час вялікага пералому сказана ўжо ўсё і сама тэма даўно адгучала ў літаратуры. Тое, што такое меркаванне зусім не адпавядае рэчаіснасці, даказвае "Зорка 111", апошні па часе раман Луца Зайлера. На больш чым пяцістах яго старонках  разгортваецца шматпланавы аповед пра лёсы сям'і Бішаф з усходнегерманскага горада Геры. Мы сустракаемся з гэтай сям'ёю ў той час, калі разбураецца Берлінскі мур і адчыняецца мяжа паміж дзвюма германскімі дзяржавамі. Карл, галоўны герой, прывозіць сваіх бацькоў да аднаго з пагранічных пераходаў у Федэратыўную Рэспубліку. Сам ён у выпадку магчымага правалу іх планаў павінен застацца ў роднай Цюрынгіі. Бацькі – Інга і Вальтэр – спрабуюць знайсці сваё месца ў новай, капіталістычнай рэчаіснасці, яны бяруцца за любую выпадковую працу і ўрэшце ажыццяўляюць мару і таямніцу сваёй маладосці ‒ эмігруюць у ЗША.

Тым часам Карл, замест таго каб выканаць абяцанне -- вярнуцца ў Геру, каб паклапаціцца пра бацькоўскі дом, -- выпраўляецца на старых бацькавых  "жыгулях" у Берлін, які пачынае адкрывацца свету. Не маючы ані пфеніга ў кішэні, Карл трапляе ў рознакаляровы дэмімонд, далучыўшыся да закопнікаў пустых дамоў і мастакоў, што кучкуюцца вакол культавай кнайпы "Асэль" ("Макрыца"), і, пераадольваючы цяжкасці пачатку, усё больш упэўнена ўладкоўваецца ў гэтым незвычайным горадзе з яго надзвычай сваеасаблівай атмасферай. Такім чынам гісторыя Карла становіцца ў пэўным сэнсе асабістай хронікай першых гадоў жыцця Берліна пасля ўз'яднання ў 1989 годзе, свайго кшталту "заўвагай на палях" пра вялікі гістарычны пералом.

Новая кніга Луца Зайлера ‒ выдатная, сталая проза, яна вызначаецца, як і проза Тэадора Фантанэ, павольным эпічным адлюстраваннем падзей, іранічнай дыстанцыяй, а таксама сімпатыяй да ўласных персанажаў, якую немагчыма не заўважыць. Важна таксама, што аўтар выдатна ведае абставіны, месцы і людзей у Берліне таго часу і з пранікнёным пачуццём уваскрашае іх у рамане. Нягледзячы на тое, што падзеі ў гэтым творы паказваюцца ў канкрэтным гістарычным кантэксце, яго актуальнасць і надчасавы характар праяўляюцца асабліва яскрава менавіта сёння, ва ўмовах паўсюднага крызісу і ўсё больш расплывістай рэсчаіснасці.

Suhrkamp Verlag

Lutz Seiler (Луц Зайлер)
Stern 111 (Зорка 111)
Suhrkamp Verlag, Berlin, 2020 (Выдавецтва Suhrkamp Verlag, Бердін, 2020 г.)
ISBN 978-3-518-42925-9
528 старонак

Электронную кнігу можна атрымаць на абумоўлены час праз анлайн-абанемент Onleihe Інстытута імя Гётэ

Рэцэнзіі ў нямецкіх СМІ:
Perlentaucher
Frankfurter Allgemeine Zeitung
Zeit Online