Паўліна Шэдыкава Чухава раіць
Моц

Verena Güntner, Power © 2020 Dumont Verlag, Köln Пісьменніца і актрыса Верэна Гюнтнер (нар. у 1978 г.) дэбютавала ў літаратуры ў 2014 г. раманам Es bringen ("Усё як мае быць"), які быў паспяхова адаптаваны для сцэны і атрымаў Нямецкую прэмію за кнігу для радыё. Яе другі раман, Power ("Моц"), трапіў у кароткі спіс Лейпцыгскай кніжнай прэміі за 2020 г. Намінацыя, на маю думку, заслужаная – кніга не толькі напісана адмысловай, вельмі бадзёрай і адначасова дакладнай мовай, але яшчэ і па-майстэрску аб'ядноўвае розныя літаратурныя жанры.
Галоўная гераіня (яе завуць Керцэ) – вясковая дзяўчынка, якая жыве ў маленькай вёсачцы ў атачэнні лясоў і палёў. Яна выпраўляецца на пошукі зніклага сабакі. Сабака Моц належыць старой Гічке, самотнай суседцы, і Керцэ абяцае яго знайсці. Да пошукаў паступова далучаецца ўсё больш  вясковых дзяцей. І з пэўнага моманту гісторыя пачынае набываць характар напружанага дэтэктыву – усе дзеці без следу знікаюць у лесе, а потым уся кампанія ператвараецца ў жорсткую зграю – дзеці брэшуць, кусаюцца, гыркаюць, рыюцца ў пяску і ўрэшце амаль зусім дзічэюць, як у злым фантастычным свеце-антыутопіі. Але галоўнае тут -- не пошук сабакі і не жыццё дзяцей у нетрах: простая сюжэтная канва гісторыі раптам набірае сілу – і ўся вёска апынаецца амаль на мяжы вар'яцтва. Дарослыя атрымліваюць горкую навуку, прычым ад уласных дзяцей, ‒ ім даводзіцца асэнсаваць халоднасць грамадства, адсутнасць спачування, радыкалізацыю, парушэнне стасункаў, адзіноту і аддаленасць ад прыроды. Кніга з напружаным сюжэтам, якая заслугоўвае прачытання ‒ і трохі наводзіць жах!

Dumont Verlag

Verena Güntner (Верэна Гюнтнер)
Power (Моц)
Dumont Verlag, Köln, 2020 (Выдавецтва Dumont Verlag, Кёльн, 2020 г.)
ISBN 978-3-8321-8369-1
254 старонкі

Рэцэнзіі ў нямецкіх СМІ:
literaturkritik.de
SWR2 (audio)