Барбара Гаўрылюк раіць
Альма і бабуля

Alma und Oma im Museum von Nikolaus Heidelbach © Beltz und Gelberg Verlag, Weinheim, 2019 Гэтая кніга ‒ незвычайны праваднік па мастацтву, вароты ў свет, які шмат каму з маладых здаецца складаным і недаступным. Маленькая Альма ідзе са сваёй бабуляй у музей. Бабуля прапануе правілы сумеснай прыгоды, і спачатку ўсё здаецца загадкавым. Альме даюць навушнікі, бабуля пакідае яе адну і размаўляе з дзяўчынкай толькі праз перагаворнае прыстасаванне. Альма пераходзіць з залы ў залу і разглядае карціны. Яна робіць тое, што падказвае бабуля, шукае дэталі і адкрывае ў карцінах схаваныя гісторыі. Гэтыя гісторыі нялёгка зразумець, часам яны бязлітасныя і жудасныя, але бабуля зноў і зноў тлумачыць: "Мастак малюе для людзей, якія пільна ўзіраюцца". Юныя чытачы не толькі пражываюць разам з бабуляй і яе ўнучкай гісторыю знаёмства з музеем, але і, дзякуючы выдатным рэпрадукцыям карцін, разам з гераінямі паглыбляюцца ў свет мастацтва. Для кнігі былі адабраныя творы з Кёльнскага музея Вальрафа-Рыхарца, аднаго з найбуйнейшых музеяў Германіі, у калекцыі якога ёсць, у прыватнасці, і карціны майстроў сярэдневечча. Прыгоды і казытанне нерваў у спалучэнні з арыгінальнай лекцыяй па мастацтвазнаўству заахвочваюць не толькі да знаёмства з кнігай, але і да наведвання музея пасля яе прачытання. Трэба толькі выканаць тры правілы бабулі: мець, "па-першае, зручны абутак, па-другое, здольнасць бачыць і, па-трэцяе, дастаткова часу".


Beltz und Gelberg Verlag

Nikolaus Heidelbach (Нікалаўс Гайдэльбах)
Alma und Oma im Museum (Альма і бабуля ў музеі)
Beltz und Gelberg Verlag, Weinheim, 2019 (Выдавецтва Beltz und Gelberg Verlag, Вайнгайм, 2019 г.)
Ілюстраваная кніга для дзяцей з шасці гадоў
ISBN 978-3-407-75448-6
48 старонак

Рэцэнзіі ў нямецкіх СМІ:
Perlentaucher
Kinderbuch-Couch
3sat – Kulturzeit