Ілона Бурка раіць
Электрычныя рыбы

Susan Kreller, Elektrische Fische © Carlsen Verlag GmbH, Hamburg 2019 Гэты раман Сузан Крэлер адлюстроўвае падарожжа дзяўчынкі-падлетка ў свет дарослых і дае выдатную магчымасць заглянуць у свет яе пачуццяў. Голас 15-гадовай Эмы вядзе чытача следам за дзяўчынкай, яе маці, старэйшым братам і малодшай сястрычкай, якія пераязджаюць з ірландскага Дубліна ў Германію, дзе сям'я пачынае новае жыццё. Усё тут чужое, усё не такое, як раней. Мова, культура, звычаі, нават мора – усё чужое. Ніхто з іх не адчувае сябе шчаслівым, усіх напаўняе ціхі боль, які кожны мусіць пераадолець сам.

У Эмы выдатныя стасункі з Левінам, яе аднакласнікам і лепшым сябрам; здаецца, што яны могуць зразумець адно аднаго без слоў. Паступова, незаўважна для саміх падлеткаў, іх сяброўства пачынае перарастаць у каханне. І прадчуванне гэтага мяняе навакольны свет. Ён набывае колер, атмасфера дома становіцца больш прыемнай, гутаркі ўсё часцей тычацца пазітыўных рэчаў, людзі таксама здаюцца больш прыязнымі. Адзінае рашэнне сваіх праблем і адзінае выратаванне ад сваёй тугі па радзіме Эма бачыла ва ўцёках, у вяртанні ў Ірландыю. Напачатку гэта была толькі думка, а потым узнік сапраўдны план. Але цяпер нешта ўтрымлівае Эму ад уцёкаў, яна пачынае разумець, што і гэтае месца, гэтых людзей ёй таксама не надта хочацца пакідаць.

Чытачы становяцца сведкамі таго, як Эма шукае сябе і сваю прыналежнасць, высвятляе пытанні пра радзіму, нешта адпускае і нешта новае прымае – усё гэта адбываецца гарманічна, проста, без пафаса і вербальных празмернасцей, без прыхарошвання думкамі, пачуццямі і меркаваннямі гераіні ў адпаведнай сітуацыі. Часам сам пачынаеш пакутаваць разам з Эмай. Дзяўчынка вызначаецца зайздросным для свайго ўзросту разуменнем чалавека; яна назірае, спасцігае, не дае ацэнку, не шукае спрэчак. Аўтарка свядома амаль цалкам пазбягае дыялогаў, замест іх яна па-майстэрску стварае характары і такую атмасферу, якая дазваляе выяўляць, адчуваць, а пазней і разумець – часам, праўда, толькі шмат пазней, таму што гэта не тая кніга, якая канчаецца, як толькі закрыеш яе.

Carlsen Verlag

Susan Kreller (Сузан Крэлер)
Elektrische Fische (Электрычныя рыбы)
Carlsen Verlag, Hamburg, 2019 (Выдавецтва Carlsen Verlag, Гамбург, 2019 г.
ISBN 978-3-551-58404-5
192 старонкі

Рэцэнзіі ў нямецкіх СМІ:
Nominiert für den Preis der Jugendliteratur 2020, Jurybegründung
Die Zeit
Frankfurter Allgemeine Zeitung
Deutschlandfunk
Titel-Kulturmagazin
Süddeutsche Zeitung