Лінда Ягіла раіць
Сардэчна запрашаю ў маю рэчаіснасць

Willkommen in meiner Wirklichkeit,  Autor: Hans Platzgumer © Milena Verlag, Wien, 2019 Незадоўга да свайго пяцідзесяцігоддзя пісьменнік і кампазітар Ганс Плацгумер вызваліўся ад усіх іншых спраў і напісаў аўтабіяграфічнае эсэ пра сённяшні свет. У цэнтры ўвагі ў гэтым эсэ знаходзіцца наша ўсё больш складанае дачыненне да рэчаіснасці. Хто ж яшчэ мог бы выступіць экспертам у гэтай сферы, як не пісьменнік, што ўвесь час вандруе паміж рознымі рэчаіснасцямі, паміж сапраўдным і прыдуманым светам! У сваіх літаратурных творах (Weiß /"Бель"/, Elefantenfuß /"Слановая лапа"/, Am Rand /"На краі"/ і інш.) Плацгумэр асвятляе найперш экстрэмальныя пагранічныя сітуацыі. А ў гэтым эсэ ён аналізуе, як хуткаплынны дыгіталізаваны свет уздзейнічае  на наша ўспрыняцце рэчаіснасці. Пісьменнік спрабуе знайсці спосаб, які б дазваляў заставацца абедзвюма нагамі на глебе фактаў.
Паводле аўтара ён не разглядае тут нейкія вялікія пазнаваўча-тэарэтычныя пытанні, а даследуе практыку – з'явы, якія назірае і спазнае вакол сябе і якія ўплываюць на свет яго думак. Тым не менш, Ганс Плацгумер карыстаецца дапамогай такіх аўтарытэтаў, як Гі Дэбор, Фрыдрых Ніцшэ і Ралан Барт. Кампазіцыйна эсэ абрамляецца песняй Dear Prudence ("Дарагая Прудэнс"), якую Джон Ленан напісаў пяцьдзесят гадоў таму ў Індыі, ‒ у гэтай песні ён заклікае Прудэнс Фэрраў вярнуцца са сваёй адасобленасці ў сапраўдны свет.
Ментальна-філасофскія адступленні чаргуюцца ў кнізе з апісаннямі сітуацый, перажытых самім аўтарам. Каб больш абгрунтаваць дачыненне да рэальнасці, Плацгумер расказвае пра ўласнае дзяцінства, сям'ю, сяброў і калег, прыводзіць прыклады са сваіх шматлікіх падарожжаў, робіць смелыя экскурсы ў палітыку.
Дазволю сабе спадзявацца, што эсз Плацгумера – гэта адзін з тых зазіркаў у сённяшні свет, якія  змушаюць паглядзець у люстэрка і задумацца.

Milena Verlag

Hans Platzgumer (Ганс Плацгумер)
Willkommen in meiner Wirklichkeit (Сардэчна запрашаю ў маю рэчаіснасць)
Milena Verlag, Wien, 2019 (Выдавецтва Milena Verlag, Вена, 2019 г.)
ISBN 978-3-903184-43-5
120 старонак

Рэцэнзіі ў нямецкамоўных СМІ:
Kultur: Zeitschrift für Kultur und Gesellschaft