Каталін Тэлер раіць
Салідарнасць

Solidarität © Carl Hanser Verlag, München, 2019 «Не мусовасць, а магчымасць». Вядомы сацыёлаг Гайнц Будэ, які ўжо не раз звяртаўся да такіх тэм, як канфлікты пакаленняў, глыбокія наступствы досведу войнаў і грамадская гісторыя Федэратыўнай Рэспублікі Германія, менш за ўсё імкнецца ў сваёй новай кнізе зноў надаць належную ўвагу паняццю салідарнасць. І гэта ў той час, які, пра што нястомна нагадвае аўтар, трэба было б кваліфікаваць як выключна варожы салідарнасці.
Ён варожы салідарнасці таму, што наша сітуацыя занятасці, зменлівасць нашага ладу жыцця і не ў апошнюю чаргу скарачэнне дзяржаўных мер па сацыяльным забеспячэнні абумовілі ўзнікненне новага пласта «самазабяспечаных», голас якіх чутны паўсюль. Пласта, які адначасова выпрацоўвае спецыфічны позірк на чаканні адносна індывіда і дзяржаўных устаноў: хто не здольны каваць сваё шчасце, вінаваты сам, і ў гэтым сэнсе задача дзяржаўных  сацыяльных устаноў зводзіцца толькі да таго, каб літасціва сяк-так падтрымліваць адштурхнутых на самы край «няздольных». Да гэтага індывідуальнага пункту гледжання, тлумачыць аўтар, дадаецца тое, што існуючы стан рэчаў узмацняецца самой сацыяльнай сістэмай -- ці то ад недахопу фінансавання, які назіраецца ўсё часцей,  ці то з прычыны цьмянага разумення калектыўных даброт.
Гайнца Будэ, які, варта адзначыць, аргументуе з еўрацэнтрычнай перспектывы, цікавіць між тым і пытанне пра палітыка-гістарычныя і сацыяльна-гістарычныя прычыны гэтага развіцця, ён бачыць іх у недахопах такіх буйных грамадска-палітычных праектаў, як Французская рэвалюцыя, камунізм Маркса-Энгельса, а таксама ўз'яднанне абедзвюх палоў Германіі. Справа ў тым, адзначае аўтар, што іх кіруючай ідэяй была, як і ў сённяшніх правых папулістаў, «эксклюзіўная салідарнасць», прычым кожны з іх разглядаў як салідарную супольнасць толькі адну, няхай сабе і параўнаўча вялікую групу людзей. Тым самым яны не заўважалі менавіта інтэграцыйнай ролі салідарнасці, якая ў такім выпадку перастае спалучацца ў думках з індывідуальнымі здольнасцямі, палітычнымі лагерамі ці крытэрыямі прыбытковасці, -- замест гэтага робіццца разлік на супрацоўніцтва «людзей як стасункавых істот», хоць і абцяжаранае канфліктамі і адначасовай стратай уласных інтарэсаў, але ўстойлівае і, найперш, дальнабачнае.
У пошуку больш трывалай канцэпцыі грамадскага супольнага жыцця аўтар уважліва разглядае таксама этыку хрысціянскай любові і найноўшыя падыходы  фемінісцкай і экалагічнай крытыкі – напрыклад, ідэі Доны Гараўэй, Эмануэля Гочча, Бруна Лятура, але паказвае іх – са спрэчнай аргументацыяй – як у пэўным сэнсе далёкія ад рэчаіснасці бачанні, зразуметыя або занадта вузка, або занадта шырока. Замест іх Гайнц Будэ раіць прыглядзецца да прыкладу Паўднёвай Афрыкі, якая паспяхова прыняла выклікі  свайго багатага канфліктамі мінулага, новых глабальных рынкавых адносін і разнароднасці свайго насельніцтва. Гэты поспех, адзначае ён,  тлумачыцца здольнасцю канфліктуючых партый знайсці кансэнсус, што грунтуецца на разуменні неабходнасці нейкага трэцяга шляху, на якім ёсць месца і абавязкам ўнутры супольнасці, і свабодам, якія даюць таксама магчымасць самавызначанага выходу з калектыву. У гэтым сэнсе салідарнасць Гайнца Будэ  з'явілася б трэцім шляхам новай роўнавагі, пры якім людзі жывуць прымусам супольнага жыцця непрымусова, але ўсведамляючы калектыўную і індывідуальную адказнасць: менавіта як магчымасць, а не як мусовасць...
Carl Hanser Verlag

Heinz Bude (Гайнц Будэ)
Solidarität. Die Zukunft einer großen Idee («Салідарнасць. Будучыня вялікай ідэі»)
Carl Hanser Verlag, München, 2019 (Выдавецтва Carl Hanser, Мюнхен, 2019 г.)
ISBN 978-3-446-26184-6
176 старонак

Электронную кнігу можна атрымаць на абумоўлены час праз анлайн-абанемент Onleihe  Інстытута імя Гётэ

Рэцэнзіі ў нямецкіх СМІ:
NZZ
Spiegel.de
Deutschlandfunk Kultur