Ірэна Крывене раіць
Тут кожны называе мяне «Фраў Баўхаўз»

Jeder hier nennt mich „Frau Bauhaus“: das Leben der Ise Frank © DuMont Bucherlag, Köln, 2018 Яна Рэвэдзін вядзе з сабою чытача свайго біяграфічнага рамана пра Ізу Франк у эпоху архітэктурна-дызайнерскай плыні «Баўхаўз», што ўзнікла стагоддзе таму, у атачэнне, у якім жылі і дзейнічалі яе стваральнікі. На заднім плане падзей у культуры, палітыцы, грамадскім жыцці раскрываецца гісторыя партнёрства заснавальніка «Баўхаўза» Вальтэра Гропіуса і яго жонкі Ізы Франк. Выпадковая сустрэча на публічнай лекцыі ў 1923 годзе, цікавасць Ізы да «Баўхаўза», яе актыўны ўдзел у дзейнасці Гропіуса паступова пераходзіць у моцную сувязь душ, якая грунтуецца на ўзаемаразуменні і пры гэтым дапамагае як распаўсюджваць, ажыццяўляць і захоўваць ідэі «Баўхаўза», так і    пераадольваць сітуацыі, зусім не спрыяльныя для сямейнага жыцця. На пачатку знаёмства Гропіус звяртаецца да будучай жонкі з лёсавызначальнымі словамі: «Іза, вы мне патрэбны». Пасля гэтага Іза, перспектыўны спецыяліст кніжнага гандлю і рэцензент, арыентуе сваё жыццё на Гропіуса і літаральна паглыбляецца ў «Баўхаўз». Іза становіцца сапраўдным майстрам  піяру, яна ездзіць з дакладамі па краіне, шукае магчымасці фінансавання, каб утрымліваць навучальную ўстанову і пабудаваць пасёлак «Баўхаўза», становіцца тварам гэтага новага архітэктурнага феномена.
Нарэшце яна будуе ў Дэсаў паводле свайго бачання ўласныя чатыры сцяны – эрганамічны, камфартабельна абсталяваны сямейны дом, які адпавядае ўсім патрабаванням «Баўхаўза».
Раман павялічвае цікавасць да «Баўхаўза», які ў 2019 годзе адзначае сваё стагоддзе, і да яго вядучых прадстаўнікоў; акрамя таго, ў поле зроку выводзіцца  тэма, яшчэ і сёння па-ранейшаму актуальная: якую ролю можа адыгрываць жанчына ў тых сферах, што традыцыйна лічацца мужчынскімі?
DuMont Buchverlag

Jana Revedin (Яна Рэвэдзін)
Jeder hier nennt mich „Frau Bauhaus“: das Leben der Ise Frank («Тут кожны называе мяне 'фраў Баўхаўз')
DuMont Bucherlag, Köln, 2018 (Кніжнае выдавецтва DuMont, Кёльн, 2018 г.)
ISBN 978-3-8321-8354-7
304 старонкі

Электронную кнігу можна атрымаць на абумоўлены час праз анлайн-абанемент Onleihe  Інстытута імя Гётэ

Рэцэнзіі ў нямецкіх СМІ:
Perlentaucher
Berliner Zeitung
Kölner Stadt-Anzeiger