Марцін Вільк раіць
Вяртанне ў Польшчу

Emilia Smechowski, Rückkehr nach Polen  © 2019 Carl Hanser Verlag GmbH & Co. KG, München Для журналісткі Эміліі Сьмяхоўскай паездка на год у Польшчу – не проста чарговае службовае заданне. Гэта найперш падарожжа ў краіну, якую яна некалі мусіла пакінуць і з якой цяпер хоча пазнаёміцца нанова. Нарадзілася Сьмяхоўская ў 1983 годзе і эмігравала з бацькамі, калі ёй было ўсяго толькі шэсць год. Большасць успамінаў пра той час яна адлюстравала ў сваёй кнізе «Wir Streberemigranten» («Мы, эмігранты-кар'ерысты»). Асабісты пункт гледжання дзяўчыны, занесенай лёсам у Германію, пераплятаецца ў ёй з разважаннямі пра жыццё людзей мігранцкага паходжання.
У новым рэпарцёрскім праекце Сьмяхоўскай падыход трохі іншы. Тут галоўная тэма – Польшча, убачаная праз прызму досведу жанчыны і маці, што прыехала сюды з Германіі. У пачатку 2018 года апавядальніца разам з дачкою пасяляецца ў Гданьску. каб паглыбіцца, як і было ёю задумана,  у паўсядзённае жыццё палякаў. Уладжвае дачку ў дзіцячы садок. Але ў першую чаргу Сьмяхоўская назірае за жыццём звычайных грамадзян Польшчы. Ці на пляжы Балтыйскага мора, ці ў гандлёвым цэнтры – усюды яна супастаўляе свае веды пра культуру, палітыку, грамадства з рэчаіснасцю. Гэта дазваляе ёй зрабіць высновы пра камунікацыю ў сацыяльных сетках ці значэнне капіталізму ў сённяшняй Польшчы. Сярод важных тэм, безумоўна,  і кіруючая партыя «Закон і справядлівасць», і клішыраванае ўяўленне пра маці-палячку, і напружанасць ў стасунках паміж палякамі і немцамі, якая адчуваецца ў паўсядзённым жыцці.
Сьмяхоўская выбірае тут пункт гледжання зацікаўленай і актыўнай назіральніцы. Калі яна вырашае ўзяць інтэрвію ў Леха Валенсы (якое адбываецца) ці ў Яраслава Качыньскага (якое не адбываецца), то заўсёды застаецца журналісткай, якая не толькі перадае словы сваіх суразмоўцаў, але адначасова і пераносіць чытачоў ў аўру сустрэчы. Тое ж можна сказаць і пра сустрэчу з пісьменніцай Даротай Маслоўскай. Гэтая зорка польскай літаратуры жыла некалі па суседству са Сьмяхоўскай, але журналістка амаль цалкам забыла (магчыма, спрацаваў псіхалагічны працэс выцяснення) колішнюю сяброўку. Сустрэча за бакалам віна – добрая нагода не толькі для ўзнаўлення знаёмства, але і для гутарак пра тое, што адбылося за прамінулыя дзесяцігоддзі.
«Вяртанне ў Польшчу» варта чытаць найперш як рэпартаж пра сённяшнюю Польшчу, які падахвочвае да дыскусіі. У гэтым сэнсе кніга дае выдатную падставу для крытычнага позірку на патрыятызм, капіталізм, грамадскую актыўнасць, яна ўяўляе сабой знергічны, палкі, прасякнуты чуйнай думкай і перададзены жывою мовай разгляд сацыяльных і палітычных пераўтварэнняў у гэтай частцы Еўропы, адрасаваны нямецкім, польскім і ўсім іншым чытачам.
Carl Hanser Verlag

Emilia Smechowski (Эмілія Сьмяхоўская)
Rückkehr nach Polen («Вяртанне ў Польшчу»)
Carl Hanser Verlag, München, 2019 (Выдавецтва Carl Hanser Verlag, Мюнхен, 2019 г.)
ISBN 978-3-446-26418-2
256 старонак

Рэцэнзіі ў нямецкіх СМІ:

Perlentaucher
Cicero