Крыстына Спрынджунайце раіць
Не бура, проста надвор’е

Kein Sturm, nur Wetter - Judith Kuckart © S. FISCHER У гэтай кнізе, назва якой будзе сапраўдным выклікам для перакладчыкаў, мы суправаджаем гераіню, доктара мікрабіялогіі, да месцаў дзейнасці яе колішніх каханых. Да ўяўнага падарожжа яе падштурхнула выпадковае знаёмства. Яно доўжыцца роўна шэсць дзён – да таго моманту, калі новы знаёмы, Роберт Штурм, вяртаючыся з Сібіры, прызямляецца ў берлінскім аэрапорце Тэгель. Вядзе падарожжа ад Віктара да Яганэса, з Берліна ў нямецкую правінцыю і назад і дае дастаткова часу ўваскрэсіць забытае гераіняй, а таксама дастаткова магчымасцей для інсцэніроўкі кахання перад унутраным вокам. Усё гэта аўтарка паказвае нам у кароткіх выразных сцэнах.
Юдыт Кукарт (нарадзілася ў 1959 г.) – не пачаткоўка ў літаратуры, хоць і працавала ў тэатры танца. Пра гэта міжволі згадваецца пад уражаннем яе пластычных персанажаў і вытанчанай рытмікі. Ды яшчэ моцнай эмацыянальнай інтэнсіўнасці з эфектам прыцягнення. Успаміны, насычаныя візіямі, – выпрабаваны сродак для таго, каб паказаць тое, што ў жыцці хутчэй не ўдалося, але яны яшчэ і дапамагаюць наратыўна наблізіцца да чалавечага мозгу. Бо доктар нейрабіялагіі імкнецца доказна высветліць у сваіх даследаваннях, што менавіта робіць наш мозг органам адносін. Здольным, між іншым, таксама выдатна ствараць і легітымаваць магію лічбаў: так, лічба 18 адносна ўзросту сустракаецца ў шэрагу канстэляцый.
Сцэны штуршкамі рухаюцца ў часе наперад і назад, але гэта не заблытвае чытача, а мае арганічны характар, бо і саміх сябе мы расказваем зусім не ў храналагічнай паслядоўнасці. Са сцэнамі чаргуюцца нататкі дзённікавага ўзроўню з пераходамі ад суб'ектыўнага назірання да позірку пабочнай асобы, ад святла гульні да рабочага святла. І гэтыя пераходы, безумоўна, будзяць недзе ў падсвядомасці думкі: ці ёсць мы тое, што забылі, ды яшчэ нешта акрамя гэтага. Бо гісторыі не канчаюцца, калі канчаюцца  кнігі.
DuMont

Judith Kuckart (Юдыт Кукарт)
Kein Sturm, nur Wetter («Не бура, проста надвор'е»)
DuMont, Köln, 2019 (Выдавецтва DuMont, Кёльн, 2019 г.)
ISBN 978-3-8321-8386-8
224 старонкі