Інгвілда Страўтмане раіць
Малады дактарант

Der junge Doktorand - Jan Peter Bremer © Berlin Verlag Раман Яна Петэра Брэмера «Малады дактарант» апавядае пра немаладую пару, якая ўжо даўно жыве ў перабудаваным млыне непадалёку ад соннага правінцыяльнага гарадка. Муж і жонка прывыклі адно да аднаго і пакутуюць ад паўсядзённай руціны свайго сумеснага жыцця. Мастак Гюнтэр Грайлах і яго жонка Наташа, а з імі і іх сяброўка Юта чакаюць прыезда «маладога дактаранта», які збіраецца пісаць пра Гюнтэра, --  і у кожнага з іх свае ўласныя спадзяванні. Але «малады дактарант» вось ужо два гады толькі прысылае паштоўкі, у якіх паведамляе, чаму зноў мусіць адкласці свой прыезд. Прычыны дзіўныя – напрыклад, на спаборніцтвах па коннаму спорту ў Андалузіі ўпаў з каня і апынуўся ў шпіталі. Але аднойчы, цёмным дажджлівым вечарам, «малады дактарант» раптам узнікае перад дзвярыма. Яго завуць Фларыян. Што яму тут, уласна кажучы, трэба? І што ён збіраецца рабіць? Расказвае ён мала. Увогуле больш маўчыць.
Калі чытаеш раман, часам узнікаюць асацыяцыі з драмай Бэкета «У чаканні Гадо». камедыяй Гогаля «Рэвізор» ці з Кафкай. Але чаканне тут іншае. Людзі, якія прызвычаіліся да ўсяго ў сваім жыцці і якім яно абрыдла, чакаюць незнаёмца, што прынясе перамену. Гюнтэр спадзяецца, што праз напісанае дактарантам набудзе новую славу і ўвагу. Наташа чакае, што прыедзе нехта, з кім яна зможа пагутарыць, хто пахваліць прыгатаваную ёю ежу, бо муж заўсёды кажа, што гуляш перасолены.
«Элегантная проза», «камерная гульня са старой сужэнскай парай і незнаёмцам» і «да горычы смешны гратэск» – вось некалькі характарыстык рамана з рэцэнзій, апублікаваных у нямецкай прэсе. «Малады дактарант» уключаўся ў доўгі спіс Нямецкай літаратурнай прэміі за 2019 г. Самы вядомы раман Брэмера – «Der amerikanische Investor» («Амерыканскі інвестар»). Пісьменнік уганараваны шэрагам літаратурных стыпендый і прэмій.
Berlin Verlag

Jan Peter Bremer (Ян Петэр Брэмер)
Der junge Doktorand («Малады дактарант»)
Berlin Verlag, Berlin, 2019 (Выдавецтва Berlin Verlag, Берлін, 2019 г.)
ISBN 978-3-8270-1389-7
176 старонак