Міхаэль Кёльмаер Чалавек, які знаходзіць згубленае

Michael Köhlmeier: Der Mann, der Verlorenes wiederfindet Foto: © Carl Hanser Verlag, Munich, 2017 На плошчы перад кляштарам у Арчэле (Падуя) ляжыць мужчына. Ён памірае. За гэтым назірае трохтысячны натоўп. Толькі што чалавек прамаўляў перад імі казань, потым сілы пакінулі яго. Спёка. Натоўп трымаецца на пэўнай адлегласці. Чалавека кладуць на насілкі. Нехта падсоўвае яму пад патыліцу коўдру. Ніхто не дапамагае паміраючаму, ніхто не падносіць яму вады, каб спатоліў смагу, ніхто не спрабуе зменшыць яго боль. Людзям хочацца ўбачыць, як Бог забірае святога да сябе.
Міхаэль Кёльмаер – майстар у мастацкім спляценні фікцыйных тэкстаў з гістарычных фігур. (…) Для свайго новага твора аўтар выбраў чалавека, які здаецца ідэальнай плоскасцю праекцыі для рэфлексіі пра веру, дух і падатлівасць да спакус.
Антоній Падуанскі. Нарадзіўся ў канцы XII стагоддзя, памёр ў 1231 г. Належаў да ордэна францысканцаў, быў, у адрозненне ад свайго сучасніка, заснавальніка ордэна Францыска Асізскага чалавекам вострага розуму, начытаным інтэлектуалам. Але гэта быў і чалавек, вельмі шанаваны народам. (…) Як і яго герой Антоній, які ўвесь час нагадвае сабе, што трэба быць устрыманым, Кёльмаер не любіць знешніх эфектаў. Ён пакідае месца для сумненняў. Ён пакідае месца для Нішто – а гэта д'ябал, і для нянавісці. Гаворыцца ж: «Толькі ў свеце нянавісці Боская міласць набывае сэнс». Але пра што гаварыў у ёй, у сваёй апошняй казані, Антоній? На гэты конт меркаванні сведак, якім дае слова Кёльмаер, не супадаюць.

Міхаэль Кёльмаер
Der Mann, der Verlorenes wiederfindet
Выдавецтва «Carl Нanser Verlag», Мюнхен, 2017
ISBN 978-3-446-25645-3
158 стар.