Марыяна Лекі Што можна ўбачыць адсюль

Mariana Leky: Was man von hier aus sehen kann Foto: © DuMont Verlag, Köln, 2017 «Што можна ўбачыць адсюль», трэці раман Лекі, тлумачыць ужо ў загалоўку, што з уласнага пункту гледжання ніколі не бывае бачна ўсё і ніколі ўсё не можа стаць відавочным ва ўласным значэнні. Там, дзе ў жыцці можа вырвацца стрэл, заўсёды застаецца нечаканасць. Так яно бывае і ў невялічкай вёсачцы ў гарах Вэстэрвальда, дзе адбываеццаа дзея, – калі не браць да ўвагі тое, што бацька апавядальніцы Луізы, які заўсёды раіць усім «упусціць сюды больш свету», неўзабаве выпраўляецца ў літаральна бясконцае сусветнае падарожжа. І маці, гандлярка кветкамі, можна сказаць, адсутнічае, бо яна ўвесь час занятая разрывам з мужам і сваім каханкам, так што для Луізы галоўным чалавекам і цэнтрам вясковага свету становіцца яе бабуля Сельма.
У пачатку рамана Луізе дзесяць гадоў, але расказвае яна з пазіцый шмат пазнейшага часу. Яна ведае амаль пра ўсё, а свой аповяд пачынае ў форме першай асобы множнага ліку, быццам успамінае і пачынае гаварыць сама вёска. «Мы» і «тады» – такая вось танальнасць. У кожным з трох вялікіх раздзелаў, дзея якіх адбываецца адпаведна ў 1983, 1995 і каля 2005 г., гаворка ідзе пра смерць і пра любоў. Смерць абвяшчае пра сябе тым, што Сельме прысніўся акапі. Так бывала ўжо шмат разоў, так што нават тыя жыхары вёскі, якія не належаць да прымхлівых ці прынамсі не хочуць прызнацца ў гэтым, не могуць адмаўляць  прычыннай сувязі. Бо акапі, нешта сярэдняе паміж жырафай, тапірам і зебрай, – сам ужо адзінства таго, што не з'яўляецца адзіным цэлым.

Марыяна Лекі
Was man von hier aus sehen kann
Выдавецтва «DuMont Verlag», Кёльн, 2017
ISBN 978-3-8321-9839-8
320 стар.