Іёма Мангольд Нямецкі кракадзіл

Ijoma Mangold: Das deutsche Krokodil Foto: © Rowohlt Verlag, Reinbek bei Hamburg, 2017 Калі літаратурны жанр мемуараў і надалей будзе перажываць такі бум, то неўзабаве ўсё больш людзей ва ўсё маладзейшым узросце будуць пісаць сваю дагэтулешную біяграфію.  Увогуле, кожнае жыццё, нават кожны адрэзак жыцця, вядома, заслугоўвае таго, каб пра яго расказалі; усё залежыць ад перспектывы і ад характару аповяду. Той, хто па прафесіі валодае майстэрствам пісання, мае найлепшыя карты. Сярод тых, каго гэта тычыцца, напэўна, толькі нямногія маюць настолькі незвычайны жыццёвы матэрыял, як Іёма Мангольд, адзін з самых вядомых літаратурных крытыкаў. Раней ён друкаваўся ў газеце «Зюддойчэ Цайтунг», а зараз піша для «Ды Цайт». Нарадзіўся Мангольд у 1971 г. у Гайдэльбергу, вырасціла яго маці, і толькі стаўшы дарослым ён пазнаёміўся са сваім бацькам-нігерыйцам, яго сям'ёю і фонавымі абставінамі свайго ўласнага паходжання.
Калі Мангольд дэманструе зараз публічна, у аповесці, гэтыя абставіны і найперш іх наступствы для ўласнага бачання свету і свайго станаўлення, то гэта адпавядае патрэбнасці аглянуцца назад, высветліць і пераканацца ў  самім сабе; гэтую патрэбнасць маюць і многія яго равеснікі. Аднак індывідуальнае, асаблівае са сваёй біяграфіі ён настолькі ўмела  спалучае, зноў і зноў пераходзячы на эсэ, з пытаннямі і рэфлексіямі агульнай цікавасці, што кніга з чароўным загалоўкам «Нямецкі кракадзіл» стала нечым значна большым, чым проста асабістай гісторыяй: гэта адначасова партрэт грамадства і эпохі ў мініяцюры, яна можа даць тэмы для натхняльных дыскусій.

Іёма Мангольд
Das deutsche Krokodil
Выдавецтва «Rowohlt Verlag», Рэйнбек пад Гамбургам, 2017
ISBN 978-3-498-04468-8
352 стар.