Бэртальд Франке раіць Грамадства адзіночнасцяў

Die Gesellschaft der Singularitäten - Andreas Reckwitz © Suhrkamp Verlag «Індывідуалізацыя» – так гучала галоўнае слова сацыялогіі з 1980-х гадоў, якім Ульрых Бэк і іншыя збіраліся апісваць новае грамадства, што грунтавалася на постматэрыялістычнай змене каштоўнасцей. Маштабнае даследаванне сацыёлага  Андрэаса Рэквіца дае цяпер шырокі сацыяльна-тэарэтычны адказ на пытанне, як мы можам разумець «структурнае пераўтварэнне сучаснасці» ў багатых заходніх грамадствах, што назіраецца ўжо на працягу жыцця цэлага пакалення. Пры гэтым «сінгулярызацыя» («адзіночванне») – гэта шмат больш, чым разнастайнасць біяграфій ў адрозненне ад канфармізму класаў і слаёў старога індустрыяльнага грамадства. Яна тычыцца прынцыповай змены фармату арыентацый: аб'екты, суб'екты, прасторы, часы і калектывы выбіраюцца па прынцыпу ўнікальнасці і становяцца галоўным, вызначальным для сэнсу і мэты фактарам новага, «крэатыўнага» сярэдняга класа.
 
Культура сінгулярызацыі як вызначальны феномен нашага часу замяняе, такім чынам, эканамічна дамінуючы грамадскі тып класічнай сучаснасці, які кіраваўся логікай культурнага абагульнення. У гэтым сэнсе грамадства нашага часу больш, чым калі тое ні было раней, вызначаецца культурай, а тэорыя грамадства адпаведна больш, чым калі б тое ні было, з'яўляецца сацыялогіяй культуры.
 
Кніга Рэквіца, якая асабліва ў яе пачатковай тэарэтычнай частцы месцамі чытаецца не без цяжкасці, – выдатны твор; гэта праяўляецца і ў тым, што аўтар у другой частцы, прысвечанай прымяненню тэорыі да мноства актуальных сацыяльных, палітычных і культурных феноменаў, прапануе багаты матэрыял. Такім чынам, тут мы знаходзім не толькі зручную сацыяльную тэорыю позняга новага часу, але і пераканаўчае апісанне новай класавай структуры. Акрамя таго, Рэквіц дае празорлівы аналіз – у прыватнасці, культурнай рэвалюцыі (з дапамогай дыгіталізацыі), а таксама  новых аўтарытарна-нацыяналістычных палітычных плыняў.
 

Andreas Reckwitz (Андрэас Рэквіц)
Die Gesellschaft der Singularitäten. Zum Strukturwandel der Moderne («Грамадства адзіночнасцяў. Да пытання структурнага пераўтварэння сучаснасці»)
Suhrkamp Verlag, Berlin, 2017
ISBN 978-3518587065
480 Seiten

E-Book in der Onleihe des Goethe-Instituts ausleihen