Марцін Бэкер раіць ПЕРААДОЛЕННЕ СІЛЫ ПРЫЦЯГНЕННЯ

Heinz Helle - Die Überwindung der Schwerkraft © Suhrkamp Verlag Хлопец успамінае свайго старэйшага брата, што памёр некалькі гадоў таму. Успамінае ноч, якую яны апошні раз правялі разам, бадзяючыся па мюнхенскіх піўных. Толькі адзін раз ён наведаў магілу брата, хоць думае пра яго ўвесь час, як апантаны. У бясконцым каскадзе ўспамінаў мы чуем блытаныя гутаркі братоў – без абзацаў, ліхаманкавыя, суцэльная плынь свядомасці, якая перапыняецца толькі на тое, каб выпіць піва, якога яны спажылі цэлае мора, ці шнапсу – яшчэ больш.
Раман Гайнца Гэлле «Пераадоленне сілы прыцягнення» атрымаўся пяшчотна-меланхалічным, месцамі смешным, яго цяжка параўнаць з якім-небудзь іншым творам сучаснай нямецкамоўнай літаратуры. Мова, адчуванне рытму, дух часу: абсалютна арыгінальны, насычаны смуткам і глыбока ўзрушальны вынік літаратурнай працы. Ва ўсякім разе аўтару з лёгкасцю ўдаецца пераадолець  сілу прыцягнення. Яго проза настолькі дзівосна якасная, што з першага сказа пачынае лунаць.
 

Heinz Helle (Гайнц Гэлле)
Die Überwindung der Schwerkraft (Пераадоленне сілы прыцягнення)
Suhrkamp Verlag, Berlin, 2018 (Выдавецтва Зуркамп Фэрлаг, Берлін, 2018 г.)
ISBN: 978-3-518-42823-8
208 старонак