Крысціна Спрынджунайце раіць ГОЛЫ НАД БЕРЛІНАМ

Axel Ranisch - Nackt über Berlin © Ullstein Verlag Крэатыўны майстар на ўсе рукі Аксэль Раніш, які пасля яго відовішчнага – у станоўчым сэнсе  – фільма-дэбюта  „Dicke Mädchen“ («Тоўстыя дзяўчаты») з надзвычайнай жарсцю ўзяўся ставіць оперы – напрыклад, „Tatorte“ («Месцы злачынстваў»), выступае як актор і называе сябе дзіваком, закаханым у класіку, сваім літаратурным дэбютам адразу ж адхапіў прэмію фестывалю  Lit.Cologne («Літ[аратурны]Кёльн») у намінацыі «Дэбют».
Гісторыя пра пераходны ўзрост мае мноства характарыстык: простая, гратэскная, вобразная, выразная, імклівая і пры гэтым мудрая. У галоўнай сюжэтнай лініі мы сустракаем двух семнаццацігадовых хлопцаў – Яніка, па мянушцы Фэці (Таўстунчык), і Тая (Фіджы). Жывуць яны ў Берліне, ходзяць у адзін клас, вельмі розныя (не толькі ў тым, што адзін – фрык класікі, а другі вар'яцее ад камп'ютара), і ўсё ж абодва належаць да аўтсайдэраў. У другой сюжэтнай лініі гаворка ідзе пра дырэктара школы Енса Лампрэхта, якога Янік і Тай замыкаюць у яго кватэры, абсталяванай у стылі хай-тэк,  пра сям'ю Лампрэхта і яго папярэднюю гісторыю. Выкарыстоўваюцца ўсе элементы класічнай оперы: суперніцтва, помста, раскаянне, пагроза і страх, туга і каханне. Яны ўзмацняецца сродкамі кіно – такімі, як, напрыклад, флэшбэк і кашмары. Аднак фабула застаецца прыземленай і блізкай да рэчаіснасці.
«Гэты раман – я, аднак усё выдумана», – сказаў аўтар у адным інтэрвію. Кнігу вызначае менавіта багацце захапляльных прыдумак. Выдатна збалансаваная сумесь напружання і глыбіні, узбагачаная неабходнай дозай меланхалічных адчуванняў і кранальнага трагікамізму, робіць змест настолькі праўдападобным, што нават патрабавальны чытач, знаёмячыся з гэтым «фільмам у вокладцы», не будзе занадта прыдзірлівым да трохі прымітыўных літаратурных сродкаў і даволі простай мовы.  
Паўнацэннае і карыснае чытво не толькі для падлеткаў, іх бацькоў і выхавальнікаў. Ад кнігі можна атрымліваць асалоду і як ад кінафільма – у версіі аўдыёкнігі з удзелам Аксэля Раніша і Торстэна Мэртэна.
 

Axel Ranisch (Аксэль Раніш)
Nackt über Berlin (Голы над Берлінам)
Ullstein (Выдавецтва Ульштайн)
ISBN-13 9783961010134
384 старонкі