Міхал Гварэцкі раіць МЕСЦА ПАД СОНЦАМ

Christian Torkler - Der Platz an der Sonne © Klett-Cotta «Магло б быць і інакш», – пісаў Роберт Музіль у чацвёртай частцы рамана «Чалавек без уласцівасцей». Дарожны знак крытычнага мыслення. Што, калі б многае ці нават усё адбылося б інакш? Альтэрнатыўны аповед літаратурных гісторый разгортвае напружаныя сцэнарыі. У тэорыі літаратуры гэта называецца таксама «парагістарычным» падыходам або ухроніяй, утапічнай рэканструкцыяй гісторыі – такая вось паралель да утопіі. Гэта даўняя традыцыя. Яшчэ храніст Тытус Лівіюс разважаў, што здарылася б, калі б Аляксандр Македонскі пражыў больш і пайшоў на Захад, супраць Рыма. У адной кропцы дывергенцыі ход усясветнай гісторыі адхіліўся ад таго, які вядомы нам.
Тэолаг і культуразнаўца Крысціян Торклер (нарадзіўся ў 1971 г.), позні дэбютант у літаратуры, аб'ездзіў увесь глабальны свет, найперш Афрыку. У яго рамане Германія пасля жорсткай Трэцяй усясветнай вайны, у 1978 годзе,  распадаецца на дробныя дзяржавы. Афрыка – багаты Першы свет, Еўропа – Трэці, тут звычайнай справай ёсць тэрор, голад і масавая галеча. Вялізны крызісны рэгіён пакутуе ад наступстваў узброеных канфліктаў. Торклер хоча «стварыць на паперы цэлыя светы – і зноў разбурыць іх, ды так, каб яго за гэта не пакаралі». Яго незабыўны герой, адважны зух Ёшуа Брэнэр, выпраўляецца з разбуранай Новай Прускай Рэспублікі ў паўднёвым накірунку. Ён хоча жыць нарэшце ў лепшым, бяспечным свеце. Аўтар даследуе грамадскія зрухі, надае новае аблічча тэме міграцыі і фармулюе шэраг прынцыповых геапалітычных пытанняў кшталту «Што было б, калі б...». Дзея у «Месцы пад сонцам» адбываецца ў выдуманым мінулым, якое з'яўляецца адначасова і магчымай будучыняй. Жорсткі, застрашальна актуальны, «адваротны» раман пра бежанства!
 

Christian Torkle (Крысціян Торкле)
Der Platz an der Sonne (Месца пад сонцам)
Klett-Cotta Verlag, Stuttgart, 2018 (Выдавецтва Клет-Кота Фэрлаг, Штутгарт, 2018 г.)
ISBN: 978-3-608-96290-1
592 старонкі