Крыстаф Бартман раіць НАЧНОЕ СВЯЧЭННЕ

Maria Cecilia Barbetta - Nachtleuchten © S. Fischer Verlag Марыя Цэцылія Барбета высільвалася, напэўна, не адзін год над гэтым раманам, другім пасля яе кнігі „Änderungsschneiderei Los Milagros“ («Атэлье па рамонту адзення Лос Мілаграс») (2008 г.), што атрымала мноства станоўчых водгукаў. Пра тое, наколькі доўгім і, магчыма, цяжкім быў шлях, які цяпер вось завяршыўся раманам «Начное свячэнне», закончаным творам і адначасова пратаколам уласных праблем, сведчыць доўгі спіс тых, ад каго аўтарка атрымлівала стыпендыі і часовыя «рэзідэнцыі», – ім яна выказвае падзяку на першых старонках кнігі. Барбета яшчэ раз тэматычна паглыбляецца ў атмасферу свайго роднага горада, Буэнас-Айрэса, дакладней, прадмесця Вілья-Бальестар на яго поўначы, дзе яна вырасла. І зноў у працы над кнігай яе натхняе надзвычайнае захапленне – з аднаго боку, нямецкай мовай, з другога – літаратурнымі традыцыямі Паўднёвай Амерыкі, для характарыстыкі якіх недастаткова азначэння «магічны рэалізм».
Аднак са скарочанымі формамі гэтай школы (нагадаем пра Ісабэль Альендэ) яна не хоча мець нічога агульнага, тады хутчэй ужо з Хуліа Картасарам і схільнасцю да ўяўнага і надпачуццёвага, немагчымай без замацавання ў каталіцызме. Аднак сляды, пазнакі і спасылкі ў гэтым рамане настолькі шматлікія, што іх усё роўна проста нельга асэнсаваць за адно прачытанне.
Уласна кажучы, Барбета напісала тры невялікія раманы, у якіх распавядаецца пра людзей Вілья-Бальестара 1974-75 гадоў. Мы трапляем у год смерці дыктатара Перона, які толькі нядаўна вярнуўся з эміграцыі.  Яго ўдава Ісабэль, абсалютна пазбаўленая здольнасцей, але са спірытыстычнымі схільнасцямі, зойме потым пасаду мужа без выбараў. Спектакль, які праз два гады вайскоўцы рэзка абарвуць. Пра гэта ў рамане гаворкі няма, дзея абмяжоўваецца Вілья-Бальестарам і так званымі простымі людзьмі, іх «клопатамі і бедамі», але ў першую чаргу іх жаданнямі і надзеямі. У Вілья-Бальестары, як і ў іншых месцах, пачынаюцца хваляванні, аўтарка пераносіць нас у свайго кшталту лабараторыю грамадскага перавароту, дзе перамешваюцца разнастайныя імпульсы, як рэалістычныя, так і фантастычныя. Распавядаецца спачатку пра каталіцкую жаночую школу, у якой некалькі вучаніц збіраюцца самахоць ажыццявіць Другі Ватыканскі сабор, менавіта ў выглядзе постаці мадоны, якая па начах ходзіць з дома ў дом. Ноччу яна выпраменьвае святло, што і вызначыла назву рамана. Потым мы становімся назіральнікамі жыцця і працы, а яшчэ больш слухачамі гутарак дробных рамеснікаў – аўтамеханікаў, цырульнікаў.  «Аўтопія» – такую паказальную назву мае майстэрня па рамонту аўтамабіляў, яна ж, паміж іншым ці нават галоўным чынам, – інкубатар дысідэнцкіх палітычных ідэй. Нарэшце, у трэцяй, апошняй, частцы, група калег са школы пачынае раскрываць сакрэты спірытызму, што таксама з'яўляецца палітычнай справай, калі ўжо сама спадарыня прэзідэнт атрымлівае натхненне ад спірытычных сеансаў.
Ужо неўзабаве чытач заўважае, што асобныя часткі слаба спалучаныя паміж сабою. Іх не аб'ядноўвае ніякае хвалюючае дзеянне, ніякая загадка не дамагаецца разгадкі. Наколькі шчытна ні сплецена сеціва матываў у рамане, наколькі ні кружляе ўсё, што адбываецца, вакол цуда і яго рэалізацыі ў паўсядзённасці, яно ўсё ж толькі кружляе, а не развіваецца. Факт, што Барбета ўрэшце напісала раман з трох кніг, магчыма, тлумачыцца тым, што ніводная з трох гісторый па-сапраўднаму не здольная стаць «вялікім» раманам: на 522 старонках хвалюючае адбываецца галоўным чынам на мікраўзроўні. Прычым на кожнай старонцы, якую Барбета напаўняе сваёй сапраўды чароўнай нямецкай прозай. Аўтарка прызнаецца ў гутарках, што любіць нямецкую мову, не родную для яе, і што не хацела б пісаць ні на якой іншай, у тым ліку і не на іспанскай. Ва ўсякім разе нямецкая мова, у сваю чаргу, гэтак сама любіць Марыю Цэцылію Барбету. Не так шмат ёсць сучасных пісьменніц, якія могуць пісаць настолькі ж вынаходліва, маляўніча і смела, як яна. У Барбеты моўны аспект абавязкова вылучаецца над любым зместам, проста таму, што мова яе такая багатая і згушчаная. Раман, уласна кажучы, і жыве гэтай перавагай у артыкуляцыі, якая адлюстроўваецца ў паліграфічных эксперыментах, ілюстрацыях, выкрэсліваннях ці ў арыгінальным падзеле тройчы па трыццаць тры раздзелы плюс адзін заключны. Можна ўбачыць у гэтым манернасць і папракнуць аўтарку ў перагружанасці тэксту. Але тут мы вітаем манернасць як стыль, як маньерызм, рэалізацыю бязмежнага імкнення да надання формы, за якім тое, чаму форма нададзена, трохі ніякавее.
Патрабуецца трыванне для таго, каб прабіцца праз гэты доўгі раман, які радуе чытача нястомным задавальненнем ад апавядальнасці і (тут, магчыма, слова якраз і будзе адпаведным) фабуліравання, але, магчыма, адначасова без неабходнасці ўскладняе бачанне свету, пра які апавядаецца.
 

Maria Cecilia Barbetta (Марыя Цэцылія Барбета)
Nachtleuchten (Начное свячэнне)
S. Fischer Verlag, Frankfurt am Main 2018 (Выдавецтва С. Фішэр Фэрлаг, Франкфурт-на-Майне, 2018 г.).
ISBN 978-3-10-397289-4
522 старонкі