Ілва Скультэ раіць ТУТ ЯШЧЭ ЎСЁ МАГЧЫМА

Gianna Molina - Hier ist noch alles möglich © Aufbau Verlag Маладая швейцарская пісьменніца Жана Малінары стварыла ў сваім дэбютным рамане шырокую паэтычную парафразу думак і настрояў сённяшняй Еўропы. Тэмы – ідэнтычнасць, межы, нагляд, чалавечнасць, прамысловасць і прырода, а таксама няпэўнасць і крохкасць, зменлівасць спасцігнутага – раскрываюцца з дапамогай не толькі вербальных, але і графічных, фотатэхнічных і матэматычных сродкаў выражэння. Менавіта дзякуючы ўзаемадзеянню розных спосабаў аўтарскага пасылу, якія падкрэсліваюць варыятыўнасць успрыняцця рэальнасці, твор становіцца асабліва набліжаным да псіхалагічных станаў сучаснага чалавека, у якіх усведамленне таго, што рэальнае цяжка строга аддзяліць ад уяўнага і што наглядчык выяўляе нагляд, спрычыняе душэўную шкоду.
Значэнне позірку наглядчыка раскрываецца ў цэнтры рамана: геераіня трапляе на нейкую амаль пакінутую фабрыку, каб пачаць там працу ў якасці ахоўніцы. Яе першыя даручэнні датычацца нейкага ваўка (магутны вобраз у міфалогіі розных еўрапейскіх народаў), якога бачылі на тэрыторыі прадпрыемства і ўяўная прысутнасць якога мае вялікае значэнне для стварэння перспектывы. З параўнаўча лаканічным аповедам, вобразнасцю і мовай кантрастуе апісанне яшчэ адной дзіўнай падзеі, вакол якой круцяцца думкі гераіні: містычны няшчасны выпадак, што адбыўся на гэтым месцы: з самалёта, відавочна, выпаў уяўны ўцякач. Тым не менш раман не становіцца дэтэктывам, гэта хутчэй тонкі філасофскі аповед, які сваім настроем і асобнымі метадамі трохі нагадвае прозу В. Г. Зэбальда.
 

Gianna Molinari (Жана Малінары)
Hier ist noch alles möglich (Тут усё яшчэ магчыма)
Aufbau Verlag, Berlin, 2018 (Выдавецтва Аўфбаў Фэрлаг, Берлін, 2018 г.)
ISBN: 978-3-351-03739-0
192 старонкі