Ілва Скультэ раіць ІСТЭРЫЯ

Eckhart Nickel - Hysteria © Piper Verlag Экгарт Нікель, аўтар рамана «Істэрыя», – адзін з прадстаўнікоў нямецкага поп-літаратурнавга руху пачатку стагоддзя. Адбіткі эстэтычных і філасофскіх уплываў гэтага накірунку заўважаюцца і ў «Істэрыі», яго першым апублікаваным рамане. Іранічна-элегантная форма аповеду і субверсіўная крытыка датычацца тут культу экалагічна чыстай вытворчасці і біяпрадуктаў ў сённяшняй культуры спажывання і эканоміцы.
Герой рамана мае абвостранае пачуццёвае ўспрыняцце, дзякуючы якому ён адчувае кожнае раздражненне мацней і глыбей. Так ён заўважае нешта незвычайнае ў малінах на рынку, якія выраслі ў нейкім асаблівым двары. Каб высветліць прычыны, ён выпраўляецца на гэты двор, але там у яго узнікаюць яшчэ большыя сумненні. Праз апісанне адмысловага свету адчуванняў героя аўтар не толькі абуджае цікаўнасць, вартую дэтэктыва, але і стварае нарастаючае напружанне як псіхалагічны стан, які паступова ахоплівае і чытача. Незразумела, ці апісаныя падзеі з'яўляюцца хутчэй галюцынацыяй, ці яны ёсць рэальнасцю – сучаснасць, мінулае і будучыня расплываюцца.
Пісьменнік выкарыстоўвае сімвалы, якія пазнаюцца ў розных кантэкстах, каб урэшце аб'яднаць сюжэтныя лініі рамана ў адзінай антыўтапічнай сістэме. Карані яе знаходзяцца ў радыкальнай ідэалогіі, якая прапаведуе паслядоўнае вяртанне да прыроды, не кранутай рукой чалавека, але маніфестуецца яна ў гратэскавай кулінарнай інстытуцыі, у цэнтры якой знаходзяцца прафесар-»вар'ят» з магічнымі ведамі і містычная таямніца.
 

Eckhart Nickel (Экгарт Нікель)
Hysteria (Істэрыя)
Piper Verlag, München, 2018 (Выдавецтва Піпэр Фэрлаг, Мюнхен, 2018 г.)
ISBN: 978-3-492-05924-4
240 старонак