Арпад Бернат раіць ТАНК ЦЭЛІЎСЯ Ў КАФКУ

Der Panzer zielte auf Kafka - Heinrich Böll © Kiepenheuer & Witsch Быў ужо вечар, калі Генрых Бёль з жонкай і сынам Рэнэ 20 жніўня 1968 г. прыехалі ў Прагу. Чэхаславацкі Саюз пісьменнікаў запрасіў яго, каб ён «на месцы пераканаўся пра належны ход нашага працэсу абнаўлення». Без запрашэння, але адначасова з трыма гасцямі з Кёльна сюды выправіліся трыста тысяч салдат Варшаўскага пакта, каб бязлітасна спыніць любыя працэсы абнаўлення ў Чэхаславакіі і ажыццявіць у «брацкай краіне» савецкую практыку сацыялізму з нечалавечым тварам, прычым з выкарыстаннем зброі. Сям'я Бёля заняла 315-ы пакой гатэля «Алькрон», у цэнтры горада. Савецкія войскі ў ноч на 21 жніўня занялі цэнтры палітычнага,  ваеннага і духоўнага кіраўніцтва сталіцы – ад будынка Цэнтральнага камітэта Камуністычнай партыі да бюро Саюза пісьменнікаў. Так Бёлеў «візіт добрай волі» стаў багатай на ўспаміны паездкай на фронт. Так вельмі шанаваны і на Ўсходзе, і на Захадзе пісьменнік пад прымусам абставін стаў франтавым карэспандэнтам. Праз 50 год пасля падзей, якія істотна паўплывалі на ход усясветнай гісторыі, Рэнэ Бёль зноў публікуе артыкулы бацькі і ягоныя газетныя інтэрвію пад назвай «Танк цэліўся ў Кафку. Генрых Бёль і Пражская вясна». Гэтыя дакументы ён дапаўняе ўласнымі ўражаннямі, уласнымі фотадакументамі і шматлікімі заўвагамі. Упершыню можна пазнаёміцца з дзённікавымі нататкамі Бёля, на аснове якіх узнікалі артыкулы. Адначасова прыводзяцца разважанні Марціна Шульцэ Вэсэля пра прычыны і асаблівасці «Пражскай вясны» – ён падрыхтаваў для гэтай кнігі эсэ. Бёль перажыў і пражыў у Празе рэдкі гістарычны момант, калі цэлую краіну аб'ядноўвала аднадушнае – як у Венгрыі ў 1956 г. – імкненне да самавызначэння і свабоды.
 

Heinrich Böll (Генрых Бёль
Der Panzer zielte auf Kafka (Танк цэліўся ў Кафку)
Hg. von René Böll. Mit einem einführenden Essay von Martin Schulze Wessel.
Kiepenheuer & Witsch, Köln, 2018. (Укладальнік Рэнэ Бёль. Уводзіны: эсэ Марціна Шульцэ Вэсэля. Выдавецтва  Кіпэнгоер & Віч, Кёльн, 2018 г.
ISBN: 978-3-462-05155-1
224 старонкі