Янаш Вайс раіць СЛЯПЫЯ ЗОНЫ РУХУ 68-га ГОДА

Wolfgang Kraushaar - Die blinden Flecken der 68er-Bewegung © Klett-Cotta З нагоды пяцідзесяцігадовага юбілею падзей 1968 г. выйшла цэлая плынь кніг, у якой асабліва вылучаецца гэты твор. Вольфганг Краўсхар сам быў удзельнікам руху 68-га на яго позняй стадыі. Сёння ён лічыцца адным з самых значных хранікёраў падзей. Яго трохтомны, выдадзены да саракавога юбілею аб'ёмны зборнік матэрыялаў і дакументаў аб сувязі паміж «Франкфурцкай школай» і студэнцкім рухам выклікаў сапраўдную сенсацыю. Цікава, што ўжо ў тым выданні аўтар выкарыстаў падзагаловак «Ад бутэлечнай пошты да кактэйля Молатава».
Новы твор – парнае выданне да кнігі „Die blinden Flecken der RAF“ («Сляпыя зоны Фракцыі Чырвоная Армія»), што выйшла ў свет на год раней. У ёй паняцце «сляпая зона» абазначае прытоенае паходжанне Фракцыі Чырвоная Армія, якое раскрываецца ўжо загалоўкам першага раздзела – «1968 год і пачаткі левага тэрарызму». У адным месцы Краўсхар паведамляе пра тое, што пры пераходзе ад руху 68-га да ўзброенай барацьбы дзейнічалі дзве ключавых фігуры – Рудзі Дучке і Дзітэр Кунцэльман, якія належалі да самых важных асобаў антыаўтарытарнага руху. Гэты пераход відавочна адначасова цікавіць і непакоіць аўтара.
У новай кнізе пра рух 68-га паняцце «сляпой зоны» акрэслена трохі дакладней: тут яно азначае ўжо не адну толькі захаваную ўзаемасувязь, а хутчэй тыя аспекты, якія дасюль не ўсплывалі ў літаратуры па тэме 68-га года ці яшчэ не атрымалі належнай ацэнкі. Так гэтая кніга звяртаецца да «рамантыкі» руху, ролі лёгкай музыкі, метамарфозаў крытыкі антысемітызму і новага адкрыцця Вальтэра Бэн'яміна. Кожная з названых тэм заслугоўвала б, безумоўна, асобнай кнігі. А яшчэ зноў і зноў узнікае пытанне гвалту, якое то застаецца недзе на заднім плане, то вырываецца на паверхню. Пра гэтае пытанне ўдзельнікі руху дыскутавалі ўжо і раней у розных аспектах: ці могуць бунты абыходзіцца без гвалту, ці адрозніваюцца актыўны і рэактыўны гвалт і г. д. Краўс гаворыць пра паступовую эскалацыю гвалту, у якой, на яго думку, сыгралі ролю самыя розныя фактары – у прыватнасці, актыўнасць камун; тут прыводзіцца нават фрагмент з «Рэпрэсіўнай талерантнасці» Герберта Маркузэ. Адначасова ўдзельнікі руху і многія гісторыкі сцвярджаюць, што студэнцкі рух быў далёка не гамагенны, ён складваўся хутчэй з шэрагу вельмі адрозных паміж сабою асяродкаў. І што гвалт маніфеставаўся толькі ў адным з гэтых асяродкаў, ды і ў ім «толькі» на перыферыі. Мы нецярпліва чакаем дыскусій.
 

Wolfgang Kraushaar (Вольфганг Краўсхар)
Die blinden Flecken der 68er-Bewegung (Сляпыя зоны руху 68-га года)
Klett-Cotta, Stuttgart, 2018 ((Выдавецтва Клет-Кота Фэрлаг, Штутгарт, 2018 г.)
ISBN: 978-3-608-98141-4
521 старонка