Наэмі Кіш раіць АРХІПЕЛАГ

Archipel - Inga Maria Mahlke © Rowohlt Узяўшы ў рукі кнігу, чытачы – як жанчыны, так і мужчыны – на дзіва часта тужаць па нейкім таямнічым востраве. Я наўрад ці ведаю хоць аднаго аўтара, які б за сваё жыццё не напісаў прынамсі апавядання пра востраў. Але наколькі ні ўдзячная гэтая задача, настолькі ж цяжкая яна з пункту гледжання пісьменніцкай фантазіі. Што новага можна яшчэ сказаць пра ізаляванае жыццё на востраве? Чым свет нейкага апанаванага нямецкімі турыстамі іспанскага вострава (у дадзеным выпадку Тэнэрыфэ) можа выклікаць цікавасць? У рамане Інгер-Марыі Мальке, за які аўтарка нядаўна атрымала Нямецкую кніжную прэмію, гэты турыстычны рай выступае толькі як фон. Праблемы знаходзяцца ў глыбіні, у парослых прыгожымі вясновымі кветкамі і абмываных бірузовай марской вадою нябачных месцах, у паўсядзённасці жыцця тутэйшых сем'яў і ў мінулым сямейнікаў. За фантастычным прывабным пейзажам хаваюцца дробныя здарэнні і руплівая дакладная ілюстрацыя чалавечых стасункаў; з усяго гэтага разгортваецца вялікі твор, і менавіта гэтым кніга настолькі захапляе мяне.  
Інгер-Марыя Мальке нарадзілася ў Гамбургу, мае юрыдычную адукацыю, у дзяцінстве на канікулах жыла на Тэнэрыфэ, адкуль родам яе маці. Таму Мальке добра ведае месца адпачынку нямецкай «упарадкаванай» буржуазіі, якая сутыкаецца тут з іспанскай каланіяльнай ментальнасцю. «Архіпелаг» апавядае пра роўна сто гадоў жыцця трох сем'яў. На іх прыкладзе чытач знаёміцца з паўсядзённым жыццём і падрабязным, прасякнутым трагедыямі  мінулым трох розных грамадскіх пластоў. Кампазіцыя рамана сапраўды віртуозная! У яго дзеі безліч захапляльных паваротаў. Ужо ў пачатку кнігі даведваешся, што Архіпелаг – гэта назва неіснуючага вострава, які павінен некалі ўзнікнуць. Месца без мінулага, без каранёў, дзе кожны можа быць шчаслівы. Толькі ж высвятляецца, што такога жаданага вострава няма нідзе, гэтак сама як не бывае і чалавечых адносін без мінулага і без каранёў. Гэты раман – сапраўдны шэдэўр апісання паўсядзённых сітуацый, дыялогаў і чалавечых стасункаў. Яго раздзелы нагадваюць кінаэцюды: асобныя часткі знаёмяць з жыццём (заганнага) персанажа, потым ідзе ясны мантажны пераход, а ў наступным раздзеле апынаешся ў зусім іншай сітуацыі. Ніколі не ведаеш, што здарыцца, хто ў што ўблытаецца, і ў дыялогах паміж персанажамі таксама увесь час назіраюцца новыя павароты, што характэрна для накірунку Новы раман. Я не заўсёды магу захапляцца ўзнагароджанымі кнігамі, а вось Інгер-Марыя Мальке атрымала Нямецкую кніжную прэмію 2018 г., на мой погляд,  абсалютна заслужана.
 

Inger-Maria Mahlke (Інгер-Марыя Мальке)
Archipel (Архіпелаг)
Rowohlt, Hamburg, 2018 (Выдавецтва Ровальт, Гамбург, 2018 г.)
ISBN: 3498042246
432 старонкі