Ціна Штранкар раіць НЯМЕЦКІ ДОМ

Deutsches Haus - Annette Hess © Ullstein Verlag Раман  «Нямецкі дом» – дэбют Анэты Гэс, да гэтага часу вядомай найперш як аўтар сцэнарыя паспяховага і любімага тэлесерыялу „Weißensee“ («Вайсэнзэ»), які паказвае жыццё ў Германскай Дэмакратычнай Рэспубліцы ў 1980-я гады. У рамане Гэс таксама звяртаецца да нямецкай пасляваеннай гісторыі, тут – да шасцідзесятых гадоў у Заходняй Германіі, пра якія пераважна маўчалі, захоўваючы (сямейныя) таямніцы.
Маладая перакладчыца Эва Брунс з польскай мовы, не прадчуваючы нічога кепскага, прымае прапанову перакладаць на судовым працэсе, які, па словах заказчыка, будзе доўжыцца некалькі тыдняў. Яе сям'я, гаспадары гасцініцы „Deutsches Haus“ («Нямецкі дом»), і заможны жаніх Эвы катэгарычна супраць гэтай працы, але дзяўчына ўсё роўна бярэцца за яе. У час працэсу праз паказанні скаржнікаў, сведкаў і  абвінавачванага яна сутыкаецца з самай цёмнай старонкай нямецкага мінулага, пра якую тады не гаварылі ні ў публічнасці, ні ў сямейным коле. Да таго ж яна натрапляе на след мноства невысветленых падрабязнасцей мінулага ўласнай сям'і. Дзе гэта яна навучылася гаварыць па-польску? Як так атрымалася, што польскія лічбы яна ведала раней, чым навучылася лічыць па-нямецку? І чаму адзін дом, які яна ўбачыла на здымку сярод доказных матэрыялаў, ёй падаецца такім знаёмым?
Узрушальны раман пра нямецкую віну і яе тлумачэнне ў пасляваенны час, але і пра маладую эмансіпаваную сучасную жанчыну, якая дзеля магчымасці ісці ўласнай дарогай ставіць на карту нават шлюб з багатым партнёрам і стасункі з уласнай сям'ёю.
 

Annette Hess (Анэта Гэс)
Deutsches Haus (Рямецкі дом)
Ullstein Verlag, 2018 (Выдавецтва Ульштайн Фэрлаг, 2018 г.)
ISBN: 978-3550050244
368 старонак