Ціна Штранкар раіць
Аўтаномія і вызваленне

Autonomie und Befreiung. Studien zu Hegel © Christoph Menke Гэтая кніга – пяты том серыі «Аналітычны Нямецкі Ідэалізм», якую выдаюць Джэймс Конант і Андрэа Керн. Таму можна было б падумаць, што змешчаныя ў ёй артыкулы  прысвечаны гегелеўскаму рэнесансу, што ўзнік у канцы мінулага стагоддзя ў межах аналітычнай філасофіі. Але гэта не так. Кніга амаль не ўтрымлівае спасылак на адпаведных аўтараў (з іх кола згадваюцца толькі Тэры Пінкард і Роберт Б. Піпін). У тэматычным аспекце кніга ўяўляе сабою спробу рэканструяваць з абачлівай грунтоўнасцю гегелеўскае паняцце вызвалення. У трэцяй частцы «Энцыклапедыі», § 382, Гегель піша: "Сапраўдная свабода не ёсць нешта непасрэдна існае ў духу, яна  ёсць нешта такое, што яшчэ толькі павінна быць народжана яго дзейнасцю». Такім чынам, тэорыя вызвалення -- гэта, уласна кажучы, тэорыя свабоды. Паводле галоўнага тэзісу кнігі Крыстафа Менкэ тэорыя свабоды можа быць распрацаваная толькі як канцэпцыя вызвалення, «таму што быццё свабоды заключаецца ў працэсе яе ўсталявання, ва ўсталяванні яе самой сабою, у працэсе сама-спараджэння, які пачынаецца ў несвабодзе і ажыццяўляецца процілежна ёй». Прадстаўляючы гэтую канцэпцыю, Менкэ ўпэўнена і часта падкрэслена смела карыстаецца  дыялектычным метадам Гегеля, прычым зноў і зноў уводзіць у аналіз і новыя паняцці – напрыклад, «другая натура» і «ўтварэнне».
З упэўненасцю можна канстатаваць, што тэарэтычную аснову кнігі стварае традыцыя Франкфурцкай школы (сам Менкэ з 2009 года з'яўляецца прафесарам Франкфурцкага ўніверсітэту).  Ужо яе падзагаловак адсылае да Адорна, які даў невялікай кніжцы, выдадзенай у першай палове шасцідзесятых гадоў, загаловак «Тры даследаванні пра Гегеля».  У адным з найбольш важных месцаў кнігі Менкэ цытуе, акрамя таго, тэзіс пра цесную супольнасць свабоды і несвабоды, запазычаны з універсітэцкай лекцыі, якую Адорна чытаў у 1965 годзе. Зыходзячы з праграмы, прадстаўленай Адорна ў сярэдзіне шасцідзесятых гадоў, Менкэ, як здаецца, мае намер раскрыць значэнне філасофскіх тэрмінаў, прычым першаснае значэнне ён надае свабодзе (і вызваленню). Вызваленне мяняе грамадства, але яно рэалізуецца ў сферы пастаяннага паўтарэння, і таму пабудаваць «царства свабоды» немагчыма. І з гэтай прычыны нельга было пераходзіць да праграмы стварэння самастойных грамадска-тэарэтычных (арыентаваных на сацыялагізацыю) канцэпцый, як гэта зраблі Юрген Хабермас і Аксэль Гонэт. Адначасова канцэпцыя Менкэ латэнтна палемізуе са зместам даклада Гонэта («Тры, не два паняцці свабоды»), які Гонэт чытаў, між іншым, і ў Інстытуце  імя Гётэ ў Будапешце ў чэрвені 2015 г. У ім Гонэт прапанаваў увесці ва ўжытак паняцце «камунікатыўная свабода». А гэта, на думку Менкэ, уяўляе сабою тупік.
Suhrkamp Verlag

Christoph Menke (Крыстаф Менкэ)
Autonomie und Befreiung. Studien zu Hegel (Аўтаномія і вызваленне. Даследаванні пра Гегеля)
Suhrkamp Verlag, Berlin, 2018 (Выдавецтва Suhrkamp, Берлін, 2018 г.)
ISNB 978-3-518-29866-4
215 старонак

Электронную кнігу можна атрымаць на абумоўлены час праз анлайн-абанемент Onleihe  Інстытута імя Гётэ

Заўвага перакладчыка на нямецкую мову: Цытата з Гегеля прыводзіцца паводле інтэрнэт-рэсурсу:

www.archiv-swv.de