Дэніс Ганаўз рэкамендуе
Майсей і Гамер

Moses und Homer © De Gruyter Verlag Жахліва цудоўна! Так мне падумалася, калі я чытаў новую манаграфію Бэрнда Вітэ пра ўзаемадзеянне старажытна-грэчаскай і габрэйскай культур ў нямецкай філасофіі Асветніцтва ў XVIII і XIX стагоддзях. Аўтар разглядае ролю мастацкага дыскурсу ў пазнейшай расісцкай і нацыянал-сацыялісцкай ідэалогіі, калі захапленне старажытна-грэчаскім мастацтвам дапамагала знішчаць жыцці габрэяў у жаху Галакоста.
У пачатку даследавання аўтар апісвае свабоду (інтэлектуальную і фізічную) нямецкага інтэлектуала, гомасексуаліста і знаўцы старажытнагрэчаскай літаратуры Ягана Яахіма Вінкельмана. Для яго старажытнагрэчаская скульптура была ўвасабленнем абсалютнай прыгажосці. У той час, калі культура еўрапейскіх габрэяў робіць прарыў у нямецкую інтэлектуальную прастору, Вінкельман спадзяецца, што вербальнае вызначэнне сувязі паміж культурамі праз вобразы Майсея і Гамера вызваліць еўрапейца XVIII стагоддзя ад ягонай ідэалагічнай абмежаванасці і ўмацуе сувязь з эпохай высакародных герояў з эпічных паэм Гамера.
З творамі Шылера пра эстэтыку і гётэўскімі панегірыкамі Гамеру ў нямецкую літаратурную традыцыю ўвайшла новая палітычная ідэя –  нацыяналізм як заснаванне культурнай дамінантнасці  і іерархій. У новай структуры бачання – паняцці нямецкага народа – адрадзілася старая антыгабрэйская традыцыя, якая ў класічных веймарскіх тэкстах, трактатах Фіхтэ і Вагнера спалучалася з новай інтэрпрэтацыяй. Старажытнагрэчаскі фізічны ідэал гларыфікацыі Спарты стаў тлумачэннем таго,  чаму нямецкія габрэі не былі прыгожымі і чаму яны маглі стварыць нацыянальную дзяржаву. Таму  – sic! – іх трэба было называць вартымі жалю, падазронымі і ў прынцыпе чужымі. На дапамогу паспяшаўся і сацыяльны дарвінізм XIX стагоддзя, і такім чынам усталяванне іерархіі перарасло ў масавае знішчэнне. Прыгажосць знаходзілі ўжо ў пагардзе да чалавека іншага кшталту, а потым і яго знішчэнні -- забіць, каб быць прыгожым. Ва ўяўленнях шанавальнікаў антычнай Грэцыі нямецкі народ стаў выбраным народам, спадкаемцам старажытных грэкаў.
Бэрнд Вітэ прадстаўляе ў сваёй кнізе новую версію пытання, якое цікавіць нас да сённяшняга дня: як у неакласіцыстычнай ментальнай прасторы, у асветніцкай Германіі XVIII стагоддзя можна было ўтойваць элементы нянавісці і знішчэння, з якіх нацыянал-сацыялісцкі рэжым зладзіў свой пачварны, але шмат для каго прывабны смертаносны механізм.
De Gruyter Verlag

Bernd Witte (Бэрнд Вітэ)
Moses und Homer. Griechen, Juden, Deutsche: Eine andere Geschichte der deutschen Kultur(Майсей і Гамер. Грэкі, габрэі, немцы: іншая гісторыя нямецкай культуры)
De Gruyter, Berlin, 2018 (Выдавецтва De Gruyter, Берлін, 2018 г.)
ISBN 978-3-11-056217-0
384 старонак