Дэніс Ганаўс раіць
З прычыны недахопу доказаў

Aus Mangel an Beweisen © Wunderhorn, Heidelberg, 2018 Чытаць паэзію не мае сэнсу. Чаму? Таму што немагчыма ўвайсці ў напоўненую сэнсам прастору аўтара – той так і будзе схаваны ад гарою аскепкаў індывідуальнага свету. Паэзія дазваляе толькі заглянуць праз акно, аднак яна застаецца ў «люстэрку задняга віду», у прасторы немагчымай сустрэчы. Вы шукаеце сэнс? Не чытайце сучасную паэзію, таму што яна нічога не тлумачыць, не заклікае, не выносіць прысуд. Чытайце яе, каб убачыць ў акне сябе. Урбаністычная версія нарцысызму на адкрытым полі свабоды – вось што такое для мяне сучасная нямецкая паэзія.
Чытаючы гэтую паэтычную выбарку адчуваеш адчужэнне, якое прымае розныя формы. Распад вершаванага памеру і яго «рэшткі», якія рэдка сустракаюцца, пазнаюцца на фоне новай барочнай эстэтыкі, дзе сама форма ёсць аб'ектам нерэгулярнай формы (С. Корнапэль, К. Шлоер).
Дзе знаходзіцца сучасная нямецкая муза? Урбаністычнае асяроддзе, адзіная прырода постмадэрнісцкага жыхара горада, распалася на маленькія адзіноты -- незаўважныя жыцці вязняў вялікага горада, якіх розныя аўтары спрабуюць адкрыць нанова, узіраючыся ў дысплэі сваіх мабільнікаў. Паэт адкрывае птушак, захапляецца пчоламі і мёдам, яшчэ не схаваным у пластыкавы слоік (М. Рынк), або сустракае анёла на лузе, які цудатворным хлебам не падпускае смерць да старых людзей (Ё. Кюн).
Немагчыма разважаць пра ўсіх 180 прадстаўленых у анталогіі аўтараў. Падумайце самі: няма сэнсу чытаць паэзію як тлумачальны слоўнік пра тое, што адбывалася ў душы паэта – следства давялося б спыніць з прычыны адсутнасці доказаў. Сабраная ў анталогіі паэзія стварае суб'ектыўны дух часу, які ў стомленасці постмадэрнізму нічога больш не дэканструктуе, таму што яго атачаюць адны толькі прадукты дэканструкцыі: абыякавасць, іронія з іроніі, плоскасці раздробленасці, якія сведчаць толькі пра тое, што смерць постмадэрнізма – усяго толькі чутка. Ён паглынае самога сябе і жыве абсалютнай свабодай формаў і тэм, але ставіць перад чытачамі схаваную і цяжкую задачу – вытрымаць татальную фрагментацыю, захаваць яе і ўзяць удзел у ёй. Паспрабуйце прачытаць у чужых тэкстах саміх сябе. Яны напэўна пакажуць на вас.
Wunderhorn Verlag

Michael Braun, Hans Thill (Hrsg.) (Міхаэль Браўн, Ганс Тыль /укладальн./)
Aus Mangel an Beweisen. Deutsche Lyrik 2008–2018 (З прычыны недахопу доказаў. Нямецкая паэзія 2005 – 2018 гг.)
Wunderhorn, Heidelberg, 2018 (Выдавецтва Вундэргорн, 2018 г.)
ISBN 978-3-88423-601-7
240 старонак

Рэцэнзіі ў нямецкіх СМІ:
 
Die Rheinpfalz
Fixpoetry